Грамадства

«Праляцела шмат розных думак». Рыбак расказаў, як да яго ў эфір уварваўся лось

Рыбак спакойна сядзеў на рацэ Мухавец у Брэсце, здымаў сваю ціхую рыбалку ў жывым эфіры, як раптам у ягоны бок выбег лось. Жывёліна кінулася ў раку за некалькі метраў ад рыбалова і паплыла праз раку. Гэта ўсё адбылося ў жывым эфіры, таму відэа разляцелася па інтэрнэце і вельмі павесяліла гледачоў самой нечаканасцю сітуацыі. Выданне «Першы» пагаварыла з аўтарам відэа, тым самым рыбаком.

Скрыншот з відэа

Сяргею Зубко з Пружан 39 гадоў, у вольны час захапляецца рыбалкай. Наогул у яго шмат цікавых захапленняў.

Сяргей Зубко

«Захапляўся нумізматыкай, фатаграфаваў дзяўчат, падарожнічаў па Еўропе. Але ў выніку спыніўся толькі на рыбалцы, якой захапляюся з самага дзяцінства. Люблю прыроду, цішыню, паклёўкі», — кажа Сяргей.

Пагаварылі з ім пра сустрэчу з ласём, бо яна выклікала масу пацешных каментароў тыпу: «Калі б на мяне так бег лось, я б адкрыў маленькі цагляны завод».

— Раскажыце, як гэта было, наколькі выклікала эмоцыі нечаканая сустрэча з ласем. Ён хоць у выніку да берага даплыў?

— Як звычайна, сустракаемся з сябрамі і выбіраемся на рыбалку. Гэтым разам вырашылі прагуляцца па рацэ Мухавец у самім горадзе Брэсце. Канкрэтнае месца выбралі выпадкова, гэта стары порт каля парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Расчахлілі снасці, я ўключыў жывы эфір у тыктоку і мы пачалі лавіць рыбу. Дзесьці праз гадзіну пошукаў акуня Андрэй Паўлючык, мой сябар, крычыць, што ззаду бяжыць лось…

Калі я накіраваў на лася камеру, у нейкае імгненне мне здалося, што ён кінецца на мяне. Як ні дзіўна, але за гэтую секунду праляцела шмат розных думак, і я зразумеў, што трэба падрыхтавацца скакаць у ваду, балазе бераг абрывісты і ёсць шанец, што ён мяне пераскочыць. Уцякаць ад яго не варыянт, была думка, што гэтымі ўцёкамі я мог яго справакаваць на атаку. Гэта ўсё адбывалася прыкладна за 5‑7 метраў ад мяне…

Усё адбывалася так хутка, што я не паспеў спалохацца, эмоцыі перапаўнялі. Гэта потым, калі пераглядаў эфір дома, я зразумеў, як мне пашанцавала… А лось шчасліва даплыў да супрацьлеглага берага!

— Яшчэ каментатары ў інтэрнэце былі вельмі здзіўленыя, што падчас здымкі таго відэа з ласём вы, нягледзячы на шок, зусім не выкарыстоўвалі нецэнзурнай лексікі. Раскажыце, як змаглі ўтрымацца ад моцнага слоўца?

— Адносна нецэнзуршчыны, то тут усё вельмі проста, у нас у сям'і не лаюцца матам і мне сорамна прамаўляць гэтыя словы. Інакш кажучы, не валодаю мастацтвам мацерных выказванняў.

Сяргей Зубко

— І чым скончылася ваша рыбалка, рыба хоць якая трапілася, ці лось разагнаў?

— Мы перавялі дух і працягнулі пошукі актыўнага акуня. Мы ловім на спінінг, таму на месцы не стаім. У гэтым і хараство спінінгавай лоўлі, пастаянна трэба перасоўвацца па вадаёме.

— Рыбалка здаецца настолькі мірным заняткам, што гэты лось нешта падобнае да падаючага метэарыта. А ці здараліся з вамі на рыбалцы іншыя цікавыя, казусныя сітуацыі?

— Наогул на рыбалцы дзікія жывёлы сустракаюцца часта: бабры, лісы, ласі, казулі. Але, як правіла, гэта ўсё адбывалася на бяспечнай адлегласці. Гэты выпадак здзівіў тым, што ўсё гэта адбывалася побач з намі.

Быў адзін пацешны выпадак, калі пасля рыбалкі я збіраў лодку, а рыбу пакінуў на беразе. І пакуль я збіраўся, падбегла ліса і стала красці маю рыбу.

Сустрэча па дарозе з рыбалкі

— У сваіх сацсетках вы публікуеце відэа, на якіх здымаеце прыгажосць прыроды, сваю рыбалку. І пры гэтым паказваеце, як адпускаеце рыбу. Вы зусім не бераце рыбу, ці адпускаеце толькі некаторую?

— Я не проста рыбалоў, а рыбалоў-спартовец. У нас у спорце мы актыўна прапагандуем прынцып «злавіў — адпусці». Вядома, я забіраю рыбу, але даволі рэдка і ў меру. Мне ў рыбалцы больш падабаецца сам працэс лоўлі, а злавіць рыбу і прывезці дадому — я думаю пра гэта ў апошнюю чаргу.

Акрамя рыбалкі я актыўна ўдзельнічаю ў развіцці рыбалоўнага спорту. Праводзім турніры, стараемся прыцягваць больш моладзь. Уласна, менавіта гэтая прычына мяне падштурхнула праводзіць жывыя эфіры, дзе я магу падзяліцца вопытам, расказаць пра рыбалоўны спорт і прыцягнуць спонсараў на спаборніцтвы.

— Раскажыце пра вашы трафеі, ёсць чым здзівіць? Што цікавага лавілі, і што вам падабаецца лавіць?

— На жаль трафеямі асабліва пахваліцца не магу, самая буйная мая рыбіна — гэта судак на 4 кілаграмы 860 грамаў. Больш за ўсё люблю лавіць судака і акуня.

Трафейны судак Сяргея Зубко

— Якія парады вы далі б маладому чалавеку, які хоча заняцца рыбалкай, але не ведае з чаго пачаць?

— У сацсетках можна знайсці спартыўныя рыбалоўныя групы. Спартсмены часта праводзяць турніры, майстар-класы, сумесныя вылазкі на рыбалкі. Можна скааперавацца, там усё пакажуць і раскажуць, і чалавек зможа выбраць, які від лоўлі (спінінг, фідар, паплавок) яму больш па душы.

— Ваша меркаванне пра заканадаўства аб рыбалцы. Ці трэба нешта палепшыць, на ваш погляд?

— У першую чаргу хацелася б вярнуць забарону на лоўлю «тэлевізарамі». Гэта такія экраны з сеткі. Ну і, напэўна, павялічыць штат інспектараў па ахове навакольнага асяроддзя.

Каментары

Цяпер чытаюць

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны10

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр абароны Ізраіля: Палесцінскай дзяржавы ніколі не будзе10

«Не можам трапіць у Беларусь». Утварылася чарга на латвійскай мяжы, аўтобусы стаяць з вечара4

На вайне загінуў польскі паліцэйскі, які ваяваў на баку Расіі5

«Ты села ў турму і не падумала пра мяне». Ларыса Шчыракова пра пачуццё віны перад сынам4

Кіраўнік БРСМ стаў галоўным ідэолагам Мінска4

Будаўніцтва метро ў Шабаны палічылі немэтазгодным?

Сталі вядомыя новыя дэталі ў маштабнай справе арганізатараў канцэртаў5

Пашырэнне метро, знос старой забудовы. Падвялі вынікі абмеркавання новай рэдакцыі генплана Мінска1

Кожны шосты нафтавы танкер у свеце належыць да расійскага «ценявога флоту»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны10

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць