«Цярпенне — найлепшая зброя пераможаных». Конрад Адэнаўэр, або Палітыкі якога тыпу патрэбныя пасля дыктатуры
Калі скончылася вайна, яму было ўжо 69 гадоў і ён даўно адышоў ад палітыкі. Яго родны Кёльн, якім ён даўней доўга кіраваў, разбомблены ляжаў у руінах. Але ў яго было некалькі пераваг: ён быў дасведчаным і вельмі цярплівым палітыкам, а галоўнае — не запляміў сябе ў часы дыктатуры. На схіле гадоў ён пагадзіўся супрацоўнічаць з акупацыйнымі сіламі, каб зрабіць немагчымае — вярнуць Германію ў лік паважаных і квітнеючых дзяржаў Еўропы.

Мы звыкліся да таго, што чалавек, які супрацоўнічае з акупацыйнай адміністрацыяй — здраднік-калабарацыяніст. Але калі да акупацыі ў тваёй краіне панаваў бесчалавечны рэжым, то ці здрада гэта сваёй Радзіме? Адэнаўэр, як і раней не раз у жыцці, выбраў не паказное геройства, а стаў рабіць тое, што ён умеў найлепш.
«Кароль Рэйна»
Конрад Адэнаўэр, народжаны ў 1876 годзе ў беднай сям’і кёльнскага чыноўніка, мог і не дажыць да канца Другой сусветнай вайны. Яшчэ ў дзяцінстве ён меў праблемы з касцямі, а падлеткам захварэў на туберкулёз, які ў большасці выпадкаў быў смяротным прысудам. Бацька хацеў, каб яго сыны адвучыліся ва ўніверсітэце, але грошай бракавала нават на звычайную гімназію. Конрад пасля гімназіі быў пайшоў на стажыроўку, каб атрымаць нейкую прыстойную прафесію, але бацьку нейкім цудам удалося здабыць для яго стыпендыю, і ён паступіў ва ўніверсітэт, дзе вывучаў права.
Ва ўніверсітэце ён далучыўся да каталіцкай студэнцкай карпарацыі. Пасля вучобы праходзіў стажыроўку ў судах, пасля працаваў памочнікам суддзі, але асаблівых поспехаў у юрыспрудэнцыі не дасягнуў. У 1906 годзе, высунуты каталіцкай Партыяй цэнтра, 30‑гадовы Конрад Адэнаўэр быў абраны на пасаду члена гарадской адміністрацыі Кёльна, а пасля намеснікам обер-бургамістра. З пераходам у ратушу Кёльна, дзе пачалася яго палітычная кар’ера, Адэнаўэр змог па-сапраўднаму раскрыць свае здольнасці.

Першым сапраўдным выклікам у яго палітычнай кар’еры стала вырашэнне ў час Першай сусветнай вайны пытання дэфіцыту прадуктаў харчавання, выкліканага марской блакадай з боку Вялікабрытаніі. Адэнаўэр загадзя пачаў ствараць запасы і ўвёў у рацыён тапінамбур замест бульбы, якая не ўрадзіла ў 1916 годзе, прыдумаў уласныя рэцэпты «кёльнскага хлеба» з рысавай і кукурузнай мукі і «кёльнскай каўбасы» з выкарыстаннем соевай мукі. Гэта дазволіла змякчыць наступствы голаду ў зіму, якая атрымала назву «бручкавай», бо замест хлеба многія перабылі на адной бручцы.
Ужо ў наступным 1917 годзе гарадская рада аднагалосна выбрала Конрада Адэнаўэра обер-бургамістрам Кёльна на 12 гадоў. Прычым ён стаў самым маладым кіраўніком горада ў гісторыі.

Пасля вайны ён быў членам ландтага Рэйнскай правінцыі, а пасля і старшынёй дзяржаўнай рады Прусіі на працягу ўсяго яе існавання. Рэйнец Адэнаўэр жорстка крытыкаваў Прусію, якая падпарадкавала сабе Германію і чый агрэсіўны мілітарызм прывёў да вялікай вайны. Ён спрыяў стварэнню аўтаноміі роднай прамыслова развітай Рэйнскай вобласці ад Прусіі, але не падтрымаў моцныя незалежніцкія настроі суайчыннікаў, выступіўшы за адзінства Германіі, хоць яго і вінавацілі ў спачуванні сепаратыстам.
У міжваенны перыяд Конрад Адэнаўэр дасягнуў значных поспехаў як гарадскі кіраўнік і палітык. У Кёльне ў часы яго кіравання былі адкрытыя ўніверсітэт, выставачны цэнтр, музычная акадэмія, вытворчыя школы (пасля таго, як яму не ўдалося прыцягнуць у горад мастацкую школу «баўхаўс»).

Адэнаўэр паспрыяў будаўніцтву ўнікальнага на той час Мюльгаймскага моста, а ў 1932 годзе адкрыў першы ў Германіі аўтабан, які звязаў Кёльн з Бонам. Ён таксама здолеў прыцягнуць у горад інвестыцыі і пераканаў кампанію Ford збудаваць у Кёльне вялікі аўтазавод. Палітык уваходзіў у назіральныя рады буйных нямецкіх кампаній і меў значны ўплыў на эканамічнае жыццё краіны.

Магутнага Адэнаўэра, якога празвалі «канцлерам Захаду» і «каралём Рэйна», неаднаразова — у 1921, 1926 і 1928 гадах — разглядалі як кандыдата на пасаду рэйхсканцлера. Але сам Адэнаўэр не вельмі хацеў разменьваць сваю надзейную і прыбытковую пасаду ў Кёльне на хісткую пасаду канцлера ў Берліне.
Канфлікт з нацыстамі

З 1930 года нацыянал-сацыялісты набіралі сілу па ўсёй Германіі. У 1931 годзе яны ўначы вывесілі сцягі са свастыкай на кёльнскіх мастах. Обер-бургамістр Адэнаўэр неадкладна загадаў зняць гэтыя сцягі, падкрэсліўшы, што флагштокі з’яўляюцца ўласнасцю горада. Праз гэтую прынцыповасць СА (штурмавыя атрады) нават публічна пачалі збіраць грошы «на кулю для Адэнаўэра».
Даваенная палітычная кар'ера Адэнаўэра завяршылася амаль адразу пасля прыходу да ўлады Адольфа Гітлера. Лідар нацыстаў, толькі прызначаны на пасаду рэйхсканцлера, прыбыў 17 лютага 1933 года ў Кёльн для ўдзелу ў перадвыбарчых мерапрыемствах. Адэнаўэр адмовіўся яго вітаць у аэрапорце і сустракацца ўвогуле.

У сакавіку 1933 года партыя Цэнтра, да якой належаў Адэнаўэр, пацярпела паражэнне на муніцыпальных выбарах у Кёльне. Нацысты незаконна — бо пасада обер-бургамістра ўвогуле не была звязаная з гэтым выбарамі — адхілілі Адэнаўэра.
13 сакавіка раніцай групоўкі НСДАП у вайсковай форме падышлі да Кёльнскай ратушы і з лозунгамі «Адэнаўэра — да сценкі» запатрабавалі яго адстаўкі. Адзін з кіраўнікоў НСДАП у найлепшых традыцыях «не да законаў» абвясціў Адэнаўэра знятым і прызначыў часовым обер-бургамістрам нацыста.
Адэнаўэр выехаў у Берлін, дзе знайшоў прытулак у сваёй службовай кватэры пад паліцэйскай аховай, праз два дамы ад дома Гёрынга.
Гісторыя выгнання з Кёльна пасля будзе доўга балець палітыку, бо ніхто з кёльнцаў публічна не выступіў супраць яго адстаўкі.
Нямецкі пенсіянер

Нават як прыватная асоба разам з сям’ёй Адэнаўэр не адчуваў сябе ў бяспецы. Ён звярнуўся па дапамогу да былога школьнага сябра, абата Лаахскага абацтва, які даў яму прытулак у кляштары. У красавіку 1933 года Адэнаўэр разам з сям’ёй змог пасяліцца ў доме ў Патсдаме.
У чэрвені 1934 года па загадзе Гітлера ў «Ноч доўгіх нажоў» былі забітыя на ўласнай віле пад Патсдамам былы рэйхсканцлер Курт фон Шляйхер і яго жонка. Так здарылася, што Адэнаўэры тады жылі ў суседняй са Шляйхерамі дачы. Адэнаўэра ў тую ноч забралі ў гестапа, але праз нейкі час адпусцілі. Можна сабе ўявіць, што адчувалі тады такія людзі, як Адэнаўэр. Яшчэ нядаўна ты быў паважаным, уплывовым чалавекам, а цяпер твой лёс больш ад цябе не залежыць.

Адэнаўэр вымушаны быў ратаваць жыццё і напісаў ліст на адзінаццаці старонках, у якім апісваў свае заслугі перад Германіяй і нацыянал-сацыялісцкім рухам у тым ліку. Дзякуючы гэтаму ён атрымаў гадавую пенсію 10 000 рэйхсмарак, а з 1937 года нават 15 000. Акрамя таго, яму выплацілі кампенсацыю за канфіскацыю ягонай кёльнскай вілы. На гэтыя грошы ў 1935 годзе ён і купіў сабе ўчастак зямлі ў вёсцы Рэндорф пад Бонам, пабудаваў дом, у якім і пражыў рэшту жыцця. Да канца вайны Адэнаўэр вёў ціхае жыццё нямецкага пенсіянера.


Пасля няўдалага замаху на Гітлера 20 ліпеня 1944 года Адэнаўэра зноў арыштавалі і вывезлі ў канцлагер. Змоўшчыкі сапраўды спрабавалі прыцягнуць да ўдзелу Адэнаўэра, але той палічыў справу правальнай і адмовіўся. Тым не менш, удзельнікі змовы планавалі прызначыць яго кіраўніком Рэйнскай вобласці ў выпадку, калі пераварот будзе мець поспех.
У лістападзе сын Макс дамогся ў Галоўным упраўленні імперскай бяспекі вызвалення свайго бацькі. Конрад Адэнаўэр сустрэў канец Другой сусветнай вайны ў сваім доме ў Рэндорфе.
Супрацоўніцтва і канфлікт з акупантамі
Калі ў сакавіку 1945 года амерыканскія войскі занялі Рэйнскі рэгіён, яны атрымалі загад выйсці на сувязь з былым обер-бургамістрам Кёльна, Конрадам Адэнаўэрам, і зноў прызначыць яго на гэтую пасаду. Ён знаходзіўся ў іхнім «белым спісе» людзей, якія не былі заплямленыя супрацоўніцтвам з нацысцкім рэжымам. Конрад Адэнаўэр адмовіўся і абмежаваўся дарадчай роляй.

Саюзнікі яшчэ ў маі 1942 года здзейснілі масіраваную авіябамбардзіроўку Кёльна, а пасля рэгулярна рабілі на яго налёты да канца вайны, амаль знішчыўшы родны горад Адэнаўэра, у дабрабыт і развіццё якога ўклаў нямала ўласных сіл. Увесь горад ляжаў у руінах, канструкцыі ўнікальнага Мюльгаймскага моста ляжалі ў водах Рэйна. Над усімі разбурэннямі ўзвышалася толькі чорная грамада гатычнага Кёльнскага сабора, якая ацалелая дзякуючы таму, што служыла арыенцірам для брытанскіх бамбардзіроўшчыкаў.
Але Адэнаўэр, адмаўляючыся ад прапановы, найперш думаў не пра гэта, а пра сваіх сыноў, якія ў той час яшчэ знаходзіліся на фронце. Толькі 4 мая 1945 года ён ізноў прыняў пасаду обер-бургамістра.

Калі ў пачатку вайны ў 1939 годзе ў Кёльне жыло 768 тысяч чалавек, то ў 1945 годзе засталося ўсяго каля ста тысяч жыхароў. Штодня сюды вярталіся прыблізна па 1000 чалавек. Адэнаўэр лічыў сваімі галоўнымі задачамі палепшыць сітуацыю з прадуктамі, забяспечыць людзей жыллём і аднавіць гістарычны выгляд горада.
Калі адносіны з амерыканскай вайсковай адміністрацыяй былі досыць добрымі, то з прадстаўнікамі брытанскай акупацыйнай зоны, у якую ў чэрвені 1945 года быў уключаны Кёльн, яны рэзка пагоршалі. Пачаліся канфлікты.
Прычынай чарговага звальнення з пасады 6 кастрычніка 1945 года сталі пярэчанні Адэнаўэра наконт забароны раздаваць паліва насельніцтву, уведзенай брытанцамі. Адэнаўэру ставілі ў віну «няздольнасць» і «недахоп энергіі». Але, хутчэй за ўсё, прычына была ў тым, што нямецкі палітык падтрымліваў кантакты з прадстаўнікамі французскай вайсковай адміністрацыі.
Рэч у тым, што Рэйнская правінцыя была падзелена паміж рознымі акупацыйнымі зонамі. Паўночная — з Аахенам, Дзюсельдорфам і Кёльнам была пад кантролем брытанцаў, а паўднёвая, з Кобленцам і Трырам — пад французамі. Што рабіць з пераможанай Германіяй, яшчэ не было да канца ясна, былі праекты раздзелу яе на асобныя часткі і стварэння незалежных дзяржаў, а Адэнаўэр відавочна імкнуўся захаваць цэласнасць сваёй малой Радзімы і дзяржавы ў цэлым.
Пасляваенная няпэўнасць
Калі б не другое зняцце з пасады обер-бургамістра, Конрад Адэнаўэр, магчыма, ніколі б не стаў канцлерам. Замест гэтага ён шукаў новыя магчымасці для палітычнай актыўнасці. У хуткім часе ён узначаліў новаствораную партыю — Хрысціянска-дэмакратычны саюз, якая мела на мэце аб'яднаць нямецкіх каталікоў з пратэстантамі. Яму дапамаглі дасягнуць гэтага ягоны парламенцкі досвед часоў Веймарскай рэспублікі і вялікі аўтарытэт.

Яшчэ ў час вайны быў распрацаваны так званы «план Маргентау», які прадугледжваў падзел Германіі, перадачу прамысловых раёнаў пад міжнародны кантроль і ператварэнне Германіі ў аграрную крану, каб прадухіліць развязванне ёю Трэцяй сусветнай вайны. План у выніку так і не будзе зацверджаны, але ў пасляваенных акупацыйных зонах распачалі яго практычную рэалізацыю. На практыцы гэта азначала раздзел і разрабаванне Рэйнскай вобласці, найбольш прамыслова развітай часткі Германіі, чаго Адэнаўэр дапусціць не мог.
Не было б шчасця, ды няшчасце памагло. Здарылася Халодная вайна. Супрацьстаянне паміж заходнім светам і сацыялістычным лагерам пачалося ў 1946 годзе і тэрыторыя Германіі стала адной з найважнейшых яе арэн. У такіх умовах краіны Захаду вырашалі прыняць прынцыпова іншы план у дачыненне да Германіі — індустрыяльны план Маршала, а таксама пайсці на адраджэнне яе дзяржаўнасці. У 1947 годзе ЗША і Вялікабрытанія аб’ядналі свае зоны ў «Бізонію», пазней далучылася Францыя — атрымалася «Трызонія». Каб наладзіць гаспадарку, былі створаныя эканамічная рада і квазіпарламент.

У гэтыя гады Адэнаўэр умацаваў сваю ўладу ўнутры партыі і ў 1948 годзе стаў прэзідэнтам Парламенцкай рады, якая займалася падрыхтоўкай канстытуцыі будучай заходнегерманскай дзяржавы. Па-за межамі брытанскай зоны ён быў значна менш вядомы, чым лідары іншых палітычных партый, якія атрымлівалі пасады з сапраўднай уладай.
Але Адэнаўэр ператварыў сваю пасаду ў трыбуну, і пакуль іншыя працавалі ў ценю, ён стаў выглядаць у вачах грамадскасці і саюзнікаў як прадстаўнік немцаў. Адэнаўэр, па словах аднаго з яго палітычных канкурэнтаў, стаў «першым чалавекам будучай дзяржавы яшчэ да таго, як яна ўзнікла».

Існуе легенда, што менавіта Адэнаўэр настаяў на тым, каб новай сталіцай Германіі быў выбраны горад Бон — найбліжэйшы буйны горад да Рэндорфа, дзе жыў палітык. Гэта, вядома, перабольшанне, але яно добра ілюструе маштабы ўплыву Адэнаўэра на палітыку Германіі таго часу. Насамрэч адзіны канкурэнт за статус сталіцы, Франкфурт-на-Майне, быў моцна разбураны, а таксама там размяшчалася амерыканскае вайсковае кіраўніцтва, што перашкаджала б стварэнню незалежнага ўрадавага цэнтра. Гэта разам з падтрымкай брытанцаў і Адэнаўэра стала прычынай выбару Бона, які мала пацярпеў у вайну.
Канцлер
15 верасня 1949 года Бундэстаг абраў Адэнаўэра ў першым туры галасавання першым федэральным канцлерам Федэратыўнай Рэспублікі Германія з найменшай магчымай большасцю: 202 галасы з 402 прысутных дэпутатаў пры 142 «супраць». Вырашальным стаў голас самога Адэнаўэра, які прагаласаваў сам за сябе і тым зрабіў сябе першым пасляваенным федэральным канцлерам Германіі.
Гэта, дарэчы, добрая навука тым беларусам, якія дагэтуль не могуць звыкнуць да рознагалоссяў і здзіўляюцца канкурэнцыі ў тым ліку ўнутры нашага прадэмакратычнага, антыдыктатарскага лагера.

Пасля вайны Германія была літаральна «вынайдзеная наноў», не толькі праз адмаўленне старой, гітлераўскай, але і колішняй прускай ідэалогіі і мадэлі.
Германская імперыя ў ХІХ стагоддзі фарміравалася на аснове магутнай і тыранічнай Прусіі, вядомай сваім агрэсіўным мілітарызмам. Цяпер ядро прускай дзяржавы цалкам апынулася на савецкім баку, дзе частка яе была дэмантаваная і падзеленая паміж Польшчай і Савецкім Саюзам, а рэшта дасталася савецкай акупацыйнай зоне. ФРГ ж фарміравалася з цэнтрам у былой Рэйнскай правінцыі, якая была рэгіёнам з моцнымі аўтанамісцкімі і нават незалежніцкімі настроямі і ўзначальвалася Адэнаўэрам, якія яшчэ да вайны выступаў з рэзкімі антыпрускімі заявамі.
Новая германская дзяржава грунтавалася на новых ідэйных прынцыпах, што, магчыма, і вызначыла яе сённяшняе дэмакратычнае аблічча.
Адэнаўэр тройчы перавыбіраўся на пасаду канцлера пасля выбараў у Бундэстаг — у 1953, 1957 і 1961 гадах. І гэта таксама навука некаторым беларусам, якія выступаюць за «ратацыю дзеля ратацыі».
Творцы «нямецкага эканамічнага цуда»
Немцы пасля вайны былі нацыяй, да якой увесь свет ставіўся з пагардай, не бачыў нічога такога ў іхніх бедах і пакутах, а часам немцам увогуле адкрыта помсцілі.
Перад Германіяй ставілася патрабаванне правесці дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю і дэмакратызацыю. Але краіна ляжала ў руінах, не мела дыпламатычнай вагі і была абавязаная выплачваць кантрыбуцыі і рэпарацыі.

Усё магло скончыцца тым жа, чым скончылася пасля Першай сусветнай вайны, але яе вынікі многаму навучылі заходніх палітыкаў. ЗША мела намер укласціся ў Еўропу, каб яна не была жабрацкай, галоднай, разбуранай, каб там былі дэмакратыя і свабода, а не нейкая чарговая дыктатура.
Краіны Заходняй Еўропы прынялі амерыканскую дапамогу і гэта дапамагло ім пабудаваць дэмакратыі.
Безумоўна, план Маршала адыграў сваю станоўчую ролю і для Германіі, хоць яна атрымала адносна няшмат сродкаў у параўнанні з яе памерамі — яны складалі прыкладна 1,5 % ад яе ВУП. Але гэта быў псіхалагічна важны сімвал, што Германія пачала зноў успрымацца заходнім светам.
Куды больш эканоміцы ФРГ паспрыяла тое, што саюзнікі адракліся ранейшай ідэі дэмантаваць і падзяліць яе прамысловасць. Адэнаўэру ўдалося адстаяць 19 найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў. Захаваліся таксама ўсе прадпрыемствы ў Заходнім Берліне. Немцам дазволілі будаваць акіянічныя судны і рамантаваць замежныя караблі на буйных верфях у Гамбургу і Брэмене.

Адэнаўэр добра разумеў, да чаго трэба імкнуцца, каб забяспечыць стабільнасць, але не меў глыбокіх эканамічных ведаў, таму прыняў адзіна правільнае рашэнне: даверыўся спецыялісту — эканамісту Людвігу Эрхарду, які стаў бацькам «нямецкага эканамічага цуду». Ён правёў валютную рэформу, адпусціў цэны і стабілізаваў нямецкую марку. Падатковая палітыка спрыяла прадпрымальніцкай ініцыятыве, а адмена кантролю за цэнамі адразу ж ліквідавала чорны рынак. Рэформы суправаджаліся прыняццем пакета сацыяльных мер, бо толькі паляпшэнне ўзроўню жыцця магло паспрыяць аднаўленню эканомікі. Было ўведзена пенсійнае, медыцынскае страхаванне і страхаванне па беспрацоўі.
Ужо ў 1950 годзе, усяго праз 5 гадоў пасля вайны, ФРГ дасягнула даваеннага ўзроўню развіцця, у 1956 — падвоіла, а ў 1962 годзе — патроіла. Пры гэтым ва Усходняй Германіі, якая зведала меншыя разбурэнні і чые тэрыторыі да вайны былі багацейшыя за сярэдні ўзровень па краіне, сацыялістычная гаспадарка паказала нашмат горшыя вынікі.
Прымірэнне з суседзямі
Адэнаўэр лічыў, што толькі аб’яднанне Еўропы магло гарантаваць доўгатэрміновы мір і адстойваў гэтую ідэю, гнутка падыходзячы да любых працэсаў, якія маглі паспрыяць такой інтэграцыі. Але ён таксама разумеў, што паўнавартаснай дзяржавы без уласных узброеных сіл у прынцыпе быць не можа.
Для Адэнаўэра замежная палітыка і арыентацыя на заходнюю інтэграцыю былі вызначальным фактарам яго палітычнай стратэгіі. У 1951‑-1955 год ён, паралельна з пасадай федэральнага канцлера, займаў яшчэ пасаду міністра замежных спраў — унікальны выпадак у гісторыі Германіі — што дазваляла яму цалкам кантраляваць замежнапалітычныя працэсы.

Адэнаўэр прыклаў усе сілы для таго, каб прымірыцца з найбліжэйшымі суседзямі. У гэтым дапамагаў Савецкі Саюз — чым больш напружанымі станавіліся адносіны СССР з Захадам, тым лепш Захад ставіўся да новай Германіі.
Найперш стаяла пытанне ў наладжванні сувязяў з суседняй Францыяй, якая на працягу стагоддзяў была антаганістам Германіі і пасля апошняй вайны мела значныя тэрытарыяльныя і эканамічныя прэтэнзіі да яе. Праўда, Рэйнская вобласць, якая цяпер стала не толькі эканамічным, але і палітычным сэрцам Германіі, мела зусім іншыя адносіны з Францыяй.
Рэйнцы, у тым ліку Адэнаўэр, не мелі таго антаганізму да французаў, што мелі ў Берліне. Урэшце, менавіта падтрымкай Францыі карысталіся рэйнскія сепаратысты, які паднялі паўстанне і абвясцілі незалежную Рэйнскую рэспубліку ў 1923 годзе. Гэта дапамагло змякчыць адносіны паміж дзвюма краінамі і стала своеасаблівай асновай для новага курсу прымірэння.

Асноўным крокам у гэтым кірунку стала стварэнне ў 1951 годзе Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі. Для Адэнаўэра гэта была падвойная магчымасць: з аднаго боку — шчыльней уключыць ФРГ у заходні свет і атрымаць больш свабоды ў будучыні, з другога — ажывіць працэс збліжэння з Францыяй, які зайшоў у тупік.
Не менш важнай праблемай быў Саар, які Францыя спрабавала далучыць. Але Адэнаўэр спакойна прапанаваў правесці плебісцыт. Ён быў праведзены, калі сітуацыя ў эканоміцы ўжо стабілізавалася, і ў 1955 годзе большасць мясцовых жыхароў прагаласавала за вяртанне ў склад ФРГ. Пры гэтым галоўны курс на супрацоўніцтва з Францыяй не змяніўся.

Вялікае значэнне мелі асабістыя адносіны Адэнаўэра з Шарлем дэ Голем. Яны шмат разоў сустракаліся і наладзілі трывалы альянс, які знайшоў яркае ўвасабленне ў Елісейскім дагаворы 1963 года. Асабліва знакавымі сталі іх сумесныя дзяржаўныя візіты ў 1962 годзе: свет убачыў моцныя сімвалы прымірэння, такія як супольная імша ў саборы ў Рэймсе, якія пацвердзілі рашучасць дзвюх краін наладзіць трывалае сяброўства.
Дзякуючы гэтаму курсу ўсяго за некалькі гадоў пасля Другой сусветнай вайны Адэнаўэру ўдалося немагчымае — Заходняя Германія зноў стала паважаным чальцом еўрапейскай супольнасці, да якога ўсе ставіліся станоўча, прынамсі на афіцыйным узроўні.
Адэнаўэр добра разумеў: без уласнага ўнёску ў абарону Захад не дазволіць ФРГ вярнуць поўны суверэнітэт. Таму ён настойліва вёў краіну да інтэграцыі ў супольныя вайсковыя структуры. Пачалося ўсё з федэральнай паліцыі, але ўжо ў сярэдзіне 1950‑х галоўным крокам стала стварэнне бундэсвера і ўступленне Заходняй Германіі ў НАТА. Каб зняць страх суседзяў, ФРГ афіцыйна адраклася ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі і ўбудавала свае сілы ў саюзныя структуры.

Гэтая палітыка забяспечыла бяспеку перад СССР, зрабіла Германію паўнавартасным партнёрам Захаду і дала ёй права ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў. Адэнаўэр зняў «нямецкае пытанне» як пагрозу і ператварыў ФРГ у надзейнага саюзніка і аснову еўрапейскай інтэграцыі.
Яўрэйскае пытанне
Адэнаўэр таксама актыўна шукаў прымірэння з яўрэямі. Ён адпрэчыў план аднаразовай выплаты ў памеры 10 мільёнаў марак Ізраілю і, насуперак супраціву свайго міністра фінансаў, правеў рашэнне аб кампенсацыях у памеры 3,45 мільярда марак (сёння каля 9,82 мільярда еўра) — па 3000 марак за кожнага яўрэйскага ўцекача. Гэтае рашэнне выклікала лютасць сярод значнай часткі ізраільскай грамадскасці, асабліва ў правай апазіцыі.
Менахем Бегін і яго прыхільнікі лічылі, што «крывавыя грошы» з Германіі — гэта здрада памяці ахвяраў Халакосту і прыніжэнне для Ізраіля. Па краіне пракаціліся пратэсты супраць такіх пагадненняў, якія часта суправаджаліся сутыкненнямі з паліцыяй, ужываннем слёзатачывага газу і нават спробамі тэрактаў.
У 1952 годзе асобы, звязаныя з былой яўрэйскай тэрарыстычнай арганізацыяй «Іргун», здзейснілі замахі на Адэнаўэра і нямецкую дэлегацыю, даслаўшы бомбы па пошце. Былі забітыя і пацярпелі выпадковыя людзі, але нямецкі ўрад засакрэціў матэрыялы справы і спыніў следства, каб не справакаваць антысеміцкіх рэакцый у нямецкім грамадстве.
Прэм’ер-міністр Ізраіля Давід Бен-Гурыён, паводле сведкаў, усё жыццё адчуваў удзячнасць Адэнаўэру за гэтае рашэнне. У сакавіку 1960 года яны сустрэліся разам у Нью-Ёрку, у 1965 годзе былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж краінамі, а ў наступным годзе Адэнаўэр стаў першым высокапастаўленым нямецкім палітыкам, які пасля Другой сусветнай вайны наведаў Ізраіль.
«Спачатку вызваліце людзей, а ўжо потым будзем дамаўляцца»
Праз дзесяць гадоў пасля спынення баявых дзеянняў у савецкім палоне яшчэ знаходзіліся тысячы нямецкіх вайскоўцаў, якіх трэба было вызваляць. Савецкі бок хацеў усталяваць дыпламатычныя адносіны, але настойвалі, што ў СССР няма ваеннапалонных, а толькі злачынцы, якія адбываюць пакаранне. Адэнаўэр заняў прынцыповую пазіцыю: «Спачатку трэба вярнуць людзей з палону, а ўжо потым дамаўляцца пра афіцыйныя адносіны». І гэта таксама важны прыклад для беларускай апазіцыі.
8 верасня 1955 года нямецкая ўрадавая дэлегацыя прыбыла ў Маскву. Перамовы былі вельмі рэзкімі і напружанымі.

У час перамоў Вячаслаў Молатаў абвінаваціў Адэнаўэра ў тым, што немцы дазволілі нацыстам прыйсці і ўтрымацца ва ўладзе. Размова вялася на падвышаных тонах, і тады Адэнаўэр рэзка адказаў: гэта вы, а не я паціскалі яму руку. І гэта было праўдай, бо Молатаў сапраўды паціскаў руку Гітлеру, а Конрад Адэнаўэр — ніколі.
Калі адзін з савецкіх кіраўнікоў прапанаваў яму ў абмен на дакумент аб усталяванні адносін гарантаваць вызваленне палонных на працягу тыдня, Адэнаўэр, нягледзячы на парады сваіх дыпламатаў адмовіцца, прыняў іншае рашэнне:
«Я вас прашу, як мы можам гаварыць пра цану? Калі мы хочам атрымаць нечага ад дзяржавы, з якой у нас няма дыпламатычных адносін, то як мы можам гэта атрымаць? Я зусім не разумею, чаму мы не павінны былі б аднавіць дыпламатычныя сувязі».

Адэнаўэр не памыліўся: больш за 15 000 ваеннапалонных, інтэрнаваных і цывільных асоб вярнуліся ў Германію да канца 1955 года. Калі самалёт з нямецкай дэлегацыяй сеў на аэрадроме Кёльна, яго сустракаў натоўп. Да канцлера прарвалася пажылая жанчына, яна схапіла яго за руку і пацалавала.
Гэты эпізод яскрава паказаў здольнасць Адэнаўэра спалучаць прынцыповую цвёрдасць з гатоўнасцю да ўзважаных кампрамісаў.
Сваім каштоўнасцям ён ніколі не зраджваў, але ў адносінах з СССР імкнуўся знаходзіць шляхі паразумення, не губляючы пачуцця годнасці і павагі. У выніку яго аўтарытэт значна ўзрос як у самой Германіі, так і на міжнароднай арэне.
Спрэчная дэнацыфікацыя
Адной з самых супярэчлівых старонак кіравання Адэнаўэра была яго палітыка амністыі былых членаў НСДАП. Уявіце сабе: пасля пераходу Беларусі да дэмакратыі вы пагадзіліся б на амністыю лукашыстаў і прыём іх на дзяржаўныя пасады? З аднаго боку, Адэнаўэр рашуча спыняў любыя спробы камуністычнага ўплыву і хацеў пабудаваць дэмакратычную ФРГ. З другога — мэтанакіравана інтэграваў у новыя дзяржаўныя структуры былых чыноўнікаў Трэцяга рэйха, калі яны прызнавалі дэмакратыю і новую дзяржаву.
Ва ўрадзе быў і Ганс Глобке, які кіраваў федэральнай канцылярыяй, нягледзячы на тое, што быў адным з ключавых удзельнікаў юрыдычнага абгрунтавання пераследу яўрэяў, і былы нацыст Тэадор Обэрлендэр, якога вінаваціў у ваенных злачынствах савецкі бок. У Міністэрства юстыцыі масава вярнуліся суддзі і юрысты, якія працавалі ў часы нацыстаў.
У 1949 і 1954 гадах былі абвешчаныя амністыі, па выніках якіх былі вызваленыя тысячы былых нацыстаў.
«Мы павінны зараз жа пакончыць з гэтым вынюхваннем нацыстаў, бо, паверце, калі мы пачнем, мы самі не будзем ведаць, дзе спыніцца», — тлумачыў сваю пазіцыю Адэнаўэра ў Бундэстагу.
Няясна, чаго было больш у гэтым рашэнні: хрысціянскага даравання ці практычнага сэнсу. Германіі пасля вайны вельмі бракавала кваліфікаваных кадраў, а шырокая люстрацыя былых нацыстаў магла б паралізаваць эканоміку і кіраванне дзяржавай.
Менавіта гэтае пазбяганне глыбокай палярызацыі ў немецкім грамадстве стала адным з падмуркаў трывалай стабільнасці і «эканамічнага цуду».
Але ўжо пры канцы 1950‑х і асабліва ў 1960‑я маладыя немцы пачалі задаваць пытанні: як магчыма, што дзяржава, якая паўстала як антытэза нацызму, будуецца рукамі тых, хто яго падтрымліваў?
Адыход ад палітыкі

У апошнія гады канцлерства Адэнаўэр усё мацней змагаўся за ўладу і спрабаваў адцягнуць сваю адстаўку, абы не дапусціць таго, каб яго пераемнікам стаў Людвіг Эрхард. Ён сумняваўся ў яго лідарскіх якасцях і здольнасці правесці краіну праз складанасці халоднай вайны. Адэнаўэр імкнуўся нават перайсці на пасаду федэральнага прэзідэнта, каб захаваць уплыў, але адрокся такога намеру, калі супраць такога выступілі яго ўласныя аднапартыйцы і парламентарыі.
Яго апошнія гады на пасадзе суправаджаліся цяжкімі выпрабаваннямі: саветы збудавалі Берлінскі мур, Адэнаўэра крытыкавалі за павольную рэакцыю на гэта; выбухнуў скандал вакол «справы Spiegel», якая стала паваротным месцам у пытаннях свабоды прэсы; пастаянныя канфлікты з Эрхардам.

Нягледзячы на крытыку, адным з галоўных дасягненняў Адэнаўэра стала падпісанне ў 1963 годзе Елісейскай дамовы з Шарлем дэ Голем, якая замацавала франка-нямецкае прымірэнне. Але ўнутры краіны Адэнаўэр страчваў папулярнасць і пад ціскам партнёраў ён быў вымушаны пакінуць пасаду ў кастрычніку 1963 года. Было яму на той момант 87 гадоў.
Пасля адстаўкі ён яшчэ некаторы час уплываў на палітыку праз артыкулы і інтэрв’ю, пісаў мемуары і падтрымліваў сувязі з міжнароднымі лідарамі. Адэнаўэр памёр у красавіку 1967 года ў 91 год. На дзяржаўным пахаванні прысутнічалі прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь і прэзідэнт ЗША Ліндан Джонсан, а таксама 12 кіраўнікоў урадаў, міністры замежных спраў і паслы са 180 краін, што падкрэсліла гістарычны маштаб яго асобы.

Адэнаўэр быў палітыкам, які не рабіў рэзкіх крокаў, толькі паступовыя, і меў надзвычайнае цярпенне і ўпартасць. Гэта дапамагло яму выжыць, гэта дапамагло выжыць Германіі пад яго кіраўніцтвам.
Аднойчы канцлер расказаў журналістам:
«Я стаў палітычным дзеячам не ад любові да гэтай справы, а па патрэбе. Па-мойму, лепш быць садоўнікам і вырошчваць ружы. Тым не менш, і праца ў садзе, і палітыка патрабуе цярпення. Мяне паставілі канцлерам, каб хутка аднавіць і зрабіць квітнеючай збанкрутаваную фірму. Але для гэтага трэба шмат часу і цярпення. Цярпенне — найлепшая зброя пераможаных».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Навошта гэта гарэтнай Беларусі пасля Лукашэнкі, дзе галоўныя пацярпелыя - гэта і ёсць беларусы - самы забіты і жабрацкі народ Эўропы?
1. Быў фактычна даўнім дэсідэнтам.
2. Не ўспрымаў нацыстаў і адмаўляўся з імі супрацоўнічаць.
3. Пры гэтым быў пранямецкім патрыётам.
4. Пачаў дэнацыфікацыю і разбурэнне старой ідэалагічнай сістэмы.
5. Дбаў пра нямецкія інтарэсы і мог на павышаных танах абараняць іх як перад бытанцамі, так і Молатавым.
6. Дбаў пра тое, каб зрабіць Германію моцнай індустрыальнай канкурэнтнай краінай, а не прыдаткам франка-брытанскай эканомікі.
А цяпер параўнайце гэта з нашымі прэтэндэнтамі : "я хочу, чтобы мой штаб был в КГБ", "Калиновский не воевал за Беларусь", "Массовые репрессии, это выдумка", "Беларуси не помешает иметь пару тройку олигархов", "Белорусы с радостью войдут в состав РФ", "Россия нам не враг", " Русский язык - источник развития Беларуси", "Стоп таракан", "Лукашенко мешает строить нам союз с Россией", "Не делайте из России врага", "Соберите мне двести тысяч на мощный удар по режиму", " 98% белорусов говорят по-русски".
Як табе такое, Адэнаўэр ?