Грамадства1515

Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»

Пасля 2020‑га перакладчык Сяргей Паўлавіцкі выехаў па стыпендыі ў Еўропу. А потым вярнуўся дахаты, каб памяняць дакументы — і атрымаў тэрмін за данаты. Сяргей быў адным з тых палітвязняў, якіх 13 снежня 2025 года вызвалілі і дэпартавалі ва Украіну. Ён расказаў «Нашай Ніве» сваю гісторыю.

Сяргей Паўлавіцкі пасля вызвалення. Фота: архіў суразмоўцы

Перакладаў Лукашэнку і ледзь не трапіў на перамовы «нармандскай чацвёркі» ў Мінску

Мінчук Сяргей Паўлавіцкі — адзін з топавых беларускіх перакладчыкаў з нямецкай мовы. Шмат гадоў ён адпрацаваў выкладчыкам у Лінгвістычным універсітэце, а з сярэдзіны нулявых падпрацоўваў перакладчыкам.

У 2014-м, успамінае Паўлавіцкі, перакладчыцкай практыкі стала болей — паўплывала тое, што ў Мінску правялі мірныя перамовы па Данбасе. Адчувалася, што праца ва ўніверсітэце не дае развівацца ў перакладах, бо забірае каштоўны час. Тады Паўлавіцкі вырашыў сысці ў вольнае плаванне, і не памыліўся.

Ён працаваў і з вусным, і з пісьмовым перакладам, асвоіў сінхронны пераклад:

«Я быў знаёмы з нямецкай амбасадай, і калі ў іх былі праекты, дзе не абавязкова было задзейнічаць афіцыйнага перакладчыка амбасады, іх аддавалі мне. Я працаваў для Інстытута імя Гётэ, прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Мінску, Нямецка-беларускага эканамічнага клуба і іншых арганізацый. Гэта былі праекты пра экалогію, устойлівае развіццё, сацыяльныя праекты і нават рэлігійныя справы».

Даводзілася перакладаць і палітыкаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку. У 2018‑м у Трасцянец прыехалі прэзідэнты Германіі і Аўстрыі, быў там і Лукашэнка. Палітыкі прысутнічалі на перапахаванні парэшткаў ахвяр, знойдзеных падчас будаўніцтва другой чаргі мемарыяла на месцы канцлагера.

Сяргея запрасілі туды працаваць, і ён перакладаў прамову Лукашэнкі.

Сяргей да затрымання. Фота: spring96.org

«Такая прамова робіцца па падрыхтаваным тэксце, і маёй роляй было агучыць усё, што там было напісана. Пры гэтым, вядома, трэба было слухаць, ці не адыходзіць ён ад тэксту», — успамінае Паўлавіцкі.

Аднойчы тады яшчэ будучаму палітвязню давялося паціснуць руку Лукашэнкі. Калі Сяргей працаваў ва ўніверсітэце, яго накіравалі працаваць на сустрэчу з інвестарамі, якія мусілі збудаваць у Мінску гатэль «Кемпінскі». Сустрэча адбывалася ў мінскай ратушы, там дэманстравалі новы генплан цэнтра горада, і Лукашэнка там таксама прысутнічаў.

«Яго вялі, паказвалі яму той генплан, навокал стаялі чыноўнікі і той швейцарскі дзядзька-інвестар. Калі Лукашэнка ўваходзіў, усім паціснуў руку, так што дасталася і мне», — расказвае Сяргей.

Паўлавіцкі ледзь не трапіў перакладчыкам на перамовы «нармандскай чацвёркі» ў Мінску. Не было вядома, колькі перакладчыкаў на тыя перамовы прывязуць з сабой замежныя госці, таму беларускі МЗС арганізаваў з перакладчыкаў Лінвістычнага ўніверсітэта запасную каманду, якая дзяжурыла на месцы перамоў.

«Значыць, Паўлавіцкі працуе эмісарам замежных выведак»

Пасля 2020‑га Сяргей спачатку заставаўся ў Беларусі, толькі выязджаў у камандзіроўкі за мяжу. Ён меў адміністратыўку за пратэсты, таму трапляў на мяжы пад узмоцнены кантроль, але ў астатнім не адчуваў праблем.

У маі 2023‑га Паўлавіцкі паехаў у Швейцарыю:

«Мне далі стыпендыю для перакладу аднаго рамана з нямецкай мовы на беларускую. Гэта быў швейцарскі фонд, які запрашае ў краіну людзей на культурніцкія праекты — мастакоў, пісьменнікаў, перакладчыкаў. Я трапіў туды на тры месяцы. Збіраўся трохі ў паскораным рэжыме, бо нехта адмовіўся ад удзелу і паездку прапанавалі мне.

Калі я ўжо ў Швейцарыі чытаў навіны, зразумеў — калі буду вяртацца ў Беларусь, да мяне, хутчэй за ўсё, дабяруцца. Тады ўжо пачалася хваля пераследаў за данаты».

Прайшлі тры месяцы, якія Сяргей мог знаходзіцца ў ЕС па сваёй візе. Ён выехаў у Сербію і спадзяваўся там зрабіць сабе новы пашпарт, бо тэрмін старога ў яго сканчваўся. Але не паспеў, бо ў беларускіх пасольствах перасталі выдаваць пашпарты.

Выйсцяў было няшмат:

«Зразумеў, што трэба альбо прасіцца ў ЕС як уцякач, альбо вяртацца ў Беларусь. Спрабаваў звяртацца ў розныя краіны, каб мяне прынялі ў якасці ўцекача, бо я такі добры, дэмакратычны і столькі рабіў карысных справаў. Калі спробы скончыліся нічым, я зразумеў, што або я мушу перайсці мяжу паміж Сербіяй і Венгрыяй і апынуцца ўцекачом у Венгрыі (смяецца), або вяртацца дахаты.

Падумаў, што, можа, мне пашанцуе і я прайду пад радарамі».

Сяргей паехаў у Беларусь праз Маскву, спыніўся ў адным з беларускіх райцэнтраў і заняўся дакументамі. Яго затрымалі на другі дзень па прыездзе — трапіў на адну з камер.

Пераследвалі мужчыну за данаты, зробленыя ў розныя ініцыятывы: «Байсол», «Байхэлп», «Сумленныя людзі», Беларуская рада культуры. Сяргей успамінае, што пачаў данаціць яшчэ да выбараў 2020 года. Імкнуўся ахвяраваць на патрэбы рэпрэсаваных і кампенсацыю штрафаў, а не на ініцыятывы, якія займаюцца арганізацыяй пратэстаў.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Паўлавіцкі заданаціў агулам больш за 600 даляраў. Адкупіцца, як гэта часам бывае ў такіх справах, яму не прапаноўвалі:

«КДБ паглядзеў на суму грошай і вырашыў, што ні адзін чалавек у здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай. І калі Паўлавіцкі ў здаровым розуме, то гэта не яго грошы. Значыць, ён як перакладчык выкарыстоўвае сваю торбу, каб правозіць грошы і працаваць эмісарам замежных выведак.

Пра гэта мы з імі гутарылі сем месяцаў, пакуль я знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Высветлілася, што эмісарам я не з’яўляюся, і да мяне страцілі цікавасць, але ўжо позна было адкатваць гэтую гісторыю на штраф».

Сяргей Паўлавіцкі пасля вызвалення. Фота: архіў суразмоўцы

Сяргей успамінае, што яму «прапаноўваліся» розныя крымінальныя артыкулы, мог атрымаць і абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве. Але ў выніку мужчыну асудзілі па артыкуле 361‑2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і адправілі ў калонію на тры гады.

«Швец жыў чаканнем, што яго забяруць свае»

За кратамі Сяргей пазнаёміўся з фігурантамі справы аб падрыве расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Ён расказвае, як сустрэў у СІЗА КДБ украінца Мікалая Швяца — афіцыйныя органы яго называлі выканаўцам той дыверсіі:

«Прывялі хлопца, ён назваў сябе — кажа, Мікола. Слова за слова, і ён сказаў, з якой нагоды ён там — маўляў, я ж самалёт іхні падарваў. Мікола не лічыў сябе тэрарыстам, ён называў сябе дыверсантам. Казаў, што ён агент службы бяспекі Украіны і што быў падрыхтаваны, каб здзейсніць гэты ўчынак супраць тэхнікі ворага. Не памятаю, каб ён выказваў асаблівую варожасць супраць Беларусі, але лічыў свае дзеянні абсалютна законнымі».

Мікалай Швец — галоўны фігурант справы аб падрыве расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Скрыншот БТ

Паўлавіцкі заўважае, што Швец у расказах пра дыверсію ніколі не згадваў іншых людзей. Казаў пра ўсё ў адзіночным ліку — маўляў, я прыехаў у Беларусь, уладкаваўся на працу, здабыў дрон і запусціў яго. Калі ўкраінца пераводзілі з СІЗА КДБ летам 2024-га, ён яшчэ не ведаў, што яго вызваляць, але спадзяваўся на гэта:

«Апошнія месяцы ён жыў чаканнем, што яго забяруць свае. Калі ён з’язджаў, гэта магло быць што заўгодна — перавод у іншую камеру, іншую ўстанову. Мы яму сабралі торбу належным чынам, паклалі сала і каўбасы, так што паехаў не галодны, не мусіць на нас крыўдзіцца».

Перадачаў у Швяца не было — проста не меў людзей, якія маглі б іх перадаць. Мікалай прасіў перадаць ліст украінскаму паслу, але замест гэтага яму прапаноўвалі гутарку з прапагандыстамі: маўляў, скажаш наўпрост у камеру для спадара Зяленскага ці Буданава. На гэта ўжо не пагаджаўся сам Швец.

У іншай камеры Сяргей пазнаёміўся з яшчэ адным фігурантам той справы, Андрэем Сцяпуркам:

«У момант прадстаўлення Андрэй адразу сказаў — маўляў, прабач, але я пра сябе нічога расказваць не буду. Калі яго некуды забралі з камеры, мне расказалі, што ў хлопца не ўсё проста, ён завязаны ў нейкіх тэрарыстычных справах, а ў якіх, ніхто асабліва не ведаў. Былі здагадкі, што можа ён звязаны з пейнтбалістамі.

Потым ён расказаў, што ў яго насыпаная прыгаршча артыкулаў. Увесь час яго выклікалі на допыты, і аднойчы ён вярнуўся нейкі задаволены — мы так зразумелі, што яму нешта з тых артыкулаў скінулі».

Андрэй Сцяпурка. Фота: сацсеткі

Калі Швяца вызвалілі і адправілі ва Украіну, Сцяпурка жыў надзеяй на тое, што справа разваліцца — маўляў, якая справа пра тэрарызм без галоўнага «тэрарыста»? Але скончылася тым, што фігурантаў той справы перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА №1, дзе яны і знаходзіліся да суда. Па даных праваабаронцаў, цяпер Андрэй Сцяпурка адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі №1.

«Даты вызвалення некаторыя вылічвалі па артыкулах у «Савецкай Беларусі»»

Сяргея перавялі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію №15. Мужчына трапіў туды ў час, калі ўжо пачаліся памілаванні, а хутка палітвязняў сталі і дэпартаваць за мяжу.

Вядома, у калоніі пра гэта шмат гутарылі. Паўлавіцкі кажа, што палітвязні на зоне падзяляюцца на аптымістаў і песімістаў: песімісты кажуць, што давядзецца адседзець увесь тэрмін «да званку».

«Мне здавалася, што мо і не «да званку», але не вызваляць нас у наступным месяцы, як там некаторыя вылічвалі па артыкулах у «Савецкай Беларусі». Ёсць там прагназісты, якія вылічваюць даты вызваленняў. 

У сярэдзіне лістапада мы мелі чатыры варыянты — маўляў, вызваленні будуць прывязаныя да перамоваў Пуціна, прыезду амерыканскай дэлегацыі, Усебеларускага народнага схода ці 23 снежня. Пытаемся ў таго прагназіста: «А чаму 23 снежня?» Кажа — бо далей яму проста п**да», — успамінае Сяргей.

Ён расказвае, як палітвязняў падтрымлівалі навіны пра вызваленні. Сам Сяргей хаця і лічыў, што застаецца яму мала і ён дасядзіць гэты час, не застаўся ўбаку:

«Нават я пачаў гуляць у гэтыя гульні — вылічваў, ці не можа паўплываць тая ці іншая падзея. Спрабаваў зразумець, ці не можа тое ці іншае слова, сказанае кімсьці з вялікіх гэтага свету, быць знакам, што нешта павінна адбыцца. Маўляў, усіх «тэрарыстаў» памілуюць і вывезуць за мяжу, а ўсіх астатніх пад УНС памілуюць і выпусцяць у краіну».

Паўлавіцкі выйшаў на волю 13 снежня 2025 года. Ён аказаўся ў ліку 123 палітвязняў, вызваленых пасля візіту ў Мінск амерыканскай дэлегацыі на чале з Джонам Коўлам.

Пасля дэпартацыі ва Украіну мужчына апынуўся ў Вільні, а потым перабраўся ў нямецкі Дортмунд. Нарэшце сыграў ролю досвед супрацоўніцтва з нямецкімі НКА.

Фота: архіў суразмоўцы

Планы на жыццё ў Паўлавіцкага простыя — перакладаць:

«Мне загадзя падрыхтавалі кватэру і паставілі ноўтбук. У мяне засталася недаперакладзеная кніжка, якую я рабіў на стыпендыі ў Швейцарыі. Трэба толькі паглядзець, ці застаўся той тэкст захаваны ў воблачным сховішчы, бо стары ноўтбук у мяне канфіскавалі.

Можна працаваць з беларускай дыяспарай, з расійскай — трэба паглядзець, якія ёсць патрэбы. Урэшце, я заўсёды магу вярнуцца да выкладання».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • Сергей
    02.01.2026
    Знаю Сергея лично как большого профи. Очень рад, что он на свободе. "Пытался обращаться в разные страны, чтобы меня приняли в качестве беженца" - здесь отдельный привет немецкому посольству и МИДу ФРГ, у которых не нашлось ни мужества, ни желания помочь достойному человеку, которого они хорошо знают. Зато тысячами принимают контингент из Ближнего Востока, который обманом и насилием пробивается через польскую границу.
  • Блізкі Ўсход
    03.01.2026
    Сергей, з тым, куды "профі" звяртаўся, каб атрымаць прытулак, трэба дакладна разьбірацца перад тым, як абвінавачваць нямецкія прадстаўніцтвы. Бо нашыя людзі спачатку наробяць такіх дзівацтваў у пытаннях бежанства, што ні адзін адвакат ня здолее дапамагчы
  • профі, аёячкі
    03.01.2026
    а чяму парускі пішым? вас ня вучяць троліць на мове?
    Вы нават не паверыце, як дакладна немцы ведаюць, хто і што тут посьціць.
    і адкуль!
    Прывітаньне на Камсамольскую - "контингенту из Ближнего Востока!"

Цяпер чытаюць

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі12

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі

Усе навіны →
Усе навіны

На радзіме апошняга караля Рэчы Паспалітай прадаюць будынак былой плябаніі2

Ці не зашмат «засталічаная» Беларусь? Сяргей Навумчык дыскутуе з Адамам Глобусам25

На Філіпінах жанчына чатыры гады малілася замест Буды Шрэку5

У загінулай у Сляпянцы дзяўчыне апазналі Яну Кастранкову4

Трамп назваў сябе «выканаўцам абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы»6

У Мінску на вуліцы знайшлі яшчэ адно мёртвае цела5

Пад’ём а пятай раніцы можа быць памылкай6

Унук Мулявіна рэкламуе гадзіннік, выпушчаны ў гонар дзеда1

«Неверагодна — пабачыць яго сапраўдную асобу». У сацсетках завірусілася ВІДЭА з Леанарда Ды Капрыа3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі12

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць