Грамадства22

Лёс сына прапагандыста са «Спутніка», які прыйшоў да беларушчыны падлеткам, выклікаў буру эмоцый у яго сяброў

Ютубер Усяслаў Пашкевіч на просьбу «Нашай Нівы» прыгадаў сваю апошнюю размову з Сямёнам Малашэнкавым.

Сямён Малышэнкаў. Архіўнае фота

17 снежня 2025 года КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем ініцыятыву «Да зораў», у склад якой, як сцвярджаюць сілавікі, уваходзяць музыка Алесь Чумакоў і 20‑гадовы мінчук Сямён Малашэнкаў — сын прапагандыста «Спутніка». Абодвух арыштавалі. Выглядае, што разам з імі затрымалі цэлую групу грамадскіх і культурных актывістаў.

«Сямён Малашэнкаў абсалютна нармальны хлопец, і не мае такіх рускамірных поглядаў, як бацька. Вельмі прыкра, што яго затрымалі за арганізацыю канцэртаў, якія былі абсалютна легальнымі. Не здзіўлюся, калі бацька данос напісаў», — такі каментарый пакінуў нейкі чалавек пад гэтай навіной на сайце «Нашай Нівы».

Васіль Малашэнкаў. Фота: ukraina.ru

Тата Сямёна Васіль Малашэнкаў — ураджэнец Кемерава, з сям’і з беларускімі каранямі, філолаг паводле адукацыі: скончыў Кемераўскі дзяржаўны ўніверсітэт. У Беларусь прыехаў у 2004 годзе, а ў наступным годзе ў яго нарадзіўся Сямён.

Малашэнкаў-старэйшы працаваў у розных дзяржаўных СМІ (каля сямі гадоў — у агенцтве БелТА), а таксама супрацоўнічаў (і супрацоўнічае) са Sputnik і МІА «Россия сегодня». Яго тэксты і фотакрэдыты сустракаюцца і на фінансаваных з Масквы пляцоўках — такіх, як «Саюзнае веча», Eurasia.Expert, «СОНАР-2050», Imhoclub.com.

Васіль — прыхільнік рускага свету і «традыцыйных каштоўнасцяў», актыўны абаронца РПЦ. Ён бацька пяці дзяцей, адзін са стваральнікаў кансерватыўнага грамадзянскага аб'яднання «Рада бацькоў» (пад «бацькамі» маюцца на ўвазе не абое бацькоў, а менавіта таты).

У 2023 годзе журналіст наведваў акупаваную Данеччыну, быў у Марыупалі. Вядзе тэлеграм-канал, на якім крытыкуе, а часта і абражае праціўнікаў расійскага і беларускага рэжымаў.

У фэйсбуку Васіля Малашэнкава ўчора з'явіўся пост з асуджэннем арышту амерыканцамі прэзідэнта Мадура. Але няма нічога пра арышт уласнага сына.

Мы распыталі пра сітуацыю з Сямёнам ютубера Усяслава Пашкевіча, які сябраваў з хлопцам, пакуль жыў у Мінску.

Пашкевіч пазнаёміўся з Сямёнам у 2019 годзе. Сямёну было тады ўсяго 14 гадоў, а ён ужо «ўдзельнічаў ва ўсіх беларускамоўных чатах, ва ўсіх імпрэзах. Усюды, дзе быў беларускі варушняк, там быў і ён».

Сямён быў зараджаны на беларушчыну, кажа Усяслаў.

«Беларуская культура была для яго ўсім. Гэта было фенаменальна: такое ўражанне, што ён нарадзіўся са словам «Беларусь» на вуснах. Ён стараўся ніводнай падзеі не прапускаць: выставы, івенты, канцэрты. Зараджаны на беларушчыну максімальна. Не на мінуўшчыну — яго сучасная культура была цікавая ва ўсіх яе праявах, годная музыка. Ён спрабаваў стварыць ютуб-канал. Ён максімальна насалоджваўся тым, што робіць».

Што вы ведаеце пра сям’ю Малашэнкавых? 

«Ён не расказваў пра сям’ю. Але расказваў пра свае стасункі з татам. Яны не ладзіліся. І ён ад гэтага пакутаваў. Ён любіў тату, але пакутаваў, бо зусім разыходзіўся ў поглядах».

Аднак Усяслаў Пашкевіч не думае, што ўся гэтая гісторыя стала вынікам даносу бацькі.

«Данос? Не магу сказаць, не ведаю. Ёсць нямала сямей, дзе адносіны не складваюцца, але ж людзі не пішуць адзін на аднаго даносаў».

Нічога дзіўнага, што Малашэнкава забралі за ўдзел у культурнай ініцыятыве: «Ён вельмі любіў музыку».

«Ён чалавек рэзкі, часам таксічны. Але пры гэтым выключна эмпатычны», — успамінае Усяслаў.

Сямён Малашэнкаў, фота з яго інстаграма

«Калі я выехаў з Беларусі, я абарваў кантакты з ім — у мэтах бяспекі, яго бяспекі, каб не падставіць», — кажа ён.

Усяслаў Пашкевіч прыгадвае сваю апошнюю размову з Сямёнам Малашэнкавым.

«Гэта быў 2021 год. Год, калі згушчаліся хмары. Мы знянацку сустрэліся ў Мінску на Валгаградскай, каля электрамеханічнага завода, там яшчэ помнік Леніну стаіць, з ім і Ігарам Палынскім з «Сумарока». Акурат пасля той выпадковай сустрэчы я прыняў рашэнне выехаць з Беларусі, бо Ігар падказаў, як практычна гэта зрабіць. Сямён пра эміграцыю не думаў», — расказвае Усяслаў.

25‑гадовы Усяслаў Пашкевіч ужо чатыры гады як у выгнанні. Супраць яго завочна завялі крымінальную справу, ягоны канал «Тутэйшы Шляхціч», які займаецца папулярызацыяй беларускай гісторыі, культуры, мовы, прызналі экстрэмісцкім.

Сямён Малашэнкаў, фота з яго інстаграма

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках ці на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» адносяць таксама практычна любую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. «Экстрэмісцкімі» лічацца і непадкантрольныя ўладам віды дзейнасці. Рэпрэсіі рознага роду закранулі ўжо каля 150 тысяч чалавек, яшчэ некалькі соцень тысяч вымушаныя былі пакінуць Беларусь.

З інфармацыі «Нашай Нівы», Сямёна затрымалі 27 лістапада 2025 года. Усе яго старонкі ў сацсетках і на інтэрнэт-платформах зніклі, усё, што ён ствараў, недаступнае.

Каментары2

  • Імя
    04.01.2026
    Насамрэч неймаверныя хлопцы. А вы тут рускамірнымі галовы дурыце.
  • Бязмежная павага Сямёну!
    04.01.2026
    З такім бацькам і любіць Беларусь — гэта гераізм.
    Трымайся, Сямён! Жыве Беларусь!

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Усе навіны →
Усе навіны

Адміністрацыя Трампа збіраецца адклікаць 200 тысяч турыстычных віз у тых, хто прыехаў па іх у краіну і папрасіў прытулак4

Беларусы прывезлі з Капенгагена «крыж каралевы Сафіі». Гісторыкі называюць яго біжутэрыяй за 4000 еўра14

У Купалаўскім тэатры расійскія рэжысёры правядуць творчую лабараторыю, у якой абяруць спектакль для рэпертуару12

Каб захаваць першы радок у сусветным тэнісе, Арыне Сабаленцы трэба толькі перамагаць на US Open11

ЗША зноў не далучыліся да сумеснай заявы з асуджэннем Расіі ў ААН10

Расія знішчыла склад Чырвонага Крыжа ў Херсоне

Расійская спявачка Вікторыя Дайнека мала таго што пракацілася з канцэртамі па акупаваных тэрыторыях, дык яшчэ і пастраляла19

Статкевіч: Зараз толькі фармальная незалежнасць пакуль ратуе нас ад наўпроставага ўцягвання ў расійска-ўкраінскую вайну13

Завяршыць рамонт моста цераз Свіслач у Мінску плануюць да пачатку верасня

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць