23‑гадовага ўкраінца затрымалі ў Варшаве з глушылкай — ён звярнуў на сябе ўвагу тым, што гадзінамі праседжваў у кавярні ў аэрапорце
Малады чалавек гадзінамі сядзеў за сталом, замаўляў каву, закускі, раскладаў ноўтбук.

23‑гадовага ўкраінца Іллю С. затрымалі ў варшаўскім аэрапорце Шапэна 26 снежня. Мужчына меў пры сабе глушылку радыёхваляў, якая працуе ў дыяпазонах частот, зарэзерваваных для авіяцыйнай сувязі і навігацыі, паведамляе Rzeczpospolita.
Падазрэнні службаў аховы аэрапорта выклікалі паводзіны маладога чалавека. Ён размясціўся ў адным з кафэ ў зале аэрапорта — і гадзінамі сядзеў за сталом, замаўляў каву, закускі, раскладаў ноўтбук. У дзень затрымання ён знаходзіўся з разкладзеным абсталяваннем каля шасці гадзін.
Пасля затрымання Ілля С. не змог рацыянальна патлумачыць, што ён рабіў у аэрапорце і з якой мэтай меў пры сабе глушылку. «То ён сцвярджаў, што з'яўляецца салдатам, то адразу пасля гэтага казаў, што ён бізнэсмен. Ён таксама не растлумачыў, што рабіў у Польшчы, калі і навошта сюды прыехаў», — паведамляюць крыніцы Rzeczpospolita.
«Падазраванаму 23 гады, ён заяўляе, што стала жыве ў Канадзе», — кажа пракурор Пётр Скіба, прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве. Ён дадаў, што падазраваны не прызнаў віну і даў супярэчлівыя паказанні.
Іллю С. выставілі абвінавачванне ў спробе дзеянняў, якія «ствараюць пагрозу бяспецы авіяруху». Мужчыну часова арыштавалі на месяц. Расследаванне вядзе пракуратура раёна Варшава-Ахота.
«Калі нехта хоча выпіць кавы, ён не едзе ў аэрапорт, каб сядзець там гадзінамі, а ідзе ў Стары горад ці ў кандытарскую «Blikle». Паводзіны падазраванага патрабуюць дэталёвага вывучэння», — падкрэслівае пракурор Пётр Скіба.
Каментары