Памятаеце фота з мускулістым беларусам, які ў 2020-м ішоў у счэпцы з амапаўцам? Цяпер ён здымаецца ў кіно ў Англіі
9 жніўня 2020 года падчас пратэстаў Максім Борман трапіў у аб’ектыў фатографа разам з амапаўцам — той здымак, дзе яны ідуць у счэпцы, адразу разляцеўся па шматлікіх СМІ. Мы адшукалі хлопца і даведаліся, як ён жыве праз пяць гадоў пасля тых падзей.

Раней Максім расказваў «Нашай Ніве» пра тое, што адбывалася за кадрам той фатаграфіі. Падзеі разгортваліся 9 жніўня 2020 года на Нямізе, насупраць Палаца спорту. Амапаўцы тады сталі ў шэрагі, грукалі шчытамі — многія пратэстоўцы адбеглі далей, але Максім заставаўся стаяць насупраць сілавікоў, працягваючы глядзець ім проста ў вочы.
«Я не адыходзіў, сілавікі прайшлі скрозь мяне, пару разоў ударылі. Білі дубінкамі, шчытамі, нагамі. Але я ляжаў на зямлі, пасміхаўся і глядзеў ім у вочы. Я шмат займаўся спортам, адзінаборствамі, і фізічны боль са мной не працуе — хай топчуць мяне, мне ўсё роўна. Пасля амапаўцы паднялі мяне, але потым чамусьці вырашылі зноў скруціць і пакласці на зямлю. Я падыграў, лёг. І тут адзін з іх узяў мяне, і, як я разумею, збіраўся цягнуць у аўтазак. Я пачаў ветліва казаць яму: «Што ж ты робіш? Навошта? Мы ж адзін народ!» І ён раптам сказаў: «Ды я на вашым баку, але такая праца. Я з вамі, але не ведаю, што мне рабіць», — згадваў Максім.
У выніку той амапавец вывеў Максіма і яшчэ пару чалавек за спіны калег і адпусціў, загадаўшы ісці дадому.
На хлопца завялі некалькі крымінальных справаў, ён знаходзіцца ў вышуку. Але гэта для беларускіх улад ён — злачынца і экстрэміст. У Англіі, дзе ён жыве з 2020-га, ён звычайны грамадзянін, муж, гаспадар сабакі і з нядаўніх часоў — тата. Год таму ў Максіма з жонкай нарадзіўся сын.
«Першы час мы былі ў Лондане, але, пажыўшы там, я канчаткова зразумеў, што сталіцы — гэта не маё»
«Першы час мы былі ў Лондане, але, пажыўшы там, я канчаткова зразумеў, што сталіцы — гэта не маё. Вялікая колькасць будынкаў, якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго, маленькія тратуары — усё гэта мне не падабалася. А вось выязджаеш за межы таго ж Лондана — і ўжо прастора, воку прыемна. Ты нібыта трапляеш у іншы сусвет, дзе шмат зеляніны, спакойна, нават людзі нейкія больш шчаслівыя — яны не проста бягуць на працу і з яе, а могуць і на арэлях пагайдацца.
Я тым больш не хацеў бы, каб сын рос у Лондане — які б у вас ні быў дарагі дом там, вакол усё роўна будуць дарогі, нейкая патэнцыйная небяспека, а тут ён можа сам спакойна катацца вакол дома на ровары».

З Лондана сям’я выехала зусім нядаўна, бо 4,5 года чакала легалізацыі. Максім кажа, што такія зацягнутыя тэрміны — норма для тутэйшых краёў.
Два месяцы здымаецца ў кіно і серыялах
«Пакуль мы чакалі дакументаў, прыходзілася падпрацоўваць на будоўлях. Але цяпер я нарэшце свабодны чалавек і магу займацца тым, чаго сапраўды хачу».
Ужо два месяцы Максім здымаецца ў фільмах і серыялах. Перад гутаркай у яго якраз скончылася чарговая падвойная змена, падчас якой ён правёў на пляцоўцы з шостай гадзіны раніцы другой гадзіны ночы.
«У кіно ёсць самы «нізкі» ўзровень — масоўка, і «высокі» — галоўныя акцёры. Я ўжо плаваю на трэціх-чацвёртых ступенях — ценевых персанажаў, напрыклад. Трапіў я ў сферу часткова праз знаёмых, часткова пасля рассылкі партфоліа і сваіх навыкаў па агенцтвах. Цяпер два-тры разы на тыдзень я атрымліваю заяўкі на розныя праекты, выбіраючы, што мне цікава».
Максім расказвае, што ў гэтых заяўках ніколі няма дакладнай, канчатковай назвы праекта і апісання каманды — даныя засакрэчаныя. Пра тое, што гэта нейкі культавы, папулярны фільм ці серыял, яны даведваюцца ўжо на пляцоўцы. Падзяліцца назвамі актуальных праектаў на публіку ён сам таксама не можа — акцёрам гэта забаронена да прэм’еры пад страхам разрыву кантракта. Не дазваляецца ім таксама здымаць нешта з творчага працэсу на тэлефон.
За адну стандартную змену ў масоўцы (з 9 раніцы да 16) акцёр можа атрымаць каля 100-130 фунтаў ($130-170). Дадатковыя надбаўкі могуць быць за вымушана скарочаны абед ці праз дрэннае надвор’е — напрыклад, моцную залеву.

Хлопец кажа, што яшчэ ў 2010 годзе ведаў, што рэжым Лукашэнкі, які ўтрымліваецца на сілавіках, у Беларусі яшчэ надоўга. Ён не верыў, што 2020 год можа нешта змяніць, і планаваў з сям’ёй эміграцыю яшчэ да выбараў, але вырашыў выйсці на пратэст, так бы мовіць, пад канец — выканаць перад радзімай абавязак. «Нешта ўнутры ёкнула», — тлумачыць суразмоўца.
У выніку радзіму пакінуў не толькі Максім і яго сваякі, але і амаль усе сябры хлопца. Пры гэтым тэма Беларусі не адпускае яго канчаткова і за мяжой — хлопец выходзіў на мясцовыя акцыі каля амбасады, у тым ліку ў падтрымку Украіны, калі пачалася поўнамаштабная вайна з Расіяй.
«Калі лагічна падумаеш — выходзіць на пратэст за Беларусь за мяжой — нейкая дурасць, бо пры чым тут Англія да нас? Але насамрэч нават той факт, што каля нас спыняліся розныя людзі, пыталі, а дзе Беларусь, а што гэта за сцяг, а што ў нас, і мы ім расказвалі, быў вельмі карысным. Такім чынам больш людзей ведае пра нашу краіну, бачыць сваімі вачыма, што беларусы прышпільныя і сімпатычныя».
«Няма сэнсу жыць мінулым, трэба ствараць сабе новыя ўспаміны»
Настальгія па радзіме ў Максіма сёння адсутнічае, бо на яго рахунку былі і іншыя спробы эміграцыі — у мінулым ён нейкі час жыў у Кітаі, ЗША і Польшчы.
«Я памятаю, як марыў пабачыць свой доўгі дзевяціпавярховы чырвоны дом (ён у мяне перад вачыма заўсёды стаяў), як хацеў прайсціся па месцах, дзе мы тусілі з панкамі, скейтарамі. І вось я вяртаюся з валізкай, іду і разумею, што ўжо не бачу таго, што было там яшчэ пару гадоў таму. Ні тых самых месцаў няма, ні людзей там. І нават наша футбольнае поле травой парасло, а гэта не вёска нейкая, гэта Мінск. Няма сэнсу жыць мінулым, трэба ствараць сабе новыя ўспаміны, уражанні, заводзіць новыя знаёмствы і вандраваць».

У перспектыве Максім вельмі б хацеў аднавіць свой ютуб, які закідваў ужо некалькі разоў.
«Было б крута зрабіць яго англамоўным. Па-руску, канечне, прасцей, але англійскую я ўжо таксама вывучыў добра, і гэта карысней будзе, раз я жыву тут, нават для нейкіх знаёмстваў з мясцовымі. Я аўтамабільны фанат, люблю старыя машыны і пераробліваць іх — з задавальненнем рабіў бы канал пра гэта. Але пакуль што трэба зарабіць грошай».
Каментары
-- Я ведаю, -- адказваў той -- таму і лупцую цябе ўпэўнена і беспакарана, як у нашым русском міре заведзена.