Грамадства11

Уладальнік крамы Kropka ў Вільні расказвае, як развіваецца яго бізнэс і ці знайшлі тых, хто разбіў ім вокны

У Вільні працуе беларуская прастора Kropka — крама-майстэрня і культурная пляцоўка. Тут прадаюць адзенне, аксесуары і мерч беларускіх брэндаў, а таксама ладзяць сустрэчы і імпрэзы. Праект адкрыў былы палітвязень Зміцер Фурманаў са сваёй жонкай Вольгай — у інтэрв’ю «Белсату» ён расказаў, колькі каштаваў запуск, чаму бізнэс пакуль працуе амаль у нуль і з якімі цяжкасцямі сутыкаецца.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота тут і далей: Белсат

Бізнэс па-беларуску: укладанні, выдаткі і праца амаль у нуль

— Як узнікла ідэя адкрыць «Кропку»?

— Да таго як адкрыць «Кропку», я працаваў у дастаўцы — амаль паўтара года, ездзіў на ровары. І, у прынцыпе, мог бы і далей там працаваць. Але жонка прапанавала паспрабаваць пачаць уласны бізнэс. Да адкрыцця крамы і прасторы «Кропка» мы схадзілі на шоўрум майстроў і ўбачылі, што ёсць людзі, з якімі можна супрацоўнічаць. Тады і падумалі, што можам адкрыць такое месца. Спачатку ў нас было не больш за 20 майстроў, а каля 50 — ужо ў першыя месяцы працы. Цяпер з намі працуюць ужо больш за 150 майстроў.

— Колькі ў выніку каштавала адкрыць краму? Якімі былі пачатковыя ўкладанні?

— Мы ўклалі каля 10 тысячаў еўраў сваіх грошай. І яшчэ давялося ўзяць у банку крэдыт на 5 тысячаў еўраў, таму што патрэбны быў дэпазіт за арэнду — за тры месяцы наперад. Гэты крэдыт мы дагэтуль выплачваем, але ўжо хутка павінны закрыць.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Колькі вы цяпер плаціце за арэнду і наогул колькі ідзе на краму на месяц?

— Калі браць у сярэднім усе выдаткі за год і дзяліць па месяцах, то разам з арэндай, падаткамі, камунальнымі плацяжамі і іншымі выдаткамі атрымліваецца каля 2000 еўра на месяц.

— Сёння бізнэс ужо прыносіць прыбытак ці пакуль працуе ў нуль?

— Калі браць першы год, а мы пачалі працаваць у траўні, то мы нават выйшлі ў невялікі плюс, бо не захапілі самыя цяжкія зімовыя месяцы. А вось наступны год ужо быў поўны, і там спачатку былі невялікія мінусы, потым удалося выйсці ў плюс. Але калі глядзець па выніку года, то атрымліваецца зусім няшмат — прыкладна на ўзроўні мінімальнага даходу па літоўскіх мерках. Цяпер мы яшчэ пачалі плаціць ПДВ: 21 % на тавары і 5 % на кнігі. Таму пакуль паводле вынікаў года можам выйсці або ў невялікі мінус, або ў вельмі невялікі плюс, амаль у нуль. Усё залежыць ад таго, ці будзе больш пакупнікоў — і анлайн, і афлайн.

— Як выглядае мадэль працы? Вы выкупляеце тавары ў майстроў ці бераце іх на рэалізацыю?

— Па-рознаму. Хтосьці хоча працаваць на ўмовах выкупу, і тады мы дамаўляемся пра аптовую цану. Але часцей майстры даюць нам тавары на рэалізацыю, і пасля продажу мы разлічваемся з імі.

Прастора Kropka. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Вы працуеце ў «Кропцы» адзін ці вам нехта дапамагае?

— Спачатку жонка мне дапамагала, але апошнія паўтара года ўжо не можа, бо занятая выхаваннем сына — яму цяпер якраз паўтара года. Часам яна прыязджае сюды, а ў звычайным рэжыме я ў краме адзін. Воля больш дапамагае з дызайнам, афармленнем, выкладкай, а я ў асноўным на касе.

— Другі пакой у вас выкарыстоўваецца як прастора для імпрэзаў і сустрэчаў? 

— Так, тут праходзяць розныя прэзентацыі, майстар-класы, сустрэчы, кінапаказы, нават батлейка ў нас была некалькі разоў. Увогуле тут можна праводзіць розныя падзеі. Цяпер, напрыклад, праходзяць жаночыя сустрэчы — жаночы клуб. І гэта таксама працуе на краму: людзі прыходзяць не толькі на сустрэчу, але і знаёмяцца з прасторай, заходзяць у краму, потым вяртаюцца.

— Вы здаяце гэтае памяшканне ў арэнду ці даяце пляцоўку бясплатна?

— Калі падзея звязаная з прасоўваннем беларускай мовы і культуры, то мы можам даваць прастору за кошт «Кропкі», бясплатна. Мы з жонкай спачатку дамовіліся, што адна з нашых мэтаў — захоўваць беларускую ідэнтычнасць, бо цяпер у Беларусі ўсё беларускае знішчаецца. А калі гаворка пра камерцыйную падзею, тады ўжо абмяркоўваецца кошт арэнды.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Калі глядзець з пазіцыі ўжо пражытага досведу, што было самым складаным пры запуску бізнэсу ў Літве?

— У нашым выпадку ўсё было даволі проста. Я б не сказаў, што ў нас былі нейкія сур’ёзныя перашкоды — ні з паперамі, ні з адкрыццём. Цяпер галоўная праблема — гэта грошы: пасля таго як пачалі плаціць дадатковыя падаткі, стала складаней выходзіць у плюс. Але ў цэлым усё працуе нармальна. Можна сказаць, што ў Літве дастаткова добрыя ўмовы для малога бізнэсу.

«Зайшоў, убачыў адзенне на манекене і адразу сказаў: «Гэта ўсё запакуйце мне»

— У ліпені 2024 года ў вашай краме разбілі вокны і пакінулі абразлівы надпіс на літоўскай мове з памылкамі — «вяртайцеся дадому, беларускія свінні». Тады вы казалі, што нічога не знікла, а сам інцыдэнт расцанілі як правакацыю з палітычным падтэкстам. Чым скончылася гэтая гісторыя?

— На гэты момант расследаванне працягваецца. Наколькі я ведаю, справу перадалі ў іншы аддзел. Цяпер мяне ўжо асабліва не інфармуюць пра тое, што адбываецца, але, напэўна, можна зрабіць запыт і даведацца. Хаця мне здаецца, усё будзе прыкладна так жа, як і з іншымі беларускімі прасторамі ў Вільні, на якія таксама былі напады. Выканаўцаў, можа быць, і знойдуць, а вось замоўцаў — наўрад ці. А хто мог быць замоўцам, зразумела: або лукашэнкаўскі рэжым, або расейскія спецслужбы.

— Хто вашы асноўныя кліенты — беларусы ці турысты?

— Гэта залежыць ад сезона. Улетку, у турыстычны сезон, большасць пакупнікоў — турысты. Вясной, восенню і асабліва зімой — больш беларусаў. Беларусы ў асноўным купляюць кнігі, адзенне. Турысты часцей бяруць сувеніры — магніты, бірулькі і падобныя рэчы.

Прастора Kropka. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Турысты разумеюць, што гэта не проста сувенірная крама, а беларуская прастора? Вам даводзіцца нешта тлумачыць?

— Так, спачатку яны пытаюцца, чаму тут напісана Belarus, чаму такая сімволіка, бо звычайна яны ведаюць іншы сцяг. І я тады расказваю пра гістарычныя падзеі, пра тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. Пасля гэтага людзям становіцца больш зразумела, яны пачынаюць цікавіцца. Многія потым шукаюць інфармацыю пра Беларусь ужо самі. У нас ёсць і кнігі пра беларускую гісторыю, у тым ліку на англійскай, так што гэта таксама дапамагае.

— Ці бываюць у вас дзіўныя пакупнікі, якіх можна западозрыць у правакацыях або сувязях са спецслужбамі?

— Адкрыта агрэсіўных або хамаватых не было. Але дзіўныя бываюць. Магчыма, кагосьці і сапраўды засылаюць, каб здабыць нейкі «вешчдок». Яны задаюць правакацыйныя пытанні: чаму ў вас такая сімволіка, чаму гэта прадаецца ў Вільні, каму гэта трэба. Стандартны набор пытанняў, па якіх адразу можна зразумець, навошта чалавек прыйшоў. Але няхай прыходзяць, нам гэта нават у плюс.

— А можаце ўзгадаць самую вялікую куплю?

— Так, былі такія пакупнікі, якія пакідалі больш за 500 еўраў. Прычым не за адзін раз. Памятаю, напрыклад, беларус прыехаў з Варшавы з сябрамі. Зайшоў, убачыў адзенне на манекене і адразу сказаў: «Гэта ўсё запакуйце мне». Потым яшчэ ўзяў нейкія сувеніры, а пазней вярнуўся з сябрамі — ужо пасля адпачынку — і яшчэ нешта дакупілі. Бывалі і такія гісторыі.

Турма, новая крымінальная справа і планы на вяртанне ў Беларусь

— Пасля турмы і ад’езду з Беларусі наколькі псіхалагічна цяжка было пачынаць жыццё нанова ў Вільні?

— У маім выпадку рашэнне было простым, бо жонка ўжо была ў Вільні. Калі я вызваліўся, тут ужо была Воля, было разуменне, куды ехаць. І ў маім выпадку яна стала для мяне асабістым ментарам, чалавекам, які дапамог рэсацыялізавацца. Яна ўжо зняла жыллё, таму ў бытавым сэнсе ўсё было арганізавана, і мне было лягчэй.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Вільня, Літва. 20 лютага 2026 года. Фота: Белсат

— Пасля вызвалення на вас завялі новую крымінальную справу паводле артыкула аб знявазе прадстаўнікоў улады. Вы разумееце, што з ёй цяпер адбываецца? З вамі нехта спрабуе звязвацца?

— Канкрэтна паводле гэтай справы мне не пішуць і не прапануюць вярнуцца або даць нейкія паказанні. Часам пішуць у розныя сацсеткі, прапануюць нешта зрабіць, але я на гэта не рэагую, бо разумею, што гэта можа быць правакацыя. У мяне ёсць прытулак, і мне ўвогуле нельга камунікаваць з гэтымі структурамі. Калі мне нешта пішуць, я адразу раблю скрыншоты і дасылаю праваабаронцам. Апошняя інфармацыя, якая ў мяне была наконт гэтай справы, — што адзін з тых, хто лічыўся «зняважаным», ужо памёр. Так што там усё, відаць, у падвешаным стане.

— Пасля зняволення ў вас засталіся нейкія звычкі або страхі, якія дагэтуль уплываюць на жыццё?

— Магчыма, калі б у мяне было больш часу, я б больш пра гэта рэфлексаваў. Але цяпер у мяне на гэта проста няма часу. Думаю, калі-небудзь пазней, можа, праз некалькі гадоў, калі з’явіцца магчымасць спыніцца і падумаць, тады я змагу гэта лепш асэнсаваць.

Сузаснавальнік прасторы Kropka ў Вільні і былы палітвязень Зміцер Фурманаў

— Пры якіх умовах вы б вярнуліся ў Беларусь?

— Па-першае, павінна змяніцца ўлада. Па-другое, павінна быць праведзена рэабілітацыя — і мяне, і маёй жонкі. Па-трэцяе, у Беларусі павінна прайсці люстрацыя і павінны быць суды над тымі, хто здзяйсняў злачынствы. Калі ўсё гэта адбудзецца, тады можна будзе думаць пра вяртанне. Калі гэта здарыцца заўтра — можна будзе разглядаць такі варыянт. У мяне там жывыя бацькі, жаданне вярнуцца ёсць. Але калі гэта зацягнецца на 10-20‑30 гадоў, тады ўжо будзе складаней, бо сын вырасце, з’явяцца іншыя дзеці, іншае жыццё — і пераязджаць будзе ўжо не так проста.

Каментары1

  • ШОС Бэнд
    08.06.2026
    With love

Цяпер чытаюць

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі58

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі ў Беларусі каштавала б праца хатняй гаспадыні, калі б за яе плацілі21

Сотні мінчукоў ізноў выстраіліся ў даўжэзную чаргу20

У гродзенскіх лясах заўважылі шакала1

Пашынян запосціў рылс пераможцы пад культавы трэк1

Дзяніс Дудзінскі наведаў 100 краін — расказвае, якія ўразілі яго найбольш. Але самую жаданую краіну ён трымае на потым33

Як халат апынуўся ва ўнітазе? Мінскія сантэхнікі расказалі пра самыя дзіўныя забіцці труб

Anthropic заклікае да глабальнай паўзы ў распрацоўцы ШІ, папярэджваючы пра рызыку «самаўдасканалення»9

Самы дарагі дом у Беларусі ў маі прадалі за 1,8 мільёна даляраў

Тэлефонныя махляры прымусілі 19‑гадовую мінчанку раздзецца перад камерай 10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі58

«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць