Прамова гэтага мінскага выпускніка на лінейцы ў 2020-м узарвала інтэрнэт. Што з хлопцам цяпер?
Улад Рымашэўскі запомніўся беларусам сваёй прамовай на выпускным у 2020-м — тады 17-гадовы хлопец горача раскрытыкаваў кіраўніцтва гімназіі і выбары. «Спадзяёмся, 9 жніўня адбудуцца змены. Жыве Беларусь!» — прамаўляў юнак.
Хутка пасля таго гімназіст з’ехаў ва Украіну, а затым — у Польшчу. Хлопец вучыўся па праграме Каліноўскага, працаваў у дастаўцы і запусціў свой ютуб-канал. А аднойчы нават з’ездзіў назад у Беларусь. Распыталі маладзёна, якому цяпер ужо 22 гады, пра яго сталенне, мары аб Іспаніі і першыя сур'ёзныя стасункі.

«Я вярнуўся дадому»
Першы час у эміграцыі Улад вельмі хацеў зрабіць фільм пра Сяргея Ціханоўскага — для таго знаходзіў яго знаёмых у ЗША і Расіі, тэлефанаваў ім. Да гэтых інтэрв’ю яму не хапала кадраў з родных мясцін Сяргея.
У сваім памкненні скончыць стужку хлопец, якому тады было яшчэ 17 гадоў, вярнуўся з эміграцыі ў Беларусь: звычайным аўтобусам з Варшавы ў Мінск.

На мяжы моцна хваляваўся, яму нават здалося, што яго дакументы правяралі даўжэй за пашпарты іншых пасажыраў. Але ўсё прайшло добра.
«Праз 4-5 месяцаў ты вяртаешся дадому. Гэта было вельмі класна. Першыя крокі ў родным горадзе…
Бацькі былі ў кватэры — яны былі ў шоку, я ім нават нічога не сказаў. Мама адчыніла дзверы, глядзела на мяне. Нічога не казала — там была паўза, напэўна, на секунд дзесяць. Проста стаялі і ніхто не верыў у тое, што адбываецца. Гэта была ранняя раніца, потым тата прачнуўся».
Улад кажа, што тады пайшоў на такі крок, бо паддаўся эмоцыям. Яму здавалася, што палітычная сітуацыя ў Беларусі вось-вось можа змяніцца, і яго фільм гэтаму дапамог бы.

За некалькі тыдняў хлопец разам з аднадумцамі з’ездзіў у Гомель і ў Гродна, у вёску Агародня-Гомельская каля расійскай мяжы, дзе Ціханоўскі збіраўся адкрываць гатэль з рэстаранам, і нават у Маскву.


«Зразумеў, што тут ужо ніякі фільм не дапаможа»
Гэта было ў першай палове лістапада 2020 года — здымкі занялі каля двух тыдняў, а потым адбылося забойства Рамана Бандарэнкі. Падлетак пайшоў на акцыю, прысвечаную смерці мінчука, і там яго затрымалі. Але пасля адпусцілі — як непаўналетняга.
Хутка пасля таго Улад вярнуўся ў Варшаву, дзе пачаў вывучаць польскую мову на праграме Каліноўскага. Наступным годам Улад паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт на аддзяленне палітычнай навукі, але, адвучыўшыся адзін семестр, кінуў. Кажа, што ў бліжэйшыя гады вучыцца не збіраецца.
Фільм пра Ціханоўскага хлопец таксама не дарабіў — кажа, што тады перастаў бачыць у гэтым сэнс, і агулам расчараваўся ў дэмакратычным руху.
«Мне ў той момант здалося, што гэты фільм у чарговы раз проста ўсім нагадае пра гэта бяспраўе і несправядлівасць, якія адбываюцца ў Беларусі. І магчыма, ён бы стаў нейкай нагодай для пратэсту.
І ў нейкі момант я зразумеў, што тут ужо ніякі фільм не дапаможа. Ну і нават зараз, гледзячы на гэта праз 4-5 гадоў, агулам няма сумневаў, што ён ні на што не паўплываў бы і нічога маштабнага не здарылася б. Гэты фільм паглядзелі б, і нічога больш».
«Апошні год займаўся ютубам»
Замест актывізму Улад сканцэнтраваўся на зараблянні грошай. Студэнтам ён падпрацоўваў у дастаўцы ежы, а пасля пачаў здаваць ровар і скутар у арэнду іншым дастаўшчыкам.

Але такая праца яму надакучыла.
«Стаміўся ад працы з людзьмі, ад пастаянных стрэсаў, напружання. Таго, што пастаянна трэба быць у працы, гэтыя працэсы ідуць 24/7. Таму што скутары працуюць штодзень, у любы момант можа што заўгодна здарыцца — паломка, аварыя на дарогах, яшчэ нешта», — тлумачыць хлопец.
Тады гэты маленькі бізнэс ён прадаў і пачаў развіваць свой ютуб-канал. Цяпер на яго падпісаныя 15,5 тысячы чалавек.

Улад здымае відэа з гульняў свайго ўлюбёнага футбольнага клубу — «Барселона». Запісвае кадры з атмасферай у горадзе перад матчамі, рэакцыі фанатаў. Хлопец кажа, што хоча зрабіць блогерства сваёй асноўнай дзейнасцю і атрымліваць заробак праз рэкламу і іншае супрацоўніцтва ў ютубе.
«Былі зберажэнні, напэўна, на паўгода-год, каб цалкам займацца ютубам. Таму апошні год проста ім займаўся, і цяпер ужо ёсць нейкія прапановы па рэкламе на наступны год, будзе фінансаванне», — кажа Улад.
Футболам Улад цікавіцца з самага дзяцінства. У Варшаве для таго таксама знайшлося месца — штогод ён гуляе на Кубку Івуліна. Агулам хлопец адчувае, што ўжо цалкам адаптаваўся да новага горада і лічыць яго домам. Па-польску ён размаўляе вольна, але ўсе сябры і знаёмыя дагэтуль — беларусы.
Былы гімназіст доўга марыў аб тым, каб жыць на радзіме футбольнага клуба «Барселона», і было нават з’ехаў туды на тры месяцы. Расчараваўся — перш за ўсё, праз высокія цэны на арэнду жылля і ўзровень жыцця, які «дастаткова нізкі ў параўнанні з Польшчай».
«Гэта іспанская мара, пра якую ты думаў з самага дзяцінства, у рэальнасці аказалася чымсьці іншым», — кажа ён.
«Мы былі яшчэ звычайнымі школьнікамі»
Бацькі Улада зараз жывуць у Варшаве. Па яго словах, яму ў эміграцыі яны асабліва не дапамагалі — толькі далі 500 даляраў на пакупку ровара, калі ён аб’явіў, што будзе працаваць у дастаўцы.

Зараз хлопцу ўжо 22 гады. Ён прызнаецца, што адчувае, як хутка стаў дарослым: у эміграцыі яму давялося яшчэ падлеткам арганізаваць свой быт, прывыкнуць да новай краіны. За гэты час у яго здарыліся першыя сур’ёзныя стасункі з дзяўчынай, якія таксама яго шмат чаму навучылі.
«Зараз такое жыццё, што кожны год усё змяняецца. І думкі, і планы. Не ведаю, ці гэта толькі ў мяне так, ці гэта тыповае жыццё эмігранта. Змяняецца абсалютна ўсё, і на мінулы год ты ўжо глядзіш на сябе як на нейкае малое дзіця», — кажа былы гімназіст.
Перыядычна ён думае аб тым, што калі б не выказаўся пяць гадоў таму, то сталець у Беларусі было б прасцей, чым у замежжы. Ці, прынамсі, можна было б выбіраць. Са сваімі аднакласнікамі, якія тады яго падтрымалі, ён захоўвае кантакт — некаторыя з іх цяпер і самі жывуць у Польшчы. Але былі і тыя, якія асудзілі ўчынак хлопца — яны зусім зніклі з жыцця.
Улад згадвае, што большасць школьнікаў у яго гімназіі да 2020 года агулам не ведалі нічога пра палітыку ў краіне. А сам ён з сябрамі часам цікавіўся ёй проста таму, што адміністрацыя прасіла не хадзіць на мітынгі апазіцыі. Праз такія перасцярогі яны даведваліся пра Курапаты і пра акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй.
«Тады мы былі яшчэ звычайнымі школьнікамі, дзецьмі, і не разумелі, што там адбываецца. Нам было проста цікава туды паехаць, таму што нам сказалі, што нельга», — распавядае хлопец.
Што дакладна ён цяпер хоча рабіць са сваім жыццём, Улад не ведае. Думае, што хацеў бы паехаць з Польшчы далей — у паўночныя краіны ці ў Швейцарыю.
Каментары
А наконт жыцця: ён яшчэ маладэча, таму цалкам мусіць засяродзіцца на тым, каб адказваць за сваё жыццё самастойна. Ані Лукашэнка, ані Дуда з Ціханоўскім ніколі яму не дапамогуць - таму хай перад тым як галасіць на плошчах падсцеліць сабе досведу ці хоць бы грантаў якіх. Для іх таксама трэба ведаць, як тую заяўку напісаць!