Вайна11

УСУ ўпершыню знішчылі расійскі верталёт оптавалаконным дронам

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў пра знішчэнне расійскага ўдарнага верталёта «Ка-52 «Алігатар» у Данецкай вобласці. Камандуючы Сіл беспілотных сістэм Роберт Броўдзі («Мадзяр») удакладніў, што знішчыць верталёт удалося з дапамогай оптавалаконнага дрона. Гэта першы такі выпадак за час расійска-ўкраінскай вайны, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Расійскі ўдарны верталёт Ка-52 у аб’ектыве камеры ўкраінскага оптавалаконнага FPV-дрона. Фота: Сілы беспілотных сістэм УСУ

Камандаванне СБС таксама апублікавала відэа збівання. На кадрах відаць, як міма ўкраінскага FPV-дрона нізка над зямлёй пралятаюць два расійскія верталёты. Аператару ўдаецца атакаваць сустрэчным курсам адзін з іх. Траплянне прыйшлося ў боекамплект ракет пад левым крылом, які імгненна ўспыхнуў. Страціўшы кіравальнасць, Ка-52 упаў на зямлю.

Падбіты Ка-52 падае на зямлю на Пакроўскім кірунку. Яго пілот і штурман выжылі, але пасля былі ліквідаваныя ўкраінскімі FPV-дронамі. Фота: Сілы беспілотных сістэм УСУ

«У выніку аварыйнай пасадкі экіпаж верталёта спрабаваў выратавацца, аднак быў своечасова выяўлены і ліквідаваны пілотамі са складу 414‑й брыгады «Птушкі Мадзяра», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.

Кіравалі FPV-дронам аператары батальёна «Драпежнікі вышынь» 59‑й асобнай штурмавой брыгады беспілотных сістэм. Для гэтага падраздзялення гэта ўжо другое знішчэнне расійскага верталёта. У верасні 2025 года ім удалося звычайным FPV-дронам «упаляваць» транспартна-баявы верталёт Мі-8 на Пакроўскім кірунку.

Увечары 20 сакавіка прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выдаў указ аб узнагароджанні чатырох байцоў экіпажа дронаў, якія збілі Ка-52. Яны ўзнагароджаныя ордэнамі «За мужнасць» II ступені.

Што гэта за верталёт

Ка-52 (Hokum B па класіфікацыі НАТА, таксама вядомы як «Алігатар») — расійскі разведвальна-баявы верталёт коштам каля 16 мільёнаў даляраў. Армія РФ актыўна яго выкарыстоўвае з пачатку вайны для абстрэлаў украінскіх пазіцый і тэхнікі.

З узбраення ён мае хуткастрэльную гарматную ўстаноўку і супрацьтанкавы ракетны комплекс (СТРК) «Вихрь» з лазернай сістэмай навядзення. Ка-52 можа дадаткова браць на борт кіраваныя ракеты класа «паветра — паветра» блізкага бою Р-73 і «Игла-В», а таксама некіраваныя ракеты «паветра — зямля». Верталёт абсталяваны ўласнай радарнай сістэмай і мае браняваную капсулу для экіпажа, якая катапультуецца. Гэты верталёт вырабляецца ў Расіі з 2008 года.

Чым ён быў знішчаны

Збіты ўдзень 20 сакавіка верталёт стаў 350-м, які Расія страціла ва Украіне з пачатку вайны, згодна са статыстыкай Генштаба УСУ. Аднак большасць з іх былі збітыя ракетным узбраеннем, а таксама ПЗРК (пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі).

Упершыню з дапамогай звычайнага радыёкіраванага FPV-дрона ўдалося збіць расійскі верталёт у жніўні 2024 года. Гэта быў Мі-8 паблізу Данецка. У верасні 2025 года верталёт Мі-8 быў збіты паблізу вёскі Катляроўка (Данецкая вобласць) з дапамогай FPV-квадракоптара. У лістападзе 2025 года ўкраінцам удалося паразіць яшчэ адзін Мі-8 у небе над Растоўскай вобласцю з дапамогай deep-strike дрона.

У пачатку сакавіка Вайскова-марскія сілы Украіны правялі аперацыю па знішчэнні расійскага супрацьлодкавага верталёта Ка-27, які садзіўся на буравую платформу «Сіваш» у Чорным моры. Украінскі безэкіпажны катар (БЭК), імаверна, даставіў у мора на адлегласць амаль 100 км ад берага ўдарны FPV-дрон, які атакаваў верталёт у палёце.

Ка-52 «Алігатар» — асноўны ўдарны верталёт арміі РФ. Аднак, паводле падлікаў аналітыкаў, за 4 гады яна страціла падчас баявых дзеянняў амаль 100 такіх машын. Фота: Мінабароны РФ

Оптавалаконныя FPV-дроны з’явіліся на фронце ў другой палове 2024 года. Іх пачалі масава выкарыстоўваць расіяне для атак на ўкраінскія машыны, бранятэхніку і жывую сілу. Праз тое, што оптавалаконныя дроны няўразлівыя да сістэм РЭБ, ім цяжка супрацьдзейнічаць.

Аднак яны маюць і недахопы. Оптавалакно далікатнае і ломкае, а таксама мае абмежаваны радыус дзеяння. Кіраванне такім дронам патрабуе майстэрства аператара, бо манеўранасць беспілотніка абмежаваная. У 2025 годзе Украіна пачала нарошчваць вытворчасць сваіх сістэм на оптавалакне і да канца года змагла запусціць у серыйную вытворчасць адразу некалькі вырабаў.

Дрон, які знішчыў расійскі верталёт Ка-52, мае кошт каля 1 тысячы даляраў. Ён ляціць з хуткасцю каля 110 км/г на адлегласць да 20 км на вышыні да 1 км.

Каментары1

  • Беларус з-пад Вільні
    21.03.2026
    Данаціў, даначу і буду данаць на дроны і дапамогу ўкраінскім ваярам!

Цяпер чытаюць

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах4

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Усе навіны →
Усе навіны

Джэнсэн Хуанг пакінуў пасаду генеральнага дырэктара Nvidia1

Пуцін прапанаваў правесці новую гуманітарную аперацыю паводле ўзору Алешак6

У ЗША бацька закапаў дзіця ў пераносцы для сабак. Але яно выжыла, правёўшы пад зямлёй суткі3

Маці, якая страціла дзвюх дачок у ДТЗ пад Оршай, асудзілі на тры гады зняволення. За яе просяць заступіцца1

Пуцін: Замежныя войскі ва Украіне будуць законнымі цэлямі для расійскіх вайскоўцаў8

Каго вышуквае міліцыя? Па 39% — палітычных і аліментшчыкаў. Рэшта — усе астатнія артыкулы ФОТАФАКТ

Ціханоўская пачала ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці з сустрэчы з Зяленскім6

Навагодняя шкатулка «Камунаркі» выклікала ажыятаж у сацсетках9

Беларусы начамі стаяць у чарзе, каб уладкавацца на склад Wildberries у «Вялікім камені» з заробкам ад 1500 рублёў26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах4

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць