Польшча збіраецца працягнуць для беларусаў спрошчаны парадак атрымання праязных дакументаў
Польшча плануе працягнуць да 31 снежня 2025 года спрошчаную працэдуру выдачы беларусам праязнога дакумента іншаземца. Адпаведны праект распараджэння Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ўжо ўключаны ў базу праўрадавай заканадаўчай ініцыятывы, піша Most.

Гэты дакумент з’яўляецца часовай заменай пашпарта — яго выдаюць іншаземцам, калі іх пашпарт страчаны, пратэрмінаваны або няма магчымасці атрымаць новы.
Спрошчаная працэдура адрозніваецца ад звычайнай тым, што:
- дакумент могуць атрымаць нават тыя беларусы, якія ніколі раней не мелі ніякага праязнога дакумента, у тым ліку дзеці;
- не патрабуецца даказваць, што няма магчымасці атрымаць новы пашпарт у беларускіх уладаў;
- для падачы заявы дастаткова нават часовага дазволу на жыхарства, незалежна ад яго падставы;
- беларусы цалкам вызваленыя ад аплаты за выдачу дакумента.
У тлумачальнай запісцы адзначаецца, што гэтае рашэнне палепшыць сітуацыю грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы і не могуць звярнуцца па беларускі пашпарт з-за страху перад вяртаннем на радзіму або кантакту з беларускімі ўладамі.
Колькасць такіх заяў ад беларусаў няспынна расце: калі ў 2020 годзе іх было ўсяго 6, то ў 2023 годзе ўжо 1460, у 2024 — 3893, а толькі за першыя тры з паловай месяцы 2025 года — 1494.
Адпаведна, расце і колькасць выдадзеных праязных дакументаў: у 2023 годзе — 983, у 2024 — 3328, а з пачатку 2025 года — 1272.
Улады Польшчы мяркуюць, што працяг дзеяння спрошчаных умоваў адпавядае агульнай палітыцы падтрымкі беларусаў, якія апынуліся ў складанай сітуацыі.
Больш за 185 тысяч грамадзян Беларусі валодаюць дзейнымі ДНЖ у Польшчы
Беларусаў з жэнеўскімі пашпартамі не пусцілі ў Варшаве на самалёт у Малдову
«Удзелу ў пратэстах ужо недастаткова». Беларуска не без цяжкасцяў атрымала міжнародную абарону ў Польшчы
«Паперка, а не падстава для выезду». Беларуса з польскім праязным дакументам не пусцілі на самалёт
Каментары