Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў Генадзя Шапавалава новым камандуючым Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны. Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце Офіса прэзідэнта Украіны, піша «Украінская праўда».

Раней Шапавалаў узначальваў войскі аператыўнага камандавання «Поўдзень», але пакінуў гэтую пасаду ў лютым 2025 года. У студзені прэзідэнт Украіны даручыў яму каардынаваць пытанні бяспекі і супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі ў нямецкім Вісбадэне.
Генадзь Шапавалаў — ураджэнец Кіраваградскай вобласці, нарадзіўся ў 1978 годзе. З адзнакай скончыў Інстытут танкавых войск у Харкаве, а пазней — Камандна-штабны інстытут Нацыянальнага ўніверсітэта абароны Украіны. Прайшоў шлях ад камандзіра танкавага ўзвода да камандзіра асобнай мотапяхотнай брыгады імя Якава Гандзюка. У 2022 годзе атрымаў званне брыгаднага генерала.
Пасада камандуючага Сухапутнымі войскамі стала вакантнай пасля адстаўкі 1 чэрвеня Міхаіла Драпатага. Ён напісаў адпаведны рапарт пасля трагічнай падзеі, калі расійскі ракетны ўдар па навучальнай частцы Сухапутных войскаў прывёў да гібелі як мінімум 12 вайскоўцаў і больш чым 60 параненых. Пазней Драпатага прызначылі камандуючым Аб’яднанымі сіламі, дзе ён будзе займацца выключна баявымі задачамі.
Каментары