Меркаванні77

Славацкі палітолаг, былы кіраўнік амерыканскага фонду PACT лабіруе збліжэнне з Лукашэнкам

У сваім новым артыкуле Балаж Ярабік заклікае адысці ад «маральна абумоўленага» падыходу да Беларусі і пачаць кіравацца геапалітычным рэалізмам.

Балаж Ярабік. Фота 444.hu

Палітолаг і паліттэхнолаг, Ярабік з 2008 да 2016 года ўзначальваў беларускі кірунак амерыканскай фундацыі PACT. Пасля ён быў даследчыкам пры аналітычных цэнтрах і працаваў у маніторынгавай місіі ЕС ва Украіне. Ярабік яшчэ перад 2020 годам заслужыў рэпутацыю прыхільніка збліжэння Захаду з афіцыйным Мінскам замест падтрымкі апазіцыі.

У сваім новым артыкуле, напісаным для сайта Carnegie Politika, Ярабік фармулюе, як магла б выглядаць новая палітыка Еўрасаюза, якая б на гэтым этапе задаволіла лукашэнкаўцаў.

«Калі працягваць разглядаць Беларусь як маральнае пытанне, а не як геапалітычную праблему, ЕС рызыкуе зрабіцца неактуальным у рэгіёне, дзе вынікі будуць вызначацца рычагамі ўплыву, а не настроямі ў грамадствах», — піша палітолаг.

Прыводзім ягоны артыкул з нязначнымі скарачэннямі. Пішыце ў каментарах, што думаеце пра такую ацэнку сітуацыі.

Сітуацыя ў Беларусі: Ізаляцыя

Беларусь знаходзіцца ў стане амаль поўнай ізаляцыі пасля жорсткага задушэння масавых пратэстаў, якія спалахнулі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года — выбараў, якія масава асуджаліся як сфальсіфікаваныя. Прымусовая пасадка рэйса Ryanair у 2021 годзе для арышту Рамана Пратасевіча выклікала беспрэцэдэнтныя санкцыі, уключаючы закрыццё беларускай паветранай прасторы. Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, пачатае часткова з беларускай тэрыторыі, яшчэ больш паглыбіла адчужэнне Мінска ад Захаду.

У Бруселі абмеркаванне палітыкі ў дачыненні да Беларусі стала пытаннем казытлівым. Еўрасаюз загнаў сябе ў нарматыўныя рамкі, пабудаваныя вакол сваіх лагічных партнёраў: беларускай апазіцыі, арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ ў выгнанні. Такая інстытуцыйная арыентацыя забяспечвае як маральную яснасць, так і бюракратычны камфорт, дазваляючы чыноўнікам ЕС сцвярджаць, што іх палітыка служыць беларускаму народу. Аднак многія беларусы — асабліва тыя, хто мае вельмі абмежаваныя магчымасці падарожнічаць у Еўропу — імаверна, успрымаюць сітуацыю інакш.

Стан спраў

Паколькі вайна ва Украіне ўступае ў вырашальную фазу, Беларусь — маргіналізаваная з часоў пратэстаў 2020 года і ўварвання 2022 года — зноў выходзіць на стратэгічны пярэдні план.

На ўнутраным фронце рэжым Лукашэнкі сігналізуе аб сваім жаданні пакінуць ззаду жорсткія ўспаміны пратэстаў 2020 года, каб атрымаць прастору для дыялогу з Захадам — гэтыя намаганні найбольш выразна адзначаюцца павольным вызваленнем палітычных зняволеных [непраўдзівае сцвярджэнне. У рэальнасці ўлады дэманстратыўна не распаўсюдзілі апошніх амністый на зняволеных па палітычных артыкулах, а па-за амністыямі датэрмінова выпусцілі на свабоду толькі невялікую колькасць палітзняволеных, пераважна малавядомых, прычым многіх з іх вызвалілі пры ўмове выезду з краіны. У той жа час працягваліся арышты, а многім знакавым палітвязням дадавалі тэрміны.НН].

На міжнародным узроўні змена палітыкі ЗША пры адміністрацыі Трампа, уключаючы намаганні па спыненні вайны ва Украіне праз дыпламатычную адлігу з Расіяй, унесла новыя пераменныя.

Унутраны палітычны ландшафт Беларусі ў значнай ступені стабілізаваўся. Дваістасці, якая ненадоўга ўзнікла пасля масавых пратэстаў 2020 года, больш няма, і прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, адстаўкі якога патрабавалі, з дапамогай рэпрэсій аднавіў кантроль над краінай. Апазіцыя ў выгнанні захоўвае значны ўплыў на заходні дыскурс, але яе прысутнасць унутры краіны і ўплыў унутры краіны малыя. Гэты дысканект падкрэслівае заўсёдную праблему палітыкі Захаду: пераацэнку ўплыву апазіцыі.

У той жа час Мінск сутыкаецца з ростам залежнасці ад Расіі — як эканамічнай, так і ў вайсковым плане. Вайна ва Украіне толькі ўзмацніла гэтае збліжэнне яшчэ больш. Хоць Беларусь застаецца найбліжэйшым саюзнікам Масквы, яна востра ўсведамляе, што рашучая перамога Расіі можа сцерці тую невялікую аўтаномію, якую захоўвае Мінск. У гэтым кантэксце Беларусь паказала прыкметы пошуку шляхоў новага абмежаванага збліжэння з Захадам. Прычыны для гэтага — унутраная стомленасць ад вайны, рост незадаволенасці расійскім дамінаваннем і нарастанне эканамічных праблем.

Прапанаваныя канстытуцыйныя рэформы, накіраваныя на вырашэнне крызісу 2020 года, зайшлі ў тупік, яны замарожаныя ў выніку прыярытэту бяспекі над палітычнымі рэформамі. Нежаданне Мінска дазволіць вяртанне эмігрантаў, нягледзячы на сур'ёзны недахоп працоўнай сілы, адлюстроўвае імкненне рэжыму па-ранейшаму стрымліваць грамадства праз страх. Крымінальныя справы, звязаныя з пратэстамі 2020 года, працягваюць выкарыстоўвацца для падаўлення іншадумства і каб адстрашваць людзей ад вяртання.

Суверэнітэт для Мінска застаецца цэнтральнай фігурай рыторыкі, але Мінск і рэальна ім заклапочаны. Беларускія афіцыйныя асобы пастаянна падкрэсліваюць незалежнасць сваёй краіны, настойваючы на тым, што ніводзін беларускі вайсковец не ўвайшоў ва Украіну. Нягледзячы на ўсё больш варожую пазіцыю Кіева, Мінск захаваў гуманітарны дыялог і дыялог у сферы бяспекі, у тым ліку ён спрыяе абменам палоннымі — дапаможны канал, пра які рэдка згадваюць.

Балаж Ярабік прапануе паглыбляць супрацу з афіцыйным Мінскам. Ілюстрацыйнае фота: нарада ў Гомелі — фота прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкама

Занепакоеныя суседзі

Стратэгічныя трывогі Беларусі ўзмацняюцца напорыстай (assertive) пазіцыяй яе заходніх суседзяў. Пасля беспрэцэдэнтных пратэстаў 2020 года Літва дала прытулак апазіцыі і заняла цвёрдую «ястрабіную» пазіцыю. Польшча, хоць і з'яўляецца значным эканамічным партнёрам, для Мінска ўяўляе праблему. Яна хутка нарошчвае вайсковую магутнасць, што выклікана страхам перад расійскай агрэсіяй і занепакоенасцю тым, што Крэмль можа выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў ваенных мэтах, як гэта адбылося ў 2022 годзе, і гэтае нарошчванне ўскладняе разлікі Мінска. Не маючы магчымасці трымаць з Варшавай баланс у вайсковым плане, Беларусь замест гэтага імкнецца праецыраваць сілу, каб супакоіць Маскву і прадухіліць больш глыбокае разгортванне расійскіх сіл.

Унутры ЕС дамінуючая палітычная канцэпцыя, заснаваная на маралі [меркаванне, што амаральна супрацоўнічаць з настолькі рэпрэсіўным і агрэсіўным рэжымамНН] застаецца нязменнай. Інстытуцыйная інерцыя, бюракратычны камфорт і даўнія наратывы працягваюць дамінаваць.

Літва і Польшча аказваюць нязменную падтрымку беларускай апазіцыі і выступаюць супраць любога ўзаемадзеяння з мінскім рэжымам. Францыя і Германія дэманстравалі большую гнуткасць, але яны фактычна саступілі ініцыятыву вызначэння палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі Літве і Польшчы. Гэта адлюстроўвае як той факт, што Беларусь адносна нізка стаіць у замежнапалітычным парадку дня Парыжа і Берліна, так і той факт, што Францыі і Германіі важна перадусім захаваць адзінства па ўкраінскім пытанні.

Нават некаторыя дзеячы апазіцыі ў выгнанні пачынаюць пераходзіць да больш прагматычнай лініі, падкрэсліваючы, што галоўнае — вызваліць палітзняволеных і каб беларуская дзяржаўнасць захавалася.

Зрух у палітыцы ЗША

Эвалюцыя ў палітыцы ЗША, якую мы назіраем апошнім часам, адлюстроўвае больш шырокую стратэгічную пераацэнку, якая распачалася яшчэ пры адміністрацыі Джо Байдэна і цяпер працягнулася пад кіраўніцтвам дзяржсакратара Марка Рубіа. Вынік гэтага перагляду быў цвярозым: наяўны падыход, скіраваны на падтрымку дэмакратычнай апазіцыі, не прывёў да значных перамен. З'явілася перагледжаная стратэгія, ініцыяваная Дзяржаўным дэпартаментам, якая засяроджаная на стабілізацыі сувязяў з Мінскам замест дэмакратызацыі Беларусі.

Гэты зрух абумоўлены некалькімі матывацыямі: жаданнем спыніць вайну ва Украіне; занепакоенасцю з нагоды ўзмацнення ролі Кітая ў Еўразіі, у тым ліку ў Беларусі; транзакцыйнымі інстынктамі [схільнасцю да заключэння здзелакНН] замежнай палітыкі Трампа. Мэта заключаецца не ў нармалізацыі адносін з Мінскам, а ў дасягненні гуманітарных вынікаў дыпламатычнымі сродкамі, зніжэнні расійскага ўплыву і захаванні прасторы для будучай дыпламатыі.

Падыход Вашынгтона быў больш гнуткім і стрыманым. Ён прапанаваў паслабленне санкцый у абмен на вызваленне зняволеных, адрозніваючы дзве катэгорыі: санкцыі паводле Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, якія падлягаюць перамовам, і тыя санкцыі, што звязаныя з падтрымкай Беларуссю вайны ва Украіне, якія не падлягаюць. Прамое ўзаемадзеянне з Лукашэнкам, з акцэнтам на павагу і цвёрдасць, прынесла абмежаваныя, але адчувальныя вынікі. Новы этап ўзаемадзеяння з афіцыйным Мінскам на высокім узроўні можа распачацца з візіту ў Беларусь генерала Кіта Келага, спецыяльнага пасланніка прэзідэнта Трампа па Украіне.

ЗША таксама вывучаюць дадатковыя стымулы, уключаючы аднаўленне паветранага злучэння з Беларуссю і адмену санкцый супраць «Беларуськалія», у чаканні каардынацыі з партнёрамі з ЕС. Ключавая задача [амерыканцаў] — абмежаванне выкарыстання расійскімі вайскоўцамі беларускай паветранай прасторы, гэта быў бы сімвалічны і стратэгічны крок. Мінск таксама зрабіў сціплыя крокі па стрымліванні міграцыйных плыняў праз сваю тэрыторыю, такія, як абмежаванне выдачы віз і спыненне садзейнічання доступу мігрантаў з Блізкага Усходу да мяжы з ЕС.

Беларускі «балкон»

Устойлівая палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі не можа будавацца без уліку яе зменлівай сітуацыі ў сферы бяспекі. Беларусь больш не «мяккі фланг». Так званы «беларускі балкон» перажыў мілітарызацыю: тут размясцілі тактычную ядзерную зброю (яе кантралюе Масква), супрацьпаветраная абарона ўзмоцненая, узмацнілі і баяздольнасць арміі. Усё гэта мае стрымліваючы характар.

Галоўнай мэтай Лукашэнкі застаецца пазбегчы непасрэднага ўдзелу ў вайне: мэта, якая супадае з інтарэсамі еўрапейскіх лідараў, а таксама Украіны. Беларусь таксама валодае важнымі актывамі: крытычна важным транзітным калідорам, шляхам для кітайскага гандлю і, як заяўляюць афіцыйныя асобы ў Мінску, каштоўным «акном» ва ўнутраную дынаміку Расіі.

У той жа час расійскі ўплыў у Беларусі застаецца глыбокім. Маючыя адбыцца сумесныя вайсковыя вучэнні «Захад-2025» паміж Беларуссю і Расіяй, якія павінны прайсці ў верасні ў Беларусі, як чакаецца, узмацняць рэгіянальную напружанасць. Аднак Мінск абяцае абмежаваць маштаб вучэнняў і перанесці іх далей ад сваіх заходніх межаў, пасылаючы сігналы аб жаданні дээскалацыі.

Характэрна, што пасля нядаўняга візіту Лукашэнкі ў Пекін Беларусь адзначыла, што пачне адмену сваіх аднабаковых контрсанкцый супраць Захаду. Адмена ўжо пачалася, пачынаючы з пэўных сельскагаспадарчых прадуктаў, такіх як бульба, і, верагодна, пашырыцца на іншыя тавары [памылковае сцвярджэнне. Адмена контрсанкцый супраць сельгаспрадукцыі тлумачыцца не вынікамі візіту ў Пекін, а вострым дэфіцытам сельгаспрадукцыі ў краіне ў гэтым сезонеНН]. Гэтыя меры з'яўляюцца не толькі жэстам у бок Захаду, але і адлюстроўваюць шырэйшыя геапалітычныя змены: у кантэксце ізраільска-іранскай вайны Кітай усё больш зацікаўлены ў забеспячэнні і пашырэнні паўночнага транзітнага калідора праз Беларусь.

Для Мінска Пекін, а не Брусэль, усё часцей становіцца галоўным ураўнаважваючым фактарам супраць расійскага ўплыву. Паколькі сувязі з Захадам застаюцца замарожанымі, Беларусь усё больш звяртаецца да Кітая, каб дыверсіфікаваць свае знешнія партнёрствы і вярнуць хоць нейкую ступень стратэгічнай аўтаноміі. Гэтая ўсё большая залежнасць ад Пекіна адлюстроўвае як прагматычныя эканамічныя разлікі, так і пераацэнку замежнапалітычных вектараў, накіраваную на кампенсацыю дамінавання Масквы без правакавання Крамля.

Чырвоныя лініі і дыялог

Беларускія афіцыйныя асобы выказалі зацікаўленасць у дыялогу з ЕС, але настойваюць, што ён павінен быць паступовым, структураваным і адпавядаць ключавым эканамічным інтарэсам. Гандаль, транзіт і транспарт стаяць на першым месцы парадку дня, за імі ідзе кантраляванае ўзаемадзеянне па пытаннях палітычных зняволеных і грамадзянскай прасторы. Паэтапнае вызваленне затрыманых, разам з аўтаматычным спыненнем крымінальных спраў пасля пяці гадоў, сігналізуе пра асцярожныя адкрыцці [непраўдзівае сцвярджэнне: ані паэтапнага вызвалення пакуль не назіраецца, ані тым больш, спынення новых выпадкаў крымінальнага пераследуНН].

Мэты Мінска ясныя: ён адмаўляецца станавіцца аванпостам НАТА і не жадае ісці па шляху ператварэння ў расійскага васала. Ён імкнецца да стратэгічнай аўтаноміі, але ў новых рамках, утвораных заходнімі санкцыямі і вайной Расіі.

Адносіны з Літвой і Польшчай застаюцца найбольш складаным момантам.

Літоўская палітыка ў Мінску разглядаецца як нягнуткая і карная.

Польшча, нягледзячы на ўзмацненне свайго вайсковага патэнцыялу, застаецца патэнцыйна важным эканамічным партнёрам і разглядаецца як больш прагматычны суразмоўца. Некаторыя прыкметы патэнцыйнага дыялогу хоць і сціплыя, але назіраюцца, але ўзаемны давер застаецца нізкім. За кратамі застаецца журналіст Андрэй Пачобут, ёсць пытанні і да стаўлення Беларусі да польскай меншасці, гэтыя два моманты працягваюць ускладняць адносіны.

Перспектывы ўзаемадзеяння

Мінск сігналізуе аб гатоўнасці да ўзаемадзеяння — але на ўласных умовах. Эканамічны ціск, палітычная ізаляцыя і рост пагроз бяспецы стварылі ціск для дыялогу, але адначасова ўзмацнілі асцярожнасць рэжыму. Павольнае, з халодным разлікам вызваленне палітычных зняволеных падкрэслівае гэтую дваістасць. Для Мінска неперагорнутая старонка пратэстаў 2020 года застаецца крыніцай унутранай пагрозы; для ЕС саўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны застаецца палітычнай чырвонай лініяй.

З пункту гледжання Мінска, нядаўнія крокі — у тым ліку стрыманасць у ваенным плане, ціхія дыпламатычныя крокі і яго роля ў садзейнічанні абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй — уяўляюць сабой прыкметы стратэгічнай адказнасці. Мінск імкнецца не да разрыву з Масквой, а да прызнання за сабой асаблівай пазіцыі ў расійскай сферы ўплыву.

Апошні пакет санкцый ЕС зноў ставіць Беларусь на адну планку з Расіяй, узмацняючы ўспрыманне Мінска, што тонкая дыферэнцыяцыя больш немагчымая. Калі гэтая траекторыя захаваецца, Еўрасаюз рызыкуе стымуляваць Беларусь адмовіцца ад свайго асцярожнага балансавання, наколькі б нязручным яно ні было, і больш адкрыта далучыцца да ваенных намаганняў Расіі — а такі вынік супярэчыў бы інтарэсам бяспекі Украіны і звужаў бы і без таго вузкую прастору для дыпламатычнага манеўравання.

Без прагрэсу ў кірунку спынення вайны ва Украіне істотная нармалізацыя паміж Беларуссю і ЕС застаецца недасяжнай. Поўная нармалізацыя наўрад ці адбудзецца пры Лукашэнку. Аднак абмежаванае ўзаемадзеянне ў асобных сектарах і па асобных тэмах — па палітычных зняволеных, сітуацыі на межах або рэгіянальным транзіце — па-ранейшаму магчымае і ўсё больш неабходнае.

Змяненне палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі не азначае падтрымкі рэжыму. Гаворка ідзе пра ліквідацыю стратэгічна небяспечнай «сляпой плямы». Калі працягваць разглядаць Беларусь як маральнае пытанне, а не як геапалітычную праблему, ЕС рызыкуе зрабіцца неактуальным у рэгіёне, дзе вынікі будуць вызначацца рычагамі ўплыву, а не настроямі ў грамадствах.

Каментары7

  • Поцык
    19.06.2025
    Словакия вольна выйти из состава Евросоюза и НАТО, и вступить в состав России. Проголосовать за пророссийского кандидата - это "великолепный" выбор словацкого народа.
  • Ёсік
    19.06.2025
    На алежку гайдукевіча падобны, такі ж рукасты.
  • Слуги дьявола
    19.06.2025
    Дешево купленный политолог

Цяпер чытаюць

Пратэжэ лукашэнкаўскага фаварыта Баскава будуе акадэмію ў Бразіліі і Нью-Васюкі сусветнага маштабу1

Пратэжэ лукашэнкаўскага фаварыта Баскава будуе акадэмію ў Бразіліі і Нью-Васюкі сусветнага маштабу

Усе навіны →
Усе навіны

Як за мяжой аформіць «пашпарт РР» і колькі гэта каштуе?8

Шарэнда-Панасюк асудзіла візіт Келага да Лукашэнкі: Знайшоўся купец, гатовы гандлявацца93

Затрымалі 56 супрацоўнікаў кол-цэнтраў, якія падманам прадавалі БАДы3

Вальфовіч: «Арэшнік» размесцяць у Беларусі да канца года11

Дзяржвыданне размазала прадпрымальніка-лукашыста, які праз тыкток скардзіўся Лукашэнку на мясцовыя ўлады6

У Беларусі прапануюць забараніць пераходзіць чыгуначныя рэйкі ў навушніках1

Студэнта з Кот д'Івуара публічна судзілі ва ўніверсітэце ў Гродне, яго вышлюць з краіны2

Дураў расказаў, што думае пра Маска, Цукерберга і Альтмана2

Шматдзетную маці, якая працавала ў банку і вяла блог, пасадзілі ў калонію і назвалі тэрарысткай7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пратэжэ лукашэнкаўскага фаварыта Баскава будуе акадэмію ў Бразіліі і Нью-Васюкі сусветнага маштабу1

Пратэжэ лукашэнкаўскага фаварыта Баскава будуе акадэмію ў Бразіліі і Нью-Васюкі сусветнага маштабу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць