Лукашысты спрабуюць дабіцца выдачы ім беларусаў праз Інтэрпал, пазначаючы непалітычныя артыкулы
Алегу (імя зменена з меркаванняў бяспекі), які ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года, давялося выехаць у Польшчу па палітычных матывах. Ён атрымаў міжнародную абарону, пасяліўся ў новай краіне і спакойна жыў. Да таго дня, як да яго прыйшлі паліцэйскія. Аказалася, Беларусь абвясціла яго ў вышук праз сістэму Інтэрпала і запатрабавала выдаць свайго грамадзяніна. Прычына — нібыта распаўсюд наркотыкаў, піша «Люстэрка».

«Білі па рэбрах, патрабуючы разблакаваць тэлефон»
У 2020 годзе мінчук Алег браў удзел у пратэстах. Мужчына выходзіў на нядзельныя маршы, актыўна абмяркоўваў падзеі ў дваровых чатах і ў асабістых перапісках з сябрамі і сваякамі.
Ён сцвярджае, што падчас актыўнай стадыі пратэстаў яго не затрымлівалі. З увагай сілавікоў беларус сутыкнуўся ў пачатку студзеня 2023-га, калі аднойчы не знайшоў на месцы свой аўтамабіль.
«Адразу ж патэлефанаваў па нумары 102 і паведаміў пра магчымы ўгон, — успамінае ён. — Дзяжурны сказаў, што аўто эвакуявалі супрацоўнікі ДАІ, бо я знаходжуся ў вышуку. Прычына — нібыта я нядаўна патэлефанаваў участковаму інспектару міліцыі і сказаў фразу «Жыве Беларусь». Прапанавалі з'явіцца ў аддзяленне міліцыі. Маўляў, у дачыненні да мяне вядзецца адміністрацыйны працэс праз парушэнне парадку пікетавання. Але я ніколі не тэлефанаваў нікому з участковых».
Алег вырашыў не ісці ў аддзяленне. Забраць машыну са штрафстаянкі змог сваяк, на якога была аформленая даверанасць. Сам жа мужчына памяняў месца жыхарства і сім-карту. Але праз некалькі тыдняў сілавікі ўсё ж знайшлі яго.
«Кватэру і тэлефон я памяняў, але працягваў ездзіць на той жа машыне — іншай не было, — прызнаецца суразмоўца. — У канцы студзеня 2023-га мяне высачылі — чакалі ўжо каля аўто. Іх было чалавек з дзесяць, на двух «Джылі». Адзін з сілавікоў паказаў пасведчанне, машыну абшукалі, нацягнулі шапку мне на вочы і павезлі на допыт.
Ужо ў аддзяленні білі па рэбрах, патрабуючы разблакаваць тэлефон. Казалі, што ведаюць пра мае асабістыя перапіскі, у якіх мы з сябрамі абмяркоўвалі магчымыя сцэнары сыходу Лукашэнкі. Сказалі, што я знаходжуся ў статусе падазраванага па крымінальнай справе — артыкул я не запомніў. Потым быў яшчэ ператрус дома, пасля чаго мяне адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна».
У ізалятары беларус правёў трое сутак. Затым яго адпусцілі пад абавязацельства аб яўцы.
«Следчая сказала, што забароны на выезд з краіны ў мяне няма, але яны нейкім чынам згубілі мой пашпарт, таму параіла зрабіць новы, — расказвае Алег. — Я адразу ж падаў заяву на біяметрычны, бо яго робяць хутчэй, чым звычайна. Дакумент быў гатовы праз некалькі дзён. Забраў і адразу ж паехаў у Маскву, адтуль — самалётам у Калінінград. Па прылёце накіраваўся на мяжу з Польшчай. Расійскі памежнік заўважыў, што ў пашпарце няма польскай візы, але неахвотна прапусціў».
На польскай мяжы Алег адразу ж падаў заяву аб атрыманні дадатковай міжнароднай абароны. У лагер для ўцекачоў беларуса не адправілі, бо ў Варшаве ўжо жыла ягоная сястра. Яна і дала месца для пражывання.
«Станоўчае рашэнне па заяве прыйшло вельмі хутка — месяцы праз тры. Я атрымаў магчымасць легальна жыць у Польшчы, знайшоў уласнае жыллё і працу і ўжо нават пачаў забываць пра тое, што здарылася са мной у Беларусі», — кажа мужчына.
«Пракурорка выслухала паказанні, сказала не хвалявацца»
Але праз амаль год Алегу прыйшлося ўсё ўспомніць. 15 студзеня 2024 года ў ягоную варшаўскую кватэру прыйшлі польскія паліцыянты.
«Сказалі, што вымушаныя мяне затрымаць, таму што Беларусь патрабуе праз Інтэрпал выдаць мяне праз парушэнне антынаркатычнага заканадаўства, — апісвае сітуацыю суразмоўца. — Я разгубіўся і нават не сказаў паліцыянтам, што знаходжуся пад абаронай. Ужо ў пастарунку яны самі гэта зразумелі, калі ўбачылі адпаведную адзнаку на пластыкавай картцы, якая пацвярджае дазвол на жыхарства ў Польшчы. Адзін з паліцэйскіх сказаў, што гэта мяняе справу. І мяне адвезлі ў пракуратуру».
Па словах Алега, супрацоўніца пракуратуры паставілася да сітуацыі з разуменнем. Яму дазволілі азнаёміцца з запытам беларускіх уладаў у Інтэрпал. Там пазначалася, што пры затрыманні ў студзені 2023-га сілавікі знайшлі ў яго марыхуану. Таму яны завялі на мужчыну крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў), пакаранне паводле якой — ад 8 да 15 гадоў.
«У запыце сцвярджалася, што мяне адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але я ўсё роўна пакінуў Беларусь, таму мяне патрабуюць экстрадаваць, каб судзіць», — тлумачыць суразмоўца.
Самі абвінавачванні ён адмаўляе, кажа, што ніякіх наркотыкаў у яго аўтамабілі не было.
«Пракурорка выслухала мае паказанні, сказала не хвалявацца, — працягвае суразмоўца. — Але патлумачыла, што польская юстыцыя павінна прытрымлівацца правіл, згодна з якімі пастанову аб экстрадыцыі прымае суд. Паабяцала, што пасяджэнне адбудзецца як мага хутчэй і што яна заявіць пра немагчымасць выдачы мяне ў Беларусь».
Сваё слова пракурорка стрымала. Ужо 1 сакавіка 2024 года яна накіравала ў Акруговы суд Варшавы сваё хадайніцтва. Судовае пасяджэнне адбылося праз некалькі дзён.
«Суддзя адразу сказаў, што не разглядае пытанне пра маё дачыненне да злачынства, у якім мяне абвінавачвае беларускі бок. І заявіў, што яго мэта — зразумець, ці ёсць юрыдычныя падставы для задавальнення запыту аб выдачы», — успамінае ён.
У выніку суд пагадзіўся з аргументамі пракурора. У рашэнні пазначаныя падрабязныя прычыны адмовы выдаваць Алега:
«Узнікае абгрунтаваная асцярога, што ў краіне, якая патрабуе выдачы, можа дайсці да парушэння свабод і правоў пераследванага. У Беларусі адсутнічаюць бесстароннія і незалежныя суды. Судовая ўлада цалкам кантралюецца рэпрэсіўным апаратам. У прыватнасьці, спецслужбамі, падначаленымі, у сваю чаргу, выканаўчай уладзе. Суддзі прызначаюцца на кароткі тэрмін з мэтай павышэння іх залежнасці ад выканаўчай улады, якая іх прызначае. Пракуроры валодаюць празмернымі і непрапарцыйнымі паўнамоцтвамі (…). Яны могуць прымяняць часовы арышт без дазволу суда. Пры гэтым абмежавана і часта цалкам выключана права на абарону».


«Ужо ёсць вопыт і практыка абароны нашых грамадзян»
У выніку ўсё скончылася добра — і мужчына працягвае жыць у Польшчы. Кажа, пра здарэнне не расказваў публічна і не паведамляў праваахоўнікам і дэмсілам, бо пасля размовы з пракурорам разумеў: экстрадыцыя на радзіму яму не пагражае.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях Леанід Марозаў адзначае, што ў такім выпадку Офіс Ціханоўскай мог бы дапамагчы Алегу.
«У нас ужо ёсць досвед і практыка абароны нашых грамадзян, выдачы якіх Беларусь патрабуе праз сістэму Інтэрпала, — патлумачыў Марозаў у каментары «Люстэрку». — У 2024-м падобная сітуацыя была ў Познані з Дзмітрыем Плескачовым. Тады пракуратура і суд таксама выступілі супраць экстрадыцыі. Ёсць яшчэ некалькі выпадкаў, пра якія я не магу паведаміць публічна. Заклікаю ўсіх беларусаў, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, паведамляць пра яе нам. Мы акажам дапамогу і дамо кансультацыі бясплатна».
Леанід Марозаў таксама адзначае, што ў падобных выпадках офіс Святланы Ціханоўскай можа дапамагчы дамагчыся выключэння з базы вышуку Інтэрпала. Гэта трэба, каб тыя, хто трапіў туды, маглі бесперашкодна падарожнічаць, не асцерагаючыся затрымання ў іншых краінах».
«Лічу, што заслужыў права выказацца». Адстаўны падпалкоўнік беларускай міліцыі вярнуў медаль і пайшоў ваяваць за Украіну
«Жалезная заслона вакол нашай краіны». Беларусам усё цяжэй атрымаць польскія візы
«Мы так і па Мінску пройдземся». У Варшаве адбыўся вялікі гей-прайд, было шмат бел-чырвона-белых сцягоў ФОТЫ
Азаронкі 1930-х: як склаўся іх лёс
Каментары
опасение == апаска , -кі асцярога , -гі , боязь , -зі
засцярога == предохранение, предосторожность, предостережение
>падначаленымі, у сваю чаргу, выканаўчай уладзе.--- «бамбарбия кергуду . by»
> выкананы польскім судом --- ЗРОБЛЕНЫ, зроблены! Выконваюць ЗАГАДЫ!!
выполнить
(исполнить) выканаць здзейсніць
(сделать — ещё) зрабіць
выполнить свой долг — выканаць свой абавязак
выполнить работу — выканаць (зрабіць) работу
>і дамо ---- … не тлумачу, бо гэта для –асобных- спецыялістаў
і ямо
і … тры словА