Грамадства6969

Бабарыка сказаў, што Быкаў ставіў эканамічны суверэнітэт вышэй за беларускую мову. Навумчык: Не чуў ад Быкава нічога і блізка падобнага

У інтэрв'ю ўкраінскаму блогеру Уладзіміру Золкіну былы прэтэндэнт у прэзідэнты-2020 і палітзняволены Віктар Бабарыка згадаў Васіля Быкава, адказваючы на пытанне пра беларускую мову. Бабарыка сказаў, што размяўляць па-беларуску важна, але спачатку трэба вызначыцца з эканамічным і палітычным суверэнітэтам, а пасля вярнуцца да мовы. «Гэта ідэя была Васіля Быкава», — адзначыў Бабарыка.

Васіль Быкаў

На гэту фразу адрэагаваў у фэйсбуку былы дэпутат Вярхоўнага Савета і журналіст Сяргей Навумчык. Ён піша:

«Акрамя асабістага знаёмства з Быкавым, сумеснай працы ў складзе Сойму БНФ у Менску ў 90-я, перапіскі, сустрэчаў у гады вымушанага жыцьця Васіля Уладзімеравіча за мяжой, мне давялося быць і ўкладальнікам двух зборнікаў быкаўскай публіцыстыкі («Быкаў на Свабодзе», 2004 г., другое дапоўненае выданне — 2005 г., «Васіль Быкаў 100», 2024 г.). У гэтыя зборнікі ўвайшла толькі частка быкаўскіх выказванняў на палітычныя і грамадскія тэмы — але прачытаў я, мяркую, практычна ўсё, ва ўсякім разе з пачатку апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэння з канца 80‑х гадоў.

Я не чуў ад Быкава і не чытаў у яго нічога і блізка падобнага на тое, пра што сказаў шаноўны Віктар Бабарыка.

А вось выказванняў адваротнага зместу — магу прывесці дзясяткі. Але ўзгадаю толькі некалькі, якая даюць уяўленне пра сапраўднае стаўленне Быкава да беларускай мовы і яе ролі ў лёсе нацыі.

«Калі страцім момант, мова знікне»

Пачну з тэзы прыярытэтнасці эканомікі над мовай, нібыта выказанай Быкавым. У рэльнасьці, менавіта нацыянальнае Адраджэнне (і мову як яго падмурак) Быкаў лічыў галоўным гарантам існавання беларусаў. «Мова — аснова не толькі нацыянальнай культуры, але і існавання нацыі, існавання этнасу» — казаў ён («Быкаў на Свабодзе», 2005, с. 48.).

Ён быў перакананы ў прыярытэтнасці, першчарговасці, неадкладнасці вырашэння моўнай праблемы, лічыў, што пытанне ўратавання мовы нельга адсоўваць на другі план, бо «калі страцім гэты момант, дык наша мова знікне праз некалькі гадоў ва ўмовах рэанімацыі таталітарызму і пагрозы рэінтэграцыі ў адзіную імпэрыю» (там жа, с. 61).

Менавіта таму Быкаў быў сярод тых, хто ў 1986‑м падпісаў складзены Уладзімерам Содалем зварот да генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова (легендарны «ліст 28-мі») пра катастрафічную сітуацыю з беларускай мовай (мяне моцна ўразіла, калі ў размове з Гарбачовым я пачуў згадку пра той ліст — праз шмат гадоў Гарбачоў прыгадаў яго сам, я не пытаўся).

З'яўляючыся адным з заснавальнікаў БНФ, Быкаў лічыў, што барацьба за нацыянальнае адраджэнне павінна быць прыярытэтам гэтага руху — нароўні са змаганнем за Незалежнасць і дэмакратыю. Ён падтрымліваў праграмнае палажэнне Народнага Фронту аб наданні статусу беларускай мове як адзінай дзяржаўнай у адпаведным законе.

Кажучы пра Закон аб мовах, звычайна нагадваюць, што ён прыняты ВС XI склікання, у якім не было ніводнага дэпутата БНФ. Сапраўды, Вярхоўны Савет гэтай кадэнцыі быў абраны ў 1985 годзе, калі да ўтварэння БНФ заставалася некалькі гадоў.

Але ў студзені 1990-га, калі прымаўся Закон, у Авальнай залі быў дэпутат, які ўваходзіў не толькі ў БНФ, але і яго кіруючы орган — Сойм. Імя гэтага дэпутата — Васіль Быкаў.

Дадам, што ў складзе рабочай групы па падрыхтоўцы Закону быў Пётра Садоўскі (ён будзе абраны дэпутатам наступнага, XII склікання), які карыстаўся кансультацыямі ў тым ліку і сябра Сойму БНФ Вінцука Вячоркі).

Так што фронтаўцы мелі непасрэднае дачыненне да Закону, прынятага сфармаваным яшчэ ў камуністычныя часы Вярхоўным Саветам.

Хочацца думаць, што за тое галасаванне (як і за галасаванне 27 ліпеня 1990 за Дэкларацыю аб сувэрэнітэце і 25 жніўня 1991 за Незалежнасць) камуністам даруюцца на небе хай не ўсе, дык хоць некаторыя зямныя грахі.

Але адзін «грэх» быў у самім законе. Гэта — пэрыяд уступлення ў сілу дзейнасці асобных ягоных палажэнняў, які дасягаў — да здзіўленьня аматараў міфу пра «хуткую і гвалтоўную беларусізацыю» — аж 10 гадоў. Дзесяці гадоў! У заканадаўстве ніводнай іншай былой рэспублікі СССР вы не знойдзеце нічога падобнага (тэрміны звычайна жорсткія і сціслыя) — пры тым што нідзе стан мовы тытульнай нацыі не быў нагэтулькі катастрафічны, як у Беларусі.

Быкаў за закон прагаласаваў, але празмерна доўгі тэрмін крытыкаваў: «Усе гэтыя законы прынятыя былі афіцыйна Вярхоўным Саветам і расцягвалі, расцягвалі на дзесяцігоддзе ўстанаўленне дзяржаўнасці беларускай мовы. Канешне, тады ўжо было відаць: ва ўмовах нестабільнасці грамадства — што можна разлічваць на дзесяць гадоў?» («Васіль Быкаў 100», 2024, с. 28).

Падманлівае «а потым…»

Будучы ў авангардзе барацьбы за захаванне беларускай мовы, Быкаў успрыняў палітыку Лукашэнкі як нацыянальную трагедыю: «Ворагі нацыянальнай ідэі разумелі сітуацыю і зрабілі контрадзеянні. Адным з рашучых дзеянняў стаў рэфэрэндум, на якім пад выглядам раўнапраўя моваў была атрыманая фармальная згода народу на палітыку фактычнага знішчэння беларускай мовы. І цяпер гэтая палітыка выканаўчай уладай праводзіцца вельмі актыўна. Я не бачу якіх-небудзь надзеяў на лепшае ў бліжэйшы час». («Васіль Быкаў 100», 2024, с. 30).

Часам прыгадваюць радкі Быкава з «Доўгай дарогі дадому» пра тое, што лідар БНФ Пазняк імкнуўся да ідэальнай Беларусі, а Лукашэнка казаў народу рэчы зразумелыя і прымітыўныя, як «мычанне каровы», і падаюць гэта як нібыта нязгоду Быкава з лідарам БНФ. Абсурд! Быкаў цудоўна ведаў, што Народны Фронт распрацаваў некалькі эканамічных праграм і дзясяткі законапраектаў, палажэнні якіх леглі ў падмурак эканамічных рэформаў (хай і скамечаных посткамуністычнай намэнклатурай).

У гэтым лёгка пераканацца, праглядзеўшы на ютубе запіс ягонага выступу па БТ у якасці даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Пазняка ў чэрвені 1994 года. Быкаў меў на ўвазе зусім іншае — а менавіта тое, як падмануліся людзі, паверыўшы папулісцкім, безадказным лозунгам Лукашэнкі. У гэтым — ні граму крытыкі БНФ і ні кроплі згоды з Лукашэнкам.

І вось тут, падаецца, мы выходзім на тэму, якая была актуальнай у 1994-м, у 2020-м, засталася актуальнай сёння (пра што сведчаць цяперашнія словы Віктара Бабарыкі) і не згубіць актуальнасці на будучых дэмакратычных выбарах. Гэта — тое, што чуецца ўжо больш як тры дзясяткі гадоў: а давайце мы адсунем на потым непапулярныя ў значнай часткі насельніцтва пытанні нацыянальнага Адраджэння, мовы, і скажам людзям тое, што яны хочуць пачуць, яны за нас прагаласуюць, мы прыйдзем да ўлады — ну а потым…

Як толькі што вымаўленыя, чую сказаныя мне вясной 94‑га словы Віктара Ганчара, калі ён прапаноўваў мне далучыцца да каманды Лукашэнкі: Сяргей, ты бачыш, як складаецца сітуацыя, цяпер важна ўзяць уладу! А потым…. Жыццё пацвердзіла, што — не будзе, не бывае ніякага «потым». Нічога добрага не бывае праз падман.

«Наш рух — не на пяць гадоў, наша справа — святая»

Перада мной — машынапіс з аўтарскімі праўкамі прамовы Быкава на IV з'ездзе БНФ, які Васіль Уладзімеравіч аддаў мне пасля выступу. Гэта было 10 красавіка 1995-га, назаўтра 19 дэпутатаў Апазіцыі БНФ абвясцілі галадоўку супраць лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Фрагментам таго выступу і закончу — там якраз пра папулізм і пра «…а потым».

«Папулізм, як адзіна магчымы з адносна прымальных сродкаў, таксама заежджаны, запэцканы, і ў нашых умовах, па-сутнасці, адыёзны, як і іншыя сродкі з багатага арсеналу нашых праціўнікаў. Наўрад ці гожа БНФ карыстацца імі. Усё ж існуе нешта вышэйшае за палітычную ці іншую мэтазгоднасць, вышэй за яўны і прагматычны палітычны разлік. Ці гожа забываць, нават у цяжкія часіны, на пэўныя імператывы з ліку хрысціянскай этыкі, эвангельскай маралі, чалавечага сумлення, нарэшце?

У гэтым сэнсе маральны рыгарызм Беларускага Народнага Фронту і ягонага лідара — той каштоўны капітал, якім валодае зараз мала якая партыя, і не толькі на Беларусі. Гэта маральная сіла з несумненным палітычным эфектам хіба можа скіраваная не так у сучаснасць, як у будучыню.

Асабліва, калі мець на ўвазе, што наш рух — не на пяць гадоў, што мы лучым у далёкую гістарычную перспектыву, нават калі яна будзе належыць не нам. Але ўсё роўна яна будзе належыць Беларусі.

Мы не цешым сябе хуткай і лёгкай перамогай — лёгкай перамогі, відаць, не будзе. Але нават яўная параза не павінна адкінуць нас ад нашай справы, бо тая справа — святая. Яна дзеля народа, дзеля нашай занядбанай нацыі, дзеля чалавецтва і чалавечнасці. Дзеля дэмакратыі і гісторыі, нарэшце».

Каментары69

  • прохожий
    21.12.2025
    срач, который мы заслужили
  • Т
    21.12.2025
    Спачатку эканоміка, а потым культура. – Лукашэнка 1994
    ***
    Спачатку эканоміка, а потым культура (мова). –Бабарыка (2020, 2025).
    ****
    У Лукі Быкаў вершы пісаў, Скарына ў Піцяры вучыўся. Ў Бабарыкі Быкаў нябы казаў тое ж што казаў Лукашэнка ў 1994. А па факце стаўленне да беларускай мовы і культуры што ў Лукашэнка, што ў Бабарыка аднолькавае. Такое ж як і ў рускамірцаў, ў чужынцаў, у ворагаў беларушчыны.
  • Цік так
    21.12.2025
    Што замінае адначасова з эканомікай займацца адраджэннем нацыянальнай мовы і культуры? Нічога. Нічога акрамя ватнасці, рускамірскасці, калябарацыі і не жадання вырвацца з ланцугоў маскоўскай калоніі ды рабства.

Цяпер чытаюць

57‑гадовую ўраджэнку Вінніцы асудзілі за каментары ў тэлеграме. Сябе яна называла «ўкраінкай з акупаванага Мінска»1

57‑гадовую ўраджэнку Вінніцы асудзілі за каментары ў тэлеграме. Сябе яна называла «ўкраінкай з акупаванага Мінска»

Усе навіны →
Усе навіны

У Барселоне збіраюцца абкласці вялікімі зборамі круізных турыстаў

Беларуска не паверыла інтэрнэту і пацягнулася ў Крым33

Лукашэнка паляцеў у Расію да Пуціна2

Памёр былы міністр абароны Расіі Сяргей Іваноў18

Украіна і Расія абмяняліся ваеннапалоннымі

Ксюша з СМА, за лёсам якой сачыла ўся краіна, атрымала выратавальны ўкол Zolgensma7

Статкевіч: Палохаць украінцаў танкамі на прыпяцкіх балотах тое самае, што палохаць вожыка голай задніцай15

МТС змяняе лагатып9

Навукоўцы змаглі прачытаць тэксты папірусаў, абвугленых падчас вывяржэння Везувія4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

57‑гадовую ўраджэнку Вінніцы асудзілі за каментары ў тэлеграме. Сябе яна называла «ўкраінкай з акупаванага Мінска»1

57‑гадовую ўраджэнку Вінніцы асудзілі за каментары ў тэлеграме. Сябе яна называла «ўкраінкай з акупаванага Мінска»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць