Рэжым Лукашэнкі часова стане менш агрэсіўным да суседзяў, але стратэгічна будзе імкнуцца да авалодання атамнай зброяй
Мікола Бугай аналізуе апошнія заявы і крокі Мінска.

Сказаць, што Лукашэнку няёмка ад навін з Ірана, Кубы і Украіны — гэта мякка сказаць. Мінск да апошняга і не разумеў да канца, як інтэрпрэтаваць палітыку адміністрацыі Трампа, і вагаўся, як падаваць сябе ў новым раскладзе, каб не памыліцца. Следам за Масквою ў Мінску спадзяваліся, што Вашынгтон усё ж ахвяруе Украінай дзеля падзелу свету на сферы ўплыву, а Еўропа пахіснецца. Лукашэнка ўцягнуўся ў доўгія перамовы з прадстаўнікамі Трампа.
Вашынгтон з саюзнікамі, пакуль Украіна звязвае рукі Расіі, выбівае аднаго за адным саюзнікаў Масквы. Змена рэжыму ў Тэгеране не толькі пакіне Маскву без плыні зброі, але і адрэжа Расію з поўдня. Украіна ж і трымае фронт, і стаічна вытрымала спробу халадамору.
Мінск нервозна сочыць і за тым, што еўрапейскія краіны інтэнсіўна ўзбройваюцца і ўзмацняюць сілавыя структуры. Еўрапейцы былі выключна міралюбнымі — да нападу на Украіну. Да 2022‑га яны трымалі сілавыя арсеналы мінімальнымі, думалі толькі пра эканоміку і культуру. Але жыццё прымусіла.
Людзі схільныя інтэрпрэтаваць дзеянні іншых у меру ўласнай разбэшчанасці. Так і лукашэнкаўскі Мінск прымаў міралюбнасць за слабасць.
Лукашэнку не пагражае лёс Мадура і Хаменеі, а Астрашыцкаму Гарадку — амерыканскія ракетныя ўдары, таму што Беларусь цяпер — фактычна частка Расіі. Амерыканцы не будуць заходзіць у частку Расіі.
Але амерыканцы задалі новыя правілы гульні ў тым ліку і «дзяржавам сярэдняй магутнасці». Калі амерыканцы робяць так, то чаму гэтаксама не могуць рабіць іншыя?
«Спроба фізічнай ліквідацыі лідараў Ірана нават без фармальнага абвяшчэння вайны сведчыць аб канчатковым замацаванні тэрарыстычных практык у палітыцы асобных дзяржаў. У гэтай сувязі ўзнікае пытанне: калі можна аднаму, чаму іншыя павінны сябе абмяжоўваць? І да чаго ў канчатковым выніку прыйдзе чалавецтва?» — пытаецца дэпутат Нацыянальнага сходу і рупар рэжыму Аляксандр Шпакоўскі, фактычна паўтараючы высновы, якія зненавідны яму Юваль Ной Харары зрабіў у лютым 2022 года.
Аказваецца, гэта можа працаваць у абодва бакі, хто б мог падумаць.
Мінск гадамі ў інтарэсах Расіі гібрыдна ваяваў супраць суседніх дзяржаў — прынамсі, паскудзіў чым толькі мог. І вось у Мінску ўсвядомілі, што можа ж і адказ прыляцець. Што Украіна, Польшча і Літва, якая дагэтуль проста адгароджваліся ад шкоднага суседа, у нейкі момант могуць пачаць адказваць сілай, гібрыднай ці прамой. Вось чаму ў Мінску падціснулі хвасты.

Па словах Шпакоўскага, вуснамі якога гаворыць сілавая вярхоўка, «цяпер толькі наяўнасць ядзернай зброі і палітычная воля да яе выкарыстання можа быць гарантыяй суверэнітэту і бяспекі».
Мінск відавочна праяўляе ўсё большую цікавасць да ўсяго, што звязана з ядзернай тэмай. Ёсць падставы меркаваць, што лукашэнкаўцы хацелі б мець уласную ядзерную зброю, а не проста боегалоўкі, размешчаныя Расіяй. Мікола Статкевіч у сваім нядаўнім трывожным артыкуле, напісаным з гледзішча прафесійнага ракетчыка, правільна ставіць пытанне: ядзерная зброя стварае страшэнную пагрозу для Беларусі.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі не зможа стварыць атамную зброю сам, не зможа і купіць ды даставіць абсталяванне з Паўночнай Карэі без згоды Расіі. Толькі Масква можа даць Мінску атамную зброю ў распараджэнне — адкрыта ці зрабіўшы ўражанне, што беларусы скралі яе з крычаўскага ваенгандлю. Але ці рэальна такое? Я б не выключаў такой опцыі, бо гэта дазволіць «паўночнакарэізаваць» Беларусь дазвання, да чаго Масква паслядоўна штурхала лукашэнкаўцаў усе апошнія гады.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Дадам: Падабенства лукашэнкаўскай Беларусі да Ірана ў тым, што яна палезла ў спіс ядзерных дзяржаў.
А ЗША такое не падабаецца.
Таму гэты "Арэшнік" (сапраўдны або імаверны-пантовы) можа не павялічваць бяспеку, як думаў Лукашэнка, а памяншаць яе. Ён думаў, што прымусіў сябе паважаць, а насамрэч намаляваў на ілбу мішэнь.
Расея - краіна-загадка, аднойчы можа забыцца і пераключыцца на свае праблемы і смуты. А Лукашэнка застанецца на імгненне адзін, зусім адзін. І тут нечакана мэта 1: Арэшнік, мэта 2: Іскандэры з Паланезамі, мэта 3: рэзідэнцыя.
Побач зь неадэкватнай імпэрскай рашкай Я.З. - гэта галоўны атрыбут незалежнасьці. На жаль, сёньня ў Беларусі вораг-акупант пры ўладзе. І ядзерная зброя ўжо ягоная, і прымяняцца будзе па яго правілах, але адказ будзе на беларускую тэрыторыю.