Той самы беларус, які ў Польшчы прыйшоў з пашпартам Новай Беларусі мяняць ВНЖ, расказаў новыя падрабязнасці сваёй гісторыі
«Я патлумачыў, што гэта новы пашпарт, які выдае Офіс Святланы Ціханоўскай. Супрацоўнік нават папрасіў: «Можна сфатаграфаваць, паказаць сыну?»

Днямі з'явілася навіна, што ў Польшчы пачалі працэдуру пазбаўлення дадатковай абароны беларуса, які пры падачы на працяг легальнага статусу згадаў у дакументах пашпарт Новай Беларусі.
Кейс ужо выклікаў дыскусію сярод дыяспары: ці можа выкарыстанне такога пасведчання стаць падставай для страты міжнароднай абароны і завядзення крымінальнай справы за падробку дакументаў.
Юрысты ініцыятывы «Партызанка» на падставе гэтай гісторыі даводзяць, што выкарыстанне пашпарта Новай Беларусі як афіцыйнага стварае сур'ёзныя прававыя рызыкі.
Аднак герой гэтай гісторыі прыйшоў да супрацьлеглых высноў. Дзмітрый у размове з «Нашай Нівай» падкрэслівае, што рашэнне польскіх чыноўнікаў ініцыяваць перагляд яго статусу не з’яўляецца прамым вынікам выкарыстання пашпарта Новай Беларусі. Праблема толькі ў тым, што ён не даў ксеракопію гэтага пашпарта — а значыць, не выканаў базавае патрабаванне, прапісанае ў працэдуры атрымання часовай карты побыту. У сувязі з чым і ўтварылася блытаніна.
«Я зноў атрымаў карту побыту — зноў прад’явіўшы ва ўпраўленні пашпарт Новай Беларусі»
Дзмітрый атрымаў дадатковую абарону ў Польшчы два гады таму. У лістападзе 2025‑га ён падаваў дакументы на працягненне дазволу на жыхарства — гэта стандартная працэдура.
«Калі падаеш дакументы, мусіш даць свой пашпарт. А я якраз атрымаў гэты новы — пашпарт Новай Беларусі. І вырашыў проста запісаць яго — як факт, што я ім карыстаюся», — распавёў ён.
Па яго словах, ва Упраўленні па справах замежнікаў на пашпарт Новай Беларусі адрэагавалі спакойна.
«Супрацоўнік убачыў пашпарт, зацікавіўся. Спытаў, што гэта. Я патлумачыў, што гэта новы пашпарт, які выдае Офіс Святланы Ціханоўскай. Ён нават папрасіў: «Ці можна сфатаграфаваць, паказаць сыну?» Маўляў, той вельмі цікавіцца беларускай тэматыкай і яму будзе цікава пабачыць фота вокладкі жывога дакумента. Мы вельмі міла пагутарылі. І я ўпусціў момант: трэба было прыкласці копію пашпарта. Я не паспеў, але быў упэўнены, што яны самі зробяць копію. Гэта маё ўласнае глупства».
Сам пашпарт Новай Беларусі быў выдадзены ў Вільні ў верасні 2025 года, калі герой гэтай гісторыі знаходзіўся ў Польшчы.
«Праз некалькі дзён, відаць, яшчэ адзін супрацоўнік разглядаў мой пакет дакументаў. Убачыў там у пераліку нумар пашпарта, дату выдачы ў верасні 2025 года і заканамерна вырашыў, што я з’ездзіў у Беларусь і атрымаў новы сіні пашпарт. А атрымаўшы дадатковую абарону, я не маю права ездзіць у Беларусь і нават знаходзіцца на тэрыторыі беларускага пасольства ці консульскіх устаноў. Атрыманне новага афіцыйнага беларускага пашпарта — падстава для пазбаўлення статусу асобы, што карыстаецца дадатковай абаронай. Натуральна, у яго ўзніклі працэдурныя пытанні, і ён быў абавязаны ініцыяваць пераразгляд майго статусу. Думаю, калі б перад яго вачыма ляжала ксеракопія майго пашпарта з «Пагоняй» на вокладцы — пытанняў было б значна менш», — тлумачыць Дзмітрый.
Міграцыйная служба пачала працэдуру праверкі — ці захоўваюцца падставы для дадатковай абароны.
У снежні 2025 года Дзмітрый даў свае пісьмовыя тлумачэнні, прадставіў ксеракопіі, а яшчэ праз два тыдні атрымаў карту побыту — зноў прад’явіўшы ва ўпраўленні пашпарт Новай Беларусі.
«Супрацоўнікі Упраўлення па справах замежнікаў выдатна ведаюць, як выглядае сіні афіцыйны беларускі пашпарт, і пры гэтым прымаюць альтэрнатыўны чырвоны і выдаюць па ім від на жыхарства», — падкрэслівае ён.
Ці можа быць крымінальная справа?
Юрысты «Партызанкі» мяркуюць, што за выкарыстанне пашпарта Новай Беларусі на Дзмітрыя могуць завесці крымінальную справу — як за выкарыстанне падробнага дакумента.
У яго ж меркаванне іншае.
«Калі я правільна разумею, каб выкарыстанне дакумента падпала пад дзеянне артыкула 270 Крымінальнага кодэкса Польшчы, павінны быць выкананыя дзве ключавыя ўмовы.
Па-першае, дакумент павінен быць прызнаны падробкай. У Польшчы «падробка» — гэта выраб прадмета, які імітуе рэальна існуючы афіцыйны дакумент. Пашпарт дэмакратычнай Беларусі не імітуе афіцыйны пашпарт Беларусі: у яго іншы дызайн, на ім намаляваная «Пагоня», у яго іншы эмітэнт.
Па-другое, павінна адбыцца выкарыстанне дакумента як сапраўднага. Але калі я падаю дакумент і не хлушу пра яго прыроду, а наўпрост паведамляю, што гэта альтэрнатыўны афіцыйнаму дакумент, выдадзены пашпартным цэнтрам Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай, — то адсутнічае нават намер выкарыстаць дакумент як афіцыйны. Пры ўзаемадзеянні з прадстаўніком Упраўлення па справах замежнікаў я адкрытым тэкстам распавёў, што гэта за дакумент, і нават заўважыў, што ён пакуль нікім не прызнаецца», — разважае беларус.
Дзмітрый лічыць важным і надалей пашыраць сферу выкарыстання новага беларускага пашпарта.
«Хтосьці афармляў на яго сім-карткі, хтосьці прад’яўляў пры пасадцы ў самалёт, хтосьці выкарыстоўвае яго ў польскіх банках. Трэба правяраць на трываласць межы існуючых магчымасцяў і ствараць новыя. Свабода нараджаецца і захоўваецца ў зазорах. І наша задача — гэтыя зазоры пашыраць, устаўляючы туды нашы ўласныя грамадскія інстытуты», — кажа ён.
* * *
Калі вы жывяце ў Польшчы, то можаце падтрымаць «Нашу Ніву» часткай вашага падаходнага падатку. Гэта не будзе каштаваць вам ані цэнта.
Вы проста перанакіруеце 1,5% ад ужо сплачанага вамі падатку пры падачы штогадовай дэкларацыі.
Вось падрабязная інструкцыя, як гэта зрабіць.
Калі вы працуеце ў Літве, то вам сюды.
Каментары
Цитирую юристов, которые куда более компетентны, чем этот юрист-любитель:
Когда символический документ использовать нельзя (примеры):
▪️ предъявление в качестве удостоверения личности (например, у нотариуса, в банке, у работодателя);
▪️ использование в процедурах легализации пребывания, в государственных органах, при получении виз;
▪️ пересечение границы, в том числе при авиаперелётах;
▪️ оформление кредита, займа или рассрочки;
▪️ заключение договоров, если другая сторона воспринимает документ как настоящий (например, аренда жилья).
В случае получения кредита или займа могут возникнуть дополнительные уголовно-правовые риски, в том числе по статье 297 §1 Уголовного кодекса