«Банк вырашыў, што мне даслаў грошы чалавек, які знаходзіцца пад санкцыямі — і заблакаваў іх»
Расіяне скардзяцца, што маюць праблемы з банкаўскімі рахункамі праз тое, што іх імя і прозвішча супадаюць з данымі людзей пад санкцыямі. Часам праз такія супадзенні пакутуюць і беларусы.

Пра непрыемны выпадак «Нашай Ніве» распавёў беларус Андрэй (імя зменена ў мэтах бяспекі). Ён ужо некалькі гадоў жыве і працуе ў Еўропе.
— Сёлета ў жніўні мне пералічыў грошы за паслугі кліент. Ён расіянін, але таксама жыве і працуе ў Еўрасаюзе. У нас абодвух рахункі ў еўрапейскіх банках. Але амаль адразу, як кліент зрабіў пералік, банк даслаў мне ліст. Калі коратка, то сэнс быў такі: паведамлялася, што ў банка ёсць падазрэнні, што плацеж здзейсніў чалавек, які знаходзіцца пад санкцыямі.
Высветлілася, што імя і прозвішча кліента Андрэя супадаюць з імем і прозвішчам кагосьці з «Газпрама» — а той цёзка сапраўды знаходзіцца пад санкцыямі. Праз гэта грошы, якія мужчына пералічыў беларусу, заблакавалі.
— Банк прапанаваў мне некалькі варыянтаў рашэння праблемы: ці адмяніць перавод, ці даслаць нейкія дакументы, якія б пацвердзілі, што мой кліент — гэта не той чалавек, які знаходзіцца пад санкцыямі. Ён даслаў мне здымак свайго еўрапейскага дазволу на жыхарства — я пераслаў фота банку. У прынцыпе, гэтага хапіла. Разглядалі пытанне некалькі дзён. А грошы ад гэтага кліента залічылі на мой рахунак толькі праз два тыдні.
У наступны раз Андрэй папрасіў праблемнага кліента пералічыць грошы на картку іншага банка (таксама еўрапейскага), спадзеючыся, што ў тым усё будзе прасцей. Але ж не — сітуацыя паўтарылася.
— Я зноў даслаў банку здымак еўрапейскага ДНЖ кліента. У гэтым выпадку гісторыя скончылася хутчэй — разблакавалі грошы літаральна праз некалькі гадзін. Усе наступныя плацяжы ад яго праходзілі без праблем усюды. Але ён распавядае, што яму час ад часу блакуюць рахунак праз падсанкцыйнага цёзку.
Каментары