У дачкі заснавальніка «Новага зроку» па справе бацькі адабралі дом, які той падарыў ёй 14 год таму
Суд прызнаў несапраўднай дароўную Алега Каўрыгіна на імя дачкі ад 2011 года.

Заснавальніка «Новага зроку» Алега Каўрыгіна ў Беларусі судзілі завочна, у тым ліку і па палітычна матываваных артыкулах. Яго прысудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 400 тысяч рублёў, а таксама вырашылі спагнаць амаль 4 мільёны рублёў у даход дзяржавы. Сам Каўрыгін у каментарыі казаў, што не разумее, пра якія грошы гаворка, бо ні іх, ні маёмасці ў Беларусі ў яго няма. Пазней бізнесмен зразумеў, як улады хацелі забраць гэтыя грошы: яны аднялі дом у яго дачкі ад першага шлюбу. Гэтую нерухомасць ёй падарыў бацька яшчэ ў 2011 годзе, аднак суд прызнаў здзелку несапраўднай. «Люстэрка» распавядае падрабязнасці.
Дом у вёсцы Тарасава пад Мінскам Алег Каўрыгін пабудаваў у 2010 годзе. Кажа, адмыслова месца там не выбіраў.
— У мяне проста быў сябар, якога я бязмерна паважаю, цяпер ужо нябожчык, гэта Яўген Шыгалаў, заснавальнік кампаніі «Ждановічы». І ён хацеў мець побач чалавека, з якім можна камунікаваць, — распавёў бізнэсмен. — Я не шукаў і не думаў пра свой дом у прынцыпе — у мяне была кватэра ў Мінску. Дык вось ён мне прадаў вельмі танна ўчастак у Тарасаве з фундаментам. Я пабудаваў сабе дом даволі хутка, за паўтара года. І так апынуўся ў кампаніі суседзяў, якіх не выбіраў: з аднаго боку ад дома жыве Віктар Шэйман, з другога — Алена Скрыпель, якая валодае д'юці-фры «Хелена і Валеры». Але і ў цэлым пасёлак сам па сабе вядомы.
Каўрыгін кажа, што пасля пабудовы дома ў ім практычна не жыў. З жонкай Наталляй яны развяліся, а ў 2011 годзе бізнесмен ужо збіраўся пераязджаць у Літву канчаткова. Ён прадаў аўто, закрыў справы, атрымаў пашпарт серыі PP і ў ліпені 2011 года вырашыў падарыць дом дачцы Злаце.
Дзяўчынцы на той момант было чатыры гады.
— Тады я не ведаў, дзе будзе жыць мая былая жонка з дачкой, ды і хацеў свайму дзіцяці забяспечыць будучыню, — тлумачыць Каўрыгін. — Мы пайшлі да натарыуса, і я аформіў дароўную.
Закрыўшы справы ў Беларусі, мужчына з’ехаў у Літву. Праз пяць гадоў Злата з маці здалі жыллё ў арэнду і перабраліся ў Іспанію. Алег кажа, што ў планах дачкі было вярнуцца ў Беларусь і паступіць ва ўніверсітэт у Мінску. Жыць яна планавала ў тым самым доме.
Прайшло 11 гадоў. У лютым 2023 года ў сетку медцэнтраў «Новы зрок» прыйшлі сілавікі. Следчы камітэт арыштаваў маёмасць кампаніі. Тады ж ён наклаў арышт і на дом дачкі Каўрыгіна, хоць Злата не мела ніякага дачынення да крымінальнай справы.
У лістападзе 2024 года суд завочна прысудзіў Алега Каўрыгіна да 12 гадоў пазбаўлення волі. Далей Генпракуратура падала грамадзянскі пазоў, каб спагнаць шкоду, якую ён нібыта нанёс дзяржаве. У выніку доўг вырас да 3,82 мільёна рублёў.
Суд Мінскага раёна не задаволіў пазоў аб зняцці арышту з дома дачкі Каўрыгіна. Больш за тое, ён прызнаў і саму дамову дарэння несапраўднай. Пазіцыя пракурора Наталлі Мацейка палягала ў тым, што дамова была заключана з мэтай пазбегнуць спагнання на маёмасць, бо Каўрыгін нібыта ўжо тады планаваў «злачынную дзейнасць».
Суддзя Георгій Красуцкі пагадзіўся з гэтымі довадамі і прызнаў нікчэмнай дамову дарэння ад 2011 года. Па сутнасці, правы на ўчастак і дом вярнуліся да Алега Каўрыгіна, і цяпер нерухомасць могуць прымусова прадаць. Сам заснавальнік «Новага зроку» называе гэта абсурдам:
— Нібыта я ў 2011 годзе планаваў нейкую злачынную дзейнасць у 2023-м? Марыярці нервова курыць у баку. Абвінавачванні такія абсурдныя, тупыя. Я разумею, што дом нехта прыгледзеў, таму і такое рашэнне суда. Яно чыста палітычнае. А той, хто паспрабуе купіць гэты дом, павінен разумець, што па сутнасці ён — крадзены.
Што цяпер знаходзіцца на месцы клінікі «Новы зрок» у Мінску?
«Апошнімі дзецьмі, якіх блаславіў Папа Францішак, былі мае». Беларускі бізнэсовец распавёў, як хрысціў сыноў у Ватыкане
З трох памяшканняў закрытай клінікі «Новы зрок» прадалі толькі адно
У «спіс тэрарыстаў» дадалі дзевяць чалавек, у тым ліку кіраўніка «Новага зроку»
Каментары
Можно отбирать и присваивать всё, что понравится красауцу и ябатьке !