«Апошнімі дзецьмі, якіх блаславіў Папа Францішак, былі мае». Беларускі бізнэсовец распавёў, як хрысціў сыноў у Ватыкане
У пачатку красавіка заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін, якога ў Беларусі асудзілі па палітычна матываванай справе, вырашыў ахрысціць сваіх сыноў Ота і Лявона. Паколькі жонка і дзеці прадпрымальніка жывуць на Мальце, у каталіцкім асяроддзі, ён вырашыў, што тыя прымуць каталіцызм. У сям’і з’явілася ідэя даведацца ў Папы Францішка, ці можа ён ахрысціць хлопчыкаў. 10 красавіка, за 11 дзён да сваёй смерці, пантыфік даў згоду, піша «Люстэрка».

— У мяне даўнія знаёмствы ў Ватыкане. Не з Папам — я асабіста з ім знаёмы не быў, мы бачыліся толькі раз мімаходам. А з вельмі многімі сакратарамі і кардыналамі, з некаторымі мы маем кантакт дзесяцігоддзямі. У нас існуе духоўная, сяброўская сувязь, якая вырасла з узаемадзеяння «пацыент — доктар», — распавядае Алег Каўрыгін. — І я проста спытаў у свайго добрага знаёмага, які з’яўляецца значным кардыналам у Ватыкане, ці магчыма, каб Папа Рымскі ахрысціў маіх дзяцей. Праз нейкі час ён спытаў у яго, і той адказаў: «А чаму б і не».
Згода Папы правесці хрост — даволі рэдкая з’ява. Паводле слоў Каўрыгіна, за год пантыфік хрысціць усяго некалькі дзясяткаў дзяцей. Чаму Францішак выбраў сыноў беларускага бізнэсоўца, у Алега адказу няма.
— Я не ведаю, па якіх крытэрыях адбываецца адбор, — распавядае суразмоўца. — Служба бяспекі, вядома, у жарт спытала пра мяне: маўляў, вы ж з «грахамі» эканамічнымі — маючы на ўвазе тыя крымінальныя справы, што на мяне завялі ў Беларусі. Я адказаў, што гэта нагаворы. «Мы так і падумалі», — сказалі яны. І ўсё. Гэта значыць, што гэта не было за нейкія неверагодныя заслугі перад Ватыканам. Гэта быў проста нейкі Божы провід. Так склаліся абставіны.

Бізнэсовец дадае, што ніякіх грошай за хрост у яго не прасілі і пра гэта пытанняў не задавалі. — Нават і гаворкі не ішло. Вядома, мы рабілі нейкія ахвяраванні каталіцкаму касцёлу (гэта, у тым ліку, былі і бясплатныя аперацыі для святароў). Але гэта ніяк не было звязана з хростам дзяцей, — сцвярджае ён.
Канцылярыя Папы падрыхтавала ўсе неабходныя дакументы і аформіла яго блаславенне 10 красавіка.
— Яго ўручную афармляе мастак на спецыяльным пергаментным лісце. Таксама ставіцца пячатка сакратарыята Папы, — тлумачыць Каўрыгін. — Гэтыя пергаментныя лісты ўручаюцца дзецям на хросце. А таксама выдаецца асобны дакумент на спецыяльным бланку.

Цырымонію прызначылі на 22 красавіка. Чатырохгадовага Ота і двухгадовага Лявона павінны былі ахрысціць у галоўным храме Ватыкана — саборы Святога Пятра.
— У асобнай зале для каранацый, — кажа Алег. — Гэта вельмі рэдкае месца, туды проста так немагчыма трапіць. Сам хрост павінен быў праводзіць кардынал — давераная асоба Папы Францішка, а ён сам — падысці да дзяцей, пагладзіць па галаве і сказаць нешта. Я яшчэ пытаў у сакратарыята, ці не будзе гэта занадта цяжка для яго. Мне адказалі, што калі пантыфік зможа, то абавязкова падыдзе. Такое ў яго жаданне.
21 красавіка сям’я Алега Каўрыгіна вылецела з Мальты, дзе яны жывуць. Таксама з Вільні выправіліся і іншыя сваякі прадпрымальніка. Сам ён трапіць у Ватыкан не змог, бо знаходзіцца ў базе вышуку Інтэрпала праз беларускія ўлады.
— Перад вылетам усё было гатова. У іх былі падпісаныя пропускі, каб прыехаць у Ватыкан, — кажа Каўрыгін. — Пакуль жонка з дзецьмі ляцела ў самалёце, прыйшла навіна, што Францішак памёр. Натуральна, я думаў, што ўсё пераносіцца на пазнейшы час. Я патэлефанаваў у сакратарыят Ватыкана. Там адказалі: «Пачакайце, мы зараз разбярэмся, бо, бачыце, сітуацыя вельмі неардынарная». Ужо ўвечары ператэлефанавалі і сказалі, што хрост адбудзецца. Маўляў, гэта меркаванне ўсяго сакратарыята, які застаецца да прыходу новага пантыфіка. І сказалі: раз Папа паставіў сваю пячатку, то ўсё адбудзецца.

Цырымонія хросту доўжылася каля 40 хвілін. Паводле слоў Каўрыгіна, кардынал, які яе праводзіў, нават расплакаўся.
— Ён казаў, што, нягледзячы на тое, што Папа Францішак памёр, ён зараз нябачна з намі. Што смерць і жыццё ідуць побач. І мы павінны пра гэта памятаць і разумець, што жывём у вечнасці. Вельмі прыгожыя словы. Сказаў, што благаславенне маіх дзяцей на хрост — сапраўды апошні такі дакумент, які ён падпісаў, — апісвае суразмоўца. — Потым сыны гулялі і бегалі па зале. А праз пару дзён у ёй размаўлялі Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі. Хто б мог падумаць, што мы станем сведкамі такіх гістарычных падзей.
Каментары
Мабыць, не за канкрэтную паслугу, а так, "крэдытам" за магчымасць прыярытэтна вырашаць некаторыя пытанні.