У самы старажытны беларускі горад прыехала ініцыятыва «Русские во дворе». Пры падтрымцы Полацкага райвыканкама прайшла акцыя, на якой не было ніводнага дзяржаўнага сцяга, затое шмат расійскіх.

8 лістапада жыхары Полацка назіралі дзіўную карціну. Па цэнтральным праспекце Францыска Скарыны бегла калона з расійскімі сцягамі. Прычым не толькі з сучасным, але і з імперскім трыкалорам, які любяць выкарыстоўваць рускія нацыяналісты. Больш за тое, удзельнікі прыцягнулі і сцяг «Рускай абшчыны» — ультраправай шавіністычнай арганізацыі. У калону бегчы яны сабралі і зусім маленькіх беларускіх дзяцей.
Ролік з гэтай прабежкай сабраў у тыктоку выключна негатыўныя каментары.
«Дзе наш дзяржаўны сцяг? Чаму ў цэнтры Еўропы бегаюць з чорна-жоўта-белым сцягам?» — спытаў адзін з каментатараў. «А дзе нашы сцягі? Што адбываецца?» — падтрымлівае яго іншы.
Яшчэ адзін глядач адзначыў, што на ўкраінскім Данбасе ўсё пачыналася дакладна так жа. «Гэта ўжо падобна да сепаратызму», — рэзюмаваў іншы каментатар.
Выявілася, у Полацк прыехала арганізацыя з назвай «Русские во дворе». Іх запрасіў рабочы «Нафтана» Сяргей Урбановіч. Пару гадоў таму ён стварыў у Наваполацку аб'яднанне «Выбор-ЗОЖ» — філіял расійскай «Федерации ЗОЖ». І пачаў праводзіць розныя мерапрыемствы па папулярызацыі здаровага ладу жыцця. На гэтай глебе Урбановіч пасябраваў з рускімі нацыяналістамі. І яны цяпер актыўна апрацоўваюць беларускіх дзяцей.

Арганізацыю «Русские во дворе» ў 2023 годзе стварылі Антон Салдаеў і Алег Матвееў — як гэта звычайна бывае ў рускіх нацыяналістаў, майстры адзінаборстваў. Ідэя была ў тым, каб праводзіць масавыя спартыўныя заняткі на свежым паветры, вучыць моладзь здароваму ладу жыцця і патрыятызму як яны гэта разумеюць.
Афіцыйна заснавальнікі нават прапісалі прынцыпы руху: без палітыкі і рэлігіі. Гэтыя тэмы, маўляў, падзяляюць рускіх людзей. Але без палітыкі не атрымалася. Вось так выглядае тыповая сустрэча «Русские во дворе». Удзельнікі трымаюць сцягі ультраправых і ксенафобскіх рухаў «Паўночны чалавек», «Руская абшчына» і «РНД».


«Русские во дворе» пачалі актыўна працаваць з беларускімі дзецьмі. У маі рух сумесна з «Выбор-ЗОЖ» пракаціўся па Віцебскай вобласці. У Полацку, Наваполацку і Верхнядзвінску яны арганізавалі спартыўнае свята пад назвай «БелоРусские во дворе».

Там мясцовых падлеткаў прывучвалі да расійскай культуры і патрыятызму, а таксама вучылі абыходзіцца з аўтаматам.

На акцыях паўсюль прысутнічалі сцягі расійскіх нацыяналістаў, нейкія казакі і іншыя атрыбуты тыповага мерапрыемства па прапагандзе «рускага свету».

«БелоРусских во дворе» піярылі мясцовыя раёнкі. А ў ліку партнёраў значацца «Белая Русь» і «Нафтан». Завяршаліся мерапрыемствы традыцыйным агульным здымкам. Усё з тымі ж імперскімі і расійскімі сцягамі. І нават без афіцыйнага чырвона-зялёнага.

Такое самае фота зрабілі і ўдзельнікі забегу 8 лістапада. Ён, дарэчы, праходзіў пры падтрымцы Полацкага райвыканкама.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Як Вольскі прыходзіў з ператрусам да Коласа, а Крапіва і Глебка даносілі на калег». Апублікаваныя жахлівыя ўспаміны Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі 1920—1940-х
Каментары
Не дзіва, што ў Беларусі далей савок з такіх лявацкім падыходам.