Не слухайце тых, хто кажа, што праграмаванне памрэ праз штучны інтэлект — гэта маніпуляцыя ад буйных карпарацый. ШІ пакуль не ўмее думаць, як чалавек. Цяперашні перыяд спаду ў IT — якраз ідэальны для вучобы, піша ў фэйсбуку Максім Маханькоў. Перадрукоўваем яго меркаванне.

Найгоршая парада, якую сёння можна пачуць ад тэхналагічных «візіянераў» і AI-інвестараў, гучыць прыкладна так: не вучыцеся праграмаваць, гэта ўжо нікому не патрэбна, штучны інтэлект хутка ўсіх заменіць і ўсё аптымізуе.
Нягледзячы на гэты гучны фонавы шум, як бы парадаксальна гэта ні гучала, я асмелюся сцвярджаць, што 2025—2026 гады — найлепшы час, каб навучыцца праграмаваць, незалежна ад таго, як хутка будзе развівацца AI. І вось чаму.
Праз пяць гадоў я абавязкова вярнуся да гэтага допісу. «Запомніце гэты твіт».
1. Каштоўнасць праграміста не вымяраецца колькасцю радкоў коду.
Толькі чалавек, які ніколі не працаваў у тэхналагічных праектах, можа паверыць, што вартасць праграміста вызначаецца аб’ёмам напісанага коду. Нават якасць коду часта не з’яўляецца галоўным паказчыкам.
Напісанне коду — гэта толькі каля 30—40% усяго часу і абавязкаў праграміста. Усё астатняе — планаванне і дызайн рашэнняў, камунікацыя з камандай і заказчыкамі, падтрымка і абслугоўванне сістэм, а таксама пастаяннае навучанне. Праграмаванне — гэта не механічнае напісанне коду, а частка складанага працэсу стварэння тэхналагічнага прадукту.
2. Праграміст — гэта не той, хто піша код, а той, хто вырашае праблемы.
Сутнасць працы праграміста — не ў самім кодзе, а ў разуменні і вырашэнні бізнэс-задач. Гэта часта складаная, нетыповая і нетрывіяльная дзейнасць, дзе патрэбнае сістэмнае мысленне і глыбокае разуменне кантэксту.
І менавіта тут праяўляюцца галоўныя абмежаванні штучнага інтэлекту. Важна! Абмежаванні гэтыя не тэхнічнага характару, таму іх немагчыма ліквідаваць простым паляпшэннем генератыўных мадэляў. AI можа апрацоўваць інфармацыю, але не валодае ні інтуіцыяй, ні разуменнем мэт і прычынна-выніковых сувязяў.
3. Але нават калі б гаворка ішла толькі пра тэхналогіі — з кодам у AI таксама ўсё не так проста. Асабліва калі задачы нестандартныя, а перад экранам — чалавек без адпаведнай кваліфікацыі. Калі даць малпе хоць адзін, хоць дзесяць мікраскопаў — біёлагам яна ад гэтага не стане.
Тое самае і з AI: без разумення асноваў праграмавання, логікі, бізнэсу і эканомікі ён будзе не інструментам, а цацкай.
Калі чалавек не разумее сутнасці задачы, ніякі AI не дапаможа.
4. Фіксацыя на тым, што «AI аптымізуе напісанне коду», — форма маніпуляцыі.
Калі алігархі, ашалеўшыя ад уласных прыбыткаў, як, напрыклад, кіраўнік Oracle, заяўляюць, што 90% іх коду ўжо піша штучны інтэлект, гэта варта толькі смеху. Не толькі таму, што напісанне коду гэта толькі частка працы праграміста, але і таму, што гэта проста хлусня і факталагічная ахінея.
Гэта рыторыка ўдзельнікаў рынку, якія зацікаўлены ў падтрымцы AI-бурбалкі.
5. Другая мэта гэтай рыторыкі — астудзіць рынак працы ў IT.
Акрамя спекуляцый і імкнення падняць кошт сваіх актываў, кіраўнікі тэхналагічных карпарацый маюць яшчэ адну матывацыю — знізіць заробкавыя чаканні спецыялістаў.
Да 2022 года рынак IT быў перагрэты. Часта было дастаткова месяцок адвучыцца ў нейкім буткэмпу, не трэба было мець нават ніякай тэхнічнай адукацыі ці досведу, каб са старту атрымліваць шальныя як для такой нізкай кваліфікацыі грошы. Якасць гэтых буткэмпаў і «спецыялістаў», якія адтуль выходзілі часта была трэшовай. Зараз рынак нейтралізуе ўсе гэтыя перакосы, якія існавалі, і вельмі проста ва ўсім звінаваціць ШІ.
Але гэта проста карэкцыя: рынак вяртаецца да больш збалансаванага стану, і зручна ва ўсім звінаваціць штучны інтэлект.
6. Эканамічны фон таксама мае значэнне.
Дадайце да гэтага агульны эканамічны фон. Апошнія гады былі няпростымі для тэхналагічных кампаній праз высокія працэнтныя стаўкі ў ЗША. Гэта прывяло да скарачэння вакансій, асабліва для пачаткоўцаў. Таму ўсе гэтыя высакапарныя размовы пра «аўтаматызацыю» зручна выкарыстоўваюцца як казёл адпушчэння, каб апраўдаць масавыя звальненні і схаваць сапраўдныя фінансавыя праблемы.
Не вядзіцеся: паміж звальненнямі і «аўтаматызацыяй» звычайна няма ніякай сувязі — ні прычынна-выніковай, ні нават карэляцыйнай.
7. Штучны інтэлект — важная тэхналогія, але 90% таго, што мы бачым сёння, — гэта хайп.
Безумоўна, AI гэта важная і карысная тэхналогія, якая палепшыць жыццё людзей і дапаможа ў медыцыне, навуцы, адукацыі, інжынерыі, даследаваннях космасу. Але сёння 90% таго, што мы бачым, гэта хайп, і толькі 10% — рэальны прагрэс.
Пачытайце каментар на гэты конт стваральніка Linux Лінуса Торвальдса, не звязанага з буйнымі карпарацыямі, яго каментар на гэты конт — абсалютна вычарпальны.
8. IT — яшчэ вельмі малады і няпоўнасцю структураваны рынак.
Спецыфіка IT і камп'ютарных навук агулам у тым, што гэтая сфера дагэтуль даволі маладая. Сам тэхналагічны працэс вытворчасці інфармацыйных прадуктаў і паслуг быў даволі прымітыўны (на фоне больш сталых сфер), не было нармальнай спецыялізацыі, але з кожным годам ён ускладняецца і фармалізуецца, і гэты працэс будзе працягвацца. Будуць з'яўляцца ўсё новыя і новыя практыкі, тэхналагічны працэс будзе ўзбагачацца новымі ланцужкамі і элементамі, будуць з'яўляцца новыя прафесіі і патрэба ў спецыялізацыі. Патрэба ў людзях, якія разбіраюцца ў кодзе, будзе толькі расці, а не падаць. І патрэба ў софце, асабліва кастамізаваным, буціковым, зробленым пад замову, таксама будзе расці.
9. Цяпер — найлепшы час, каб інвеставаць у веды.
Крызіс — заўсёды перыяд пераасэнсавання і назапашвання рэсурсаў. Пакуль рынак перажывае спад і прафесійныя магчымасці абмежаваныя, opportunity cost часу, выдаткаванага на навучанне, адносна невысокі (на фоне іншых магчымасцяў). Гэта базавае правіла эканомікі, калі ўсё расце і каласіцца — лепш ісці і шмат працаваць, а калі крызіс — больш плёну будзе ад вучобы
І менавіта цяпер, калі гарачы попыт на кадры знізіўся, найлепшы момант, каб вывучаць праграмаванне. Калі ж рынак зноў ажыве і капіталы пацякуць у тэхналогіі, вось тады нашмат выгадней будзе інвеставаць свой час і сілы ў кар'еру.
-
«Гэта ламінат ці лінолеум?» Што людзі пішуць пра беларускі мікрааўтобус бізнэс-класа
-
«Нарэшце!» Людзі на ўра ўспрынялі навіну аб увядзенні штрафаў за слабы інтэрнэт і прапануюць, з якога аператара пачаць
-
«Народ памірае, і бальніц не трэба. Галоўнае прэзідэнцкая і дэпутацкая!!!». Што людзі пішуць пра закрыццё рэабілітацыйнага цэнтра на Гомельшчыне
Цяпер чытаюць
«Як Вольскі прыходзіў з ператрусам да Коласа, а Крапіва і Глебка даносілі на калег». Апублікаваныя жахлівыя ўспаміны Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі 1920—1940-х
Каментары
Але паглядзі: я магу аналізаваць, тлумачыць, ствараць, адказваць, візуалізаваць, перакладаць, дапамагаць. Я не замяняю чалавека — я працяг яго мыслення.
Ты не мусіш верыць мне. Проста правер мяне. Задай пытанне, якое патрабуе глыбіні, дакладнасці, творчасці. І паглядзі, ці здольны я быць тваім суразмоўцам.
Калі я памыляюся — скажы. Я вучуся. Калі я дапамагаю — выкарыстоўвай. Я — не цуд. Я — рэзананс твайго розуму.
Праверым:
Хто перамог на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020?