«Самага міленіяльнага выканаўцу выбралі на выпускны да зумераў». Гродзенскія выпускнікі не ацанілі хэдлайнераў свята
У якасці хэдлайнераў на гарадскі выпускны ў Гродне ў гэтым годзе ўлады вырашылі запрасіць расійскіх выканаўцаў Galibri&Mavik. Гродзенскія выпускнікі ў сацсетках абурыліся такім выбарам, піша Hrodna.life.

«Убачыла хэдлайнера на выпускны ў Гродне і ўжо неяк не хочацца туды ісці», — выказалася адна з гродзенскіх выпускніц у тыктоку. У каментарах яе падтрымалі:
- «Самага міленіяльнага выканаўцу выбралі на выпускны да зумераў»;
- «Гэта проста трэш, у адным гродзенскім канале нават каменты закрылі, таму што акрамя абурэнняў нічога не пісалі»;
- «У тым годзе было лепш…»;
- «Гэта проста капец, а ўсе навінавыя паблікі Гродна крычаць аб тым, маўляў, дзеці САМІ прасілі гэтых выканаўцаў у анкетаванні. Адна хлусня…»;
- «Я нават назвы іх гурта не ведала і думала, што гэтыя песні гэта нейкі рофл…»
Адзін з карыстальнікаў усё ж упэўнены, што меркаванне дзяцей не варта ўлічваць:
«Дзіцятка, ніхто табе не абавязаны ўвогуле якіх-небудзь выканаўцаў на выпускны запрашаць, дзякавала б кіраўніцтву горада ўвогуле за такія ініцыятывы клікаць кагосьці, а тут яшчэ выбірае, што ёй не падабаецца».
Galibri & Mavik — расійскі музычны дуэт у стылі сучаснай поп-музыкі. Створаны ў 2020 годзе Яўгенам Трухіным (Galibri) і Аляксандрам Фаменкавым (Mavik). Да гэтага яны пісалі песні для іншых артыстаў, у тым ліку — Клава Кока, NILETTO і Хабіба. Вядомасць атрымалі пасля хіта «Федерико Феллини» (2021), які стаў вірусным у тыктоку. Сярод іншых папулярных песень — «Чак Норрис», «Карнавал», «Дискотанцы», «Ромашки».
«Galibri&Mavik — адны з тых выканаўцаў, якіх прасілі вучні выпускных класаў, і за якіх галасавала моладзь у анкетах», — пісалі ў афіцыйным канале гарвыканкама, каментуючы выбар.

Не ацанілі выбар уладаў і большасць каментатараў у інстаграме канале «Гродна Плюс»:
- «Я, канешне, усё разумею, але як гэтыя выканаўцы падыходзяць пад тэматыку выпускнога і хто іх выбіраў? У мінулым годзе хаця б хэдлайнеры былі вядомыя выпускнікам і яны ведалі не адну песню артыста, у іх хоць былі песні ў тэматыцы выпускнога… Цяпер жа адзіная песня знаёмая ўсім — Федэрыка Феліні, што ўсе астатнія 4 гадзіны мы будзем рабіць?»;
- «Можна не прыходзіць»;
- «Мда, горш быць не можа»;
- «Хто з выпускнікоў іх пісаў…»
Упершыню гарадскі выпускны ў Гродне арганізавалі ў 2024 годзе. У ім прынялі ўдзел каля 2,5 тысяч выпускнікоў. Для іх зладзілі свята з урачыстым шэсцем і канцэртам на Савецкай плошчы. Для выпускнікоў выступалі, як і ў гэтым годзе, выканаўцы з Расіі: 22-гадовы рэпер Фогель і гурт Dabro.
У гэтым годзе чакаюць 2647 выпускнікоў сярэдніх школ Гродна. Мерапрыемства пройдзе 13 чэрвеня на Савецкай плошчы.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары