Свет

За пяць гадоў абароны ў Грузіі папрасіла больш за 70 беларусаў, тром дзясяткам ужо адмовілі

З 2019 года да канца трэцяга квартала 2024-га па абарону ў Грузіі звярнуліся 73 грамадзяніны Беларусі, адмову ўжо атрымаў 31 чалавек, вынікае з падрыхтаванага на падставе даных грузінскага МУС даследавання. Яго вынікамі з «Позіркам» падзяліўся праваабаронца Раман Кісляк.

Адмовы ў наданні палітычнага прытулку ў 2019—2022 гадах былі адзінкавымі, у 2023-м і першым паўгоддзі 2024-га іх не было зусім. Абсалютная большасць адмоў — 25 з 31 — прыйшлася на ліпень — верасень гэтага года.

«Пасля зацішша з разглядам запытаў беларусаў на прытулак са жніўня 2024 года дэпартамент міграцыі МУС пачынае актыўна разглядаць беларускія справы і штампаваць адмовы ў прытулку, — канстатаваў праваабаронца. — Гледзячы па апытаннях, якія пацвярджаюцца афіцыйнай статыстыкай МУС, ніхто з беларусаў не змог атрымаць статут уцекача ў Грузіі».

Паводле яго слоў, пасля атрымання адмоў «ідзе масавая падрыхтоўка і падача скаргаў у Тбіліскі гарадскі суд».

«Відавочна, што нехта ва ўрадзе Грузіі напярэдадні выбараў у парламент (адбыліся 26 кастрычніка; пераможцам абвясціла сябе кіроўная партыя «Грузінская мара», якая ідзе прарасійскім курсам на шкоду еўрапейскай перспектыве краіны. — «Позірк».) вырашыў усім беларусам адмовіць у прытулку, незалежна ад абставін, на якія яны спасылаюцца. Мы бачым у гэтым дыскрымінацыю паводле прыкметы нацыянальнага паходжання, якая ў міжнародным праве трактуецца як адна з форм расавай дыскрымінацыі», — падкрэсліў Кісляк.

Згодна з даследаваннем, больш за ўсё беларусаў звярталася па гуманітарны статус у 2023 і 2024 гадах — 21 і 32 адпаведна. Сярод тых, хто папрасіў абароны за апошнія пяць гадоў, пераважаюць мужчыны і жанчыны 26—40 гадоў, налічваецца 15 дзяцей.

Абапіраючыся на статыстыку МУС, аўтары даследавання падлічылі колькасць беларусаў у Грузіі — 12955 (без уліку турыстаў).

«Можна меркаваць, што «пашпартны ўказ» моцна ўплывае на дынаміку адтоку беларусаў у 2024 годзе, аднак на сённяшні момант больш падрабязных даных няма. У лістападзе 2024 года ў Грузіі пачаўся перапіс насельніцтва, ён таксама можа даць больш падрабязныя звесткі пра беларусаў, якія жывуць у краіне, аднак толькі налета», — гаворыцца ў дакуменце.

Грузія — адна з краін, куды беларусы эмігравалі, ратуючыся ад рэпрэсій, што распачаліся ў Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года. Туды ж рэлакавалася істотная частка беларускага ІТ-бізнесу.

Шмат у чым гэта было абумоўлена мяккімі ўмовамі перабывання ў краіне — беларусы могуць знаходзіцца ў Грузіі без візы на працягу года, а для абнулення бязвізавага тэрміну дастаткова выехаць за мяжу і адразу вярнуцца на грузінскую тэрыторыю (г. зв. «візаран»). Разам з тым апошнім часам пачасціліся выпадкі, калі грузінскія памежнікі не дазвалялі беларусам вяртацца ў краіну пасля «візарану».

Легалізавацца ў Грузіі беларусам няпроста, асабліва ў святле «пашпартнага ўказу» № 278, якім Лукашэнка пазбавіў замежныя ўстановы магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Усе навіны →
Усе навіны

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі34

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю40

Электробусы пачнуць хадзіць у наступным годзе прыгараднымі маршрутамі1

У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы8

Міністр унутраных спраў Беніна заявіў, што арміі ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа11

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць