Польскі часопіс Forbes Women намінаваў беларуску Вольгу Ланеўскую на званне жанчыны года ў катэгорыі «грамадская дзейнасць», піша «Радыё Свабода». Ланеўская працуе з тэмамі фемінізму і супрацьдзеяння гендарнаму гвалту. Яна заснавала ў Кракаве Фемінісцкі цэнтр салідарнасці для дзяўчат і жанчын.

Вольга — сертыфікаваная трэнерка па жаночай самаабароне і асертыўнасці па метадзе WenDo, прыдуманым у Канадзе на мяжы 60—70-х гадоў ХХ стагоддзя.
«Метад уключае ў сябе разуменне і ўмацаванне асабістых межаў, навыкі фізічнай самаабароны, а таксама працу з голасам, упэўненасцю ў сабе і асертыўнасцю у цэлым. Сама назва паходзіць ад слоў woman (па-англійску — жанчына) і do (па-японску — дарога). Можна сказаць, што гэта шлях жанчыны, які кожная з нас выбірае сама, а можна пайсці глыбей і заявіць, што гэта метад барацьбы з дыскрымінацыяй і гвалтам па прыкмеце полу», — тлумачыла сама Вольга Ланеўская ў інтэрв’ю ex-press.live.
Паводле яе, WenDo, з аднаго боку, дапамагае прымаць рашэнні і выходзіць з гвалтоўных адносін і зносін, а з другога — звяртае ўвагу на тое, як не трапляць у такія адносіны і сітуацыі. Таксама WenDo дапамагае лепш пазнаць сябе і давяраць сабе, спраўляцца з пачуццём сораму і бездапаможнасці ў крызісных сітуацыях.
Да пераезду ў Польшчу Вольга Ланеўская праводзіла трэнінгі па метадзе WenDo для беларусак у Беларусі. Заняткі праводзілі бясплатна дзякуючы дапамозе і падтрымцы арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагала жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту. Пазней улады Беларусі ліквідавалі «Радзіславу» і іншыя арганізацыі дапамогі жанчынам у Беларусі.
Агулам рэдакцыя польскага часопіса Forbes выбрала 50 жанчын, чыя дзейнасць заслугоўвае ўвагі. Яны прадстаўляюць пяць катэгорый: бізнэс, грамадская дзейнасць, культура, навука і спорт. Дапамагаць вызначаць, хто з іх варты звання «Жанчыны года», будуць чытачы.
Каментары