На дне колішняга Кахоўскага вадасховішча цяпер растуць таполі і вербы, а ў Дняпро вярнуліся асятры
Што цяпер адбываецца на дне Кахоўскага вадасховішча, якое пасля падрыву расійскімі вайскоўцамі плаціны выйшла на паверхню? Якія расліны і жывёлы жывуць там, дзе яшчэ два гады таму была вада? Ці ачысцілася Чорнае мора пасля разбурэння дамбы, якая рыба вярнулася ў Дняпро, а якая загінула? Якія таксічныя рэчывы пагражаюць навакольнаму асяроддзю з-за падрыву Кахоўскай ГЭС? Украінская служба Бі-бі-сі пагутарыла з навукоўцамі, якія даследуюць наступствы катастрофы на дамбе.

Ракавінкі пад нагамі
Хадзіла па дне былога мора, бачыла там мільёны ракавінак і непраходныя лясы — батанік, доктар навук Ганна Куземка чатыры разы выязджала ў экспедыцыі на тэрыторыю былога Кахоўскага вадасховішча.
Там пад артабстрэламі і прыцэламі дронаў навукоўцы збіраюць звесткі пра наступствы падрыву Кахоўскай дамбы.

Кахоўскае вадасховішча стварылі і канчаткова запоўнілі вадой у 1958 годзе. Яно мела плошчу больш за 2 тысячы квадратных кіламетраў і ўтрымлівала больш за 18 кубічных кіламетраў вады.
У выніку падрыву дамбы 6 чэрвеня 2023 года велізарныя масы вады рынулі ўніз па цячэнні Дняпра, затапліваючы ўсё на сваім шляху.

Праз два гады пасля катастрофы на дне былога вадасховішча ўтварыліся азёры і балоты, выйшлі з-пад вады пяскі і глей, расце малады лес, і суадносіны паміж гэтымі экасістэмамі, кажа навукоўка Ганна Куземка, пастаянна мяняецца.

Паводле ацэнак навукоўцаў з экспедыцый, калі восенню 2023 года вадаёмы займалі 13-15% тэрыторый былога мора, то вясной 2024-га гэта ўжо было больш за 30% тэрыторый.
А яшчэ цяпер на дне былога мора можна ўбачыць мільёны ракавінак малюска дрэйсены.
«За час існавання вадасховішча ўзніклі велізарныя папуляцыі гэтага малюска. Вада сышла, і яны загінулі. Імі зараз высланыя велізарныя тэрыторыі. Там іх проста мільёны», — кажа Ганна Куземка.
Таполі і вербы да сямі метраў
Адразу пасля катастрофы выказваліся асцярогі, што глей са дна вадасховішча высахне, будзе разлятацца, што прывядзе да ўзнікнення пылавых бураў.

«Але, упершыню трапіўшы на ранейшае дно мора праз тры тыдні пасля катастрофы, мы ўбачылі, што гэты глей вельмі шчыльны. Ён высыхае і пакрываецца глыбокімі расколінамі. На паверхні глею адразу ўтварылася скарынка з багавіння. Гэтае багавінне, а таксама лазовы лес, які вырас на дне мора, прадухілілі развейванне глею», — кажа доктар навук Куземка.

Пачатак чэрвеня, калі адбылася катастрофа, быў спрыяльным часам для распаўсюджвання вярбы. Вярба сама ўтварыла насенне, яно плавала на паверхні вады. Вада сышла, насенне трапіла на пажыўную глебу і адразу прарасло.
Там, дзе вада стаяла доўга, лесу няма, таму што насенне хутка страціла здольнасць прарастаць.
«Прырода разумнейшая за людзей. Большасць прагнозаў не спраўдзіліся. Пустыня не з'явілася, пылавых бураў няма. Затое выраслі вербы і таполі», — робіць выснову навукоўка.

Калі экспедыцыя навукоўцаў упершыню выехала да вадасховішча праз тры тыдні пасля катастрофы, то яны ўбачылі там сеянцы вярбы вышынёй менш за сантыметр. За некалькі месяцаў, у кастрычніку 2023 года, вербы ўжо дасягнулі ў вышыню да 3 метраў.
Падчас экспедыцыі ў 2024 годзе вышыня дрэў была ў сярэднім 4,7 метра. У 2025 годзе Ганна Куземка з калегамі зафіксавала вярбы і таполі вышынёй да 7 метраў.

«Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што вербы сёлета цвілі. Гэта вельмі дзіўна. Таму што, па літаратурных даных, вярба павінна цвісці праз 5-7 гадоў, а гэта толькі двухгадовыя дрэвы. Гэтая вярба фармуецца ў вельмі незвычайных умовах», — расказвае навукоўка.

Паводле яе слоў, вербы на дне былога мора растуць вельмі шчыльна і цягнуцца ўверх, таму што ёсць вялікая канкурэнцыя за святло, а яшчэ ёсць багатыя і пажыўныя для гэтых дрэў глебы, што абумовіла такі хуткі рост дрэў.
У першыя месяцы пасля катастрофы маладыя дрэвы раслі з хуткасцю 2-3 см за суткі. Сёлета самыя слабыя парасткі адміралі, а больш моцныя дрэвы працягваюць жыць.
«Спачатку гэта былі зараснікі. Цяпер гэта сапраўдны малады лес. Ён будзе расці доўга. Там ёсць каля 300 відаў раслін, якія фарміруюць драўняны, хмызняковы, травяны і мохавы ярусы», — расказвае навукоўка.
На дне былога мора аднаўляецца траціна тых групаў раслін і жывёл, якія існавалі там да з'яўлення плаціны.

Вербавыя лясы рэдкія і ахоўваюцца па ўсёй Еўропе ў адпаведнасці з Бернскай канвенцыяй і дырэктывай Еўрапейскага Саюза.
«Мы раіліся з замежнымі калегамі-навукоўцамі, усе лічаць, што гэты вербава-таполевы лес на дне Кахоўскага мора — гэта цяпер самы вялікі такі лес у Еўропе. Часта тэрыторыі такіх лясоў у свеце ўздоўж рэк забудаваныя або разараныя», — расказвае Ганна Куземка.
Старыя рэкі аднавілі рух
На ранейшым дне мора аднавілі свае рэчышчы рэкі, якія існавалі калісьці даўно, яшчэ да вадасховішча.

Падчас экспедыцыі ў нацыянальны парк «Каменская Сеч» навукоўцы ўбачылі раку Каменку, якая да гэтага 70 гадоў была затопленая водамі вадасховішча.
«Калі з вадасховішча сышла вада, гэтая рака аднавіла сваё рэчышча. На яе берагах зноў выраслі чарот, рагоз», — расказвае Ганна Куземка.
Акрамя лясоў і старых рэк, на тэрыторыі былога мора ёсць азёры, дзе ўжо з'явілася водная расліннасць. На такіх азёрах навукоўцы назіралі вялікія чароды птушак.

Тэрыторыю нізоўяў Дняпра, якую ў 1950-х гадах затапілі для будаўніцтва Кахоўскай ГЭС, гістарычна называюць Вялікім Лугам. Паводле ацэнак навукоўцаў, праз два гады пасля катастрофы прырода паступова аднаўляецца, а Вялікі Луг вяртаецца ў новым выглядзе.
«Вялікі Луг, пра які ўсе кажуць, насамрэч не лугі, а вялікі пойменны лес. Такія буйныя вербава-таполевыя лясы існавалі там да будаўніцтва Кахоўскай ГЭС, а яшчэ там раслі алешнік і дубы. Былі лугі, пашы, сенажаці», — адзначае Ганна Куземка.
Паводле ацэнак навукоўцаў, цяпер аднаўляецца прыкладна траціна ад тых групаў раслін і жывёл, якія былі на гэтай тэрыторыі да будаўніцтва плаціны.

Расліны на дне былога вадасховішча з'яўляюцца вельмі хутка — у 2022 годзе было 11 відаў, у траўні 2025 — ужо больш за 300 відаў.
«Увесну гэтага года нашы калегі даследавалі працэсы фотасінтэзу ў вербаў і таполяў, якія выраслі на дне былога вадасховішча. І гэтыя даследаванні паказалі, што расліны, якія змаглі там вырасці, адчуваюць сябе лепш, чым у Кіеве», — кажа навукоўка.
У Дняпры зноў з'явіўся асётр
У выніку падрыву дамбы загінула шмат рыбы, напрыклад, ляшчы, жэрахі, верхаводы, плоткі, краснапёркі, карпы, а таксама шчупакі, судакі, акуні, бычкі і іншыя. Плынь вады вынесла іх у адкрытае мора.
«У Чорным моры загінулі прэснаводныя рыбы, якія не прыстасаваныя да салёнай вады. Загінула і марская рыба, з-за апраснення прыбярэжных вод. Гэта быў удар для ўсіх груп», — расказвае Віктар Дземчанка, намеснік дырэктара Інстытута марской біялогіі НАН Украіны.
Каля Адэскага заліва ад прэснай вады, па даных іхтыёлага Дземчанкі, загінула каля 60% мідый.
«Мы страцілі тыя віды рыб, якія за 70 гадоў сфармаваліся і прыстасаваліся да ўмоў вадасховішча. Цяпер умовы зноў змяніліся», — адзначае навуковец.

Адна з самых вялікіх змен, па словах Дземчанкі, гэта тое, што ўпершыню за больш чым 70 гадоў паблізу вострава Хорціца ўбачылі асятра.
«Адсутнасць плаціны зрабіла магчымай міграцыю рыбы ўверх па цячэнні. Рыба з Чорнага мора цяпер бесперашкодна можа падыходзіць аж да Запарожжа, а гэта каля 200 км адноўленага рэчышча ракі», — кажа іхтыёлаг Віктар Дземчанка.

Ужо ёсць чатыры знаходкі асятра рускага ў Дняпры — гэта былі дарослыя асобіны, вагой больш за 10 кг.
Яшчэ да будаўніцтва і Запарожскай, і Кахоўскай ГЭС каля Запарожжа былі традыцыйныя месцы нерасту асятровых рыб, расказвае навуковец. У выніку будаўніцтва плацін гэтыя нерасцілішчы былі знішчаныя. Цяпер асятровая рыба вяртаецца на свае гістарычныя месцы.
Што з тэрыторыяй ніжэй плаціны
«Наступствы падрыву дамбы для прыроды катастрафічныя — сапраўдныя маштабы страт мы нават не можам ацаніць, таму што няма доступу да ўсіх земляў, асабліва на акупаваным расіянамі левабярэжжы Дняпра. Аднак ужо можна сказаць, што парушаная экалагічная стабільнасць велізарнай тэрыторыі», — кажа Куземка.
Даследаваць дно былога Кахоўскага мора навукоўцам цяпер надзвычай складана. Да многіх тэрыторый наогул няма доступу — гэта зона баявых дзеянняў.
Увосень 2023 года падчас экспедыцыі Ганна Куземка з калегамі трапілі пад мінамётны абстрэл. У 2025-м навукоўцы даследавалі вербавы лес у касках і бронекамізэльках, а над імі лёталі дроны.
Праз падрыў расіянамі Кахоўскай ГЭС было затоплена 600 квадратных кіламетраў Херсоншчыны. Левабярэжная Херсоншчына акупаваная і навукоўцы могуць даследаваць наступствы катастрофы для гэтых тэрыторый толькі дыстанцыйна.
«Мы можам толькі даследаваць спадарожнікавыя здымкі гэтых тэрыторый і толькі здагадвацца, што там адбываецца», — кажа навукоўка.
Ніжэй за плаціну на акупаваных затопленых тэрыторыях пацярпелі многія расліны і жывёлы. У прыватнасці, гэта лясы з бярозы дняпроўскай, якая не вытрымлівае высокага ўзроўню грунтавых вод. Таксама, на думку навукоўцаў, маглі пацярпець кветкавыя расліны, напрыклад, белажамчужныя васількі, якія не растуць больш нідзе ў свеце.

У 2021 годзе на тэрыторыі Херсонскай вобласці ў нацыянальным парку «Алешкаўскія пяскі» навукоўцы знайшлі новы від лішайніка, да таго не вядомага навуцы.
«Цалкам верагодна, што гэты лішайнік таксама мог знікнуць, паколькі гэтая тэрыторыя падверглася затапленню», — лічыць Ганна Куземка.
У выніку падрыву дамбы, паводле прыблізных ацэнак, загінула да 50 відаў рыб, шмат хатніх і дзікіх жывёл. Паток вады знішчыў гнёзды птушак, калоніі малюскаў і ракападобных.
Ці ачысцілася Чорнае мора?
Нягледзячы на тэзісы пра тое, што прырода паступова аднаўляецца, катастрофа на ГЭС мае шмат экалагічных наступстваў.
«У 2023 годзе пасля падрыву дамбы вялікая вада змывала гербіцыды з палёў, нафтапрадукты са складоў, іншыя тэхнагенныя тэрыторыі і прамысловыя аб'екты. Гэта ўсё трапіла ў Чорнае мора», — расказвае Віктар Дземчанка.
У першыя дні пасля катастрофы Чорнае мора значна апраснілася. Так, паблізу горада Адэса салёнасць вады складала 4 праміле пры норме 15-17. Таксама значна пагоршылася якасць вады.
Сёння, па словах Віктара Дземчанкі, большасць паказчыкаў якасці вады прыйшлі да нормы, да сярэдніх шматгадовых значэнняў.
«Аднак некаторыя рэчывы ўсё яшчэ застаюцца ў донных адкладах. Яны аселі на дне і пасля шторму могуць паўторна забруджваць марскія акваторыі», — кажа навуковец.
Катастрофа на Кахоўскай ГЭС, з аднаго боку, паказала ўразлівасць Чорнага мора, а з другога — прадэманстравала яго ўстойлівасць да ўздзеяння чалавека.
«Таксічная бомба запаволенага дзеяння»
Нягледзячы на тое, што прырода на дне былога Кахоўскага мора паступова аднаўляецца і гэтая тэрыторыя прыкрываецца вялікай колькасцю раслін, наступствы падрыву ГЭС надзвычай разбуральныя для экалогіі, папярэджваюць навукоўцы.

На працягу многіх дзесяцігоддзяў у Кахоўскае мора траплялі рэчывы, змытыя з сельскагаспадарчых зямель, сцёкавыя вады з сотняў прамысловых прадпрыемстваў, размешчаных паблізу вадасховішча. Цяжкія металы і іншыя таксічныя рэчывы гадамі асядалі, назапашваючыся на дне мора, расказвае эколаг Аляксей Васілюк, старшыня і сузаснавальнік Украінскай прыродаахоўнай групы.
Пакуль няма дакладнай інфармацыі, якая частка глею з гэтымі таксічнымі рэчывамі была вымытая пасля падрыву дамбы. Аднак сярод усіх экалагічных наступстваў назапашаныя на дне вадасховішча забруджвальнікі і іх вызваленне з'яўляюцца, на думку навукоўца, найбольш пагрозлівымі.
Улетку 2023 года ўкраінская прыродаахоўная група арганізавала адбор пробаў грунту са дна вадасховішча ў Херсонскай вобласці і паблізу Запарожжа. У больш за 90% пробаў было значнае перавышэнне гранічна дапушчальных канцэнтрацый таксічных рэчываў.

«Гэта важна для ўсіх жыхароў тэрыторыі, якая была затопленая ў 2023 годзе. Іх агароды былі пакрытыя пластом таксічнага глею», — кажа Васілюк.
У сакавіку 2025 года ў аўтарытэтным навуковым выданні Science апублікавалі даследаванне з верагоднымі ацэнкамі таго, якая колькасць таксінаў вызваліліся з прычыны разбурэння дамбы. У адкладах са дна мора, якія выйшлі на паверхню, паводле ацэнак навукоўцаў, змяшчаецца каля 83,3 тысячы тон цяжкіх металаў, азоту, фосфару.
«На месцы былога вадасховішча ўтварылася велізарная «аголеная» забруджаная тэрыторыя», — кажа ў каментары Украінскай службе Бі-бі-сі Аляксандра Шумілава, адна з аўтарак даследавання, навуковая супрацоўніца Інстытута Лейбніца па прэснаводнай экалогіі.
Яна называе Кахоўскае вадасховішча «таксічнай бомбай запаволенага дзеяння».
Паводле яе слоў, калі праектавалі ГЭС, не спрагназавалі велізарную эрозію берагоў вадасховішча. Таксічныя рэчывы з палёў, прадпрыемстваў траплялі ў ваду і асядалі ў донных адкладах.
«Пад праслойкай вады яны не ўяўлялі небяспекі, але ніхто не мог прадказаць, што калісьці вадасховішча так хутка знікне і таксіны апынуцца на паверхні», — адзначае Шумілава.
Таксічныя рэчывы вымываюцца ўніз па плыні Дняпра падчас сезонных паводак. Далей забруджванні могуць назапашвацца ў раслінах, жывёлах, перадавацца людзям, бо ў сёлах уздоўж берагоў вадасховішча выкарыстоўваюць ваду для паліву агародаў.
«Я лічу, што гэта праблема на дзесяцігоддзі», — кажа Аляксандра Шумілава пра наступствы падрыву Кахоўскай ГЭС для экалогіі.

«Таксінаў на дне вадасховішча і сапраўды вельмі шмат і мы лічым, што значная частка іх цяпер акумулюецца расліннасцю. Напрыклад, вярба вядомая сваімі ўласцівасцямі паглынаць цяжкія металы і таксічныя рэчывы», — кажа пра гэтую праблему батанік Ганна Куземка.
Аднак пакуль невядома, ці праводзіліся спецыяльныя даследаванні пра тое, колькі, напрыклад, цяжкіх металаў у лісці і драўніне.
«Калі лес ссекчы або зноў затапіць гэтыя тэрыторыі, то ўсе акумуляваныя раслінамі атрутныя рэчывы зноў вызваляцца ў навакольнае асяроддзе», — кажа навукоўка.
Год таму была падарваная Кахоўская ГЭС. Што цяпер адбываецца на гэтых тэрыторыях ва Украіне і якая будучыня іх чакае?
Дно Кахоўскага вадасховішча за год ператварылася ў сапраўдны вербавы гай
Кахоўскае вадасховішча больш не існуе, на яго месцы засталіся «лужыны»
Кахоўскае вадасховішча ператварылася ў пустыню ФОТАФАКТ
Каментары