Гісторыя

Вядомы партрэт Каганца аказаўся савецкім фэйкам, затое знайшлося адзінае фота археолага Татура. Разгаданыя фотатаямніцы Беларускага музея ў Вільні

Восем дзесяцігоддзяў не існуе знакамітага Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, аднак яго фонды, расцярушаныя паміж архівамі Літвы і Беларусі, дагэтуль захоўваюць свае таямніцы. Беларускай даследчыцы ўдалося разблытаць адзін гістарычны клубок і вярнуць сапраўдныя імёны беларускіх дзеячаў партрэтам, якія дзесяцігоддзямі памылкова прыпісваліся іншым людзям або заставаліся ананімнымі.

Вядомы партрэт Каганца аказаўся савецкім фэйкам, затое знайшлося адзінае фота археолага Татура.

Уяўляеце сітуацыю, калі дзесяцігоддзямі са старонак падручнікаў, энцыклапедый і сайтаў на вас глядзіць зусім не той чалавек, чыім імем падпісаны партрэт? Гісторыя са знакамітым фотаздымкам Каруся Каганца — яскравы прыклад таго, як нараджаюцца гістарычныя міфы, калі даследчыкі забываюцца на першакрыніцы.

Падрабязнасці гэтага гістарычнага дэтэктыва раскрыла кандыдатка гістарычных навук Вольга Іванова ў артыкуле «Фотаархіў Беларускага музея імя І. Луцкевіча ў Вільні», апублікаваным у альманаху «Аўтограф».

Вядомы Беларускі музей у Вільні, які дзейнічаў з 1921 па 1945 год, быў сапраўднай скарбонкай нацыянальнай памяці. Сярод тысяч экспанатаў там захоўваўся ўнікальны фотаархіў, які налічваў каля дзвюх тысяч адзінак. Пасля ліквідацыі музея савецкімі ўладамі гэты неацэнны збор напаткаў тыповы для нашай спадчыны трагічны лёс — яго бязлітасна разадралі на кавалкі.

Фотаздымак экспазіцыі Беларускага музея ў Вільні. З фондаў Літоўскага нацыянальнага музея

Сёння большая частка тых фотаздымкаў (1244 адзінкі) знаходзіцца ў Літоўскім нацыянальным музеі, астатняе раскідана паміж Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) і Нацыянальным гістарычным музеем у Мінску. Лагічнага падзелу не існавала: фатаграфіі размяркоўваліся літаральна наўздагад, часта без захавання старой нумарацыі. Доўгі час гэтыя выявы ляжалі неапазнанымі або атрыбутаванымі з грубымі памылкамі і недакладнасцямі.

Фотаздымак экспазіцыі Беларускага музея ў Вільні. З фондаў Літоўскага нацыянальнага музея

І толькі цяпер даследчыца прапанавала метад, які дазволіў праліць святло на цёмныя плямы. Ключом да разгадкі сталі арыгінальныя інвентарныя кнігі Віленскага музея, складзеныя ў свой час Уладасам Дрэмам і Пётрам Сергіевічам. Параўнаўшы дакладныя даваенныя апісанні з тым, што сёння ляжыць у мінскіх і віленскіх тэчках пад цэтлікамі «невядомы», удалося зрабіць шэраг сапраўдных адкрыццяў.

Чалавек у каракулевай шапцы

Самая важная знаходка даследчыцы звязаная з асобай Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага) — стваральніка «Моднага шляхцюка», мастака і мовазнаўца. Калі вы сёння ўведзяце яго імя ў пошукавік, то абавязкова пабачыце прыгожае каляровае фота мужчыны са строгім позіркам у цёплым паліто і характэрнай каракулевай шапцы. Здымак растыражаваны ў навуковых выданнях і СМІ менавіта як партрэт Каганца. Ніякіх падазрэнняў ён не выклікаў, бо менавіта так і мусіць выглядаць прадстаўнік старажытнага беларускага шляхецкага роду Кастравіцкіх.

Размаляваны фотаздымак беларускага рэлігійнага і палітычнага дзеяча Вячаслава Багдановіча, сенатара ў міжваеннай Польшчы, які дагэтуль прымалі за фотаздымак пісьменніка Каруся Каганца. Фота: Wikimedia Commons

Аднак даследчыца выявіла, што ў старой інвентарнай кнізе Беларускага музея пад нумарам 7051 чорным па белым запісана: «Партрэт-бюст Вячаслава Багдановіча ў каракулевай шапцы».

Вячаслаў Багдановіч быў рэлігійным і палітычным дзеячам, сенатарам міжваеннай Польшчы і паслядоўным змагаром за правы беларусаў, які арганізаваў у Вільні незалежны праваслаўны прыход. Увосень 1939 года яго арыштаваў НКУС, пасля чаго ён бясследна знік, імаверна, быў расстраляны ў Вілейскай турме.

Іншы вядомы фотаздымак Вячаслава Багдановіча. Фота: Wikimedia Commons

Як жа сенатар Багдановіч ператварыўся ў пісьменніка Каганца?

Варта разумець, што супрацоўнікі Віленскага музея былі сучаснікамі тых людзей, чые фотаздымкі яны збіралі, і добра ведалі іх у твар. Таму ў арыгінальных інвентарах блытаніны не магло быць.

Калі ж частка фотаархіва былога Беларускага музея ў Вільні трапіла ў БДАМЛМ, супрацоўнікі, пазбаўленыя доступу да арыгінальных віленскіх інвентароў, апісвалі здымкі на вока. 

Вядомы фотаздымак Каруся Каганца. Фота: Wikimedia Commons

Многія фота атрымалі безаблічныя назвы накшталт «Фатаграфія мужчыны ў фрэнчы» (так апісалі партрэт К. Шпакоўскага). А ў выпадку з Багдановічам нехта з архівістаў, не ведаючы ні яго, ні Кастравіцкага ў твар, чамусьці памылкова вырашыў, што гэта Карусь Каганец.

У савецкім вопісе насупраць яго прозвішча так і з’явілася: «Фатаграфія Каруся Каганца». Так утварыўся гістарычны фэйк, які пайшоў у народ.

Партрэт археолага Татура

Яшчэ адной цікавай знаходкай сталі фотаздымкі Генрыха Татура. Гэты чалавек з'яўляўся ці не галоўным мінскім антыкварам, гісторыкам і археолагам канца XIX стагоддзя. Ён раскопваў сотні курганоў, склаў археалагічную карту Мінскай губерні і сабраў фантастычную прыватную калекцыю старажытнасцяў, частка якой пасля яго смерці трапіла да братоў Луцкевічаў. Пры ўсім гэтым лічылася, што ніводнай фатаграфіі самога Татура не захавалася.

Фотаздымак мінскага археолага Генрыха Татура ў Літоўскім нацыянальным музеі. Яго копія, якая была перададзена ў Беларускі музей у Вільні ксяндзом Уладзіславам Талочкам, захоўваецца ў БДАМЛМ.

Вольга Іванова знайшла яго ў архіве Літоўскага нацыянальнага музея. Там захоўваўся здымак, пазначаны проста як «невядомы мужчына з барадой». Паралельна ў мінскім архіве знайшоўся тэкставы запіс пра фота «Генрык Ташынур. Менскі археолаг. Бюст».

Даследчыца супаставіла факты і зразумела, што міфічны «Ташынур» — гэта проста памылка прачытання, нехта не разабраў почырк. Абапіраючыся на сукупнасць даных, удалося ідэнтыфікаваць таго самага «невядомага з барадой» — гэта і ёсць Генрых Татур.

Фотаздымак Генрыха Татура з даспехамі рыцара. З фондаў Літоўскага нацыянальнага музея

Дарэчы, побач з гэтым здымкам у музеі захоўвалася яшчэ адно фота, дзе зафіксаваны манекен рыцара ў поўных даспехах з гербам Радзівілаў на грудзях. Як вядома з мемуараў, менавіта такі ўнікальны панцыр стаяў у кватэры-музеі Татура ў Мінску па Лагойскім завулку, 8.

Партрэт паўстанкі

Скрупулёзная праца з інвентарнымі кнігамі вярнула гістарычны кантэкст і іншым здымкам.

Так, звычайная «фатаграфія жанчыны ў цёмным адзенні з кніжкай у руках» аказалася сапраўдным партрэтам Камілы Дунін-Марцінкевіч.

Фотаздымак Камілы Дунін-Марцінкевіч (Асіповіч), перададзены ў Беларускі музей у Вільні ксяндзом Уладзіславам Талочкам. Фота: БДАМЛМ

Дачка класіка была не проста таленавітай піяністкай, але і ўдзельніцай паўстання 1863 года. Яна вучыла мінскую моладзь рэвалюцыйным гімнам, за што была кінута ў псіхіятрычную бальніцу, а пасля сасланая ў Салікамск.

Яе аўтэнтычны здымак, як і многія іншыя, проста згубіўся пад безаблічным архіўным апісаннем.

Групавы здымак мінскай інтэлігенцыі, на якім ёсць таксама Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкою Камілай. 

Раней быў вядомы групавы фотаздымак мінскай інтэлігенцыі, зроблены ў пачатку 1863 года ў фотамайстэрні Антонія Прушынскага ў Мінску. На гэтым здымку ёсць таксама Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкою Камілай.

Праўда, групавы здымак вядомы толькі па нізкаякаснай публікацыі ў кнізе Генадзя Кісялёва «Героі і музы» 1982 года і ніколі не публікаваўся ў добрай якасці. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

26‑гадовая цяжарная ў Дзяржынску памерла праз беларускі антыбіётык, які раней ужо забаранялі — бо ад яго загінула некалькі жанчын12

26‑гадовая цяжарная ў Дзяржынску памерла праз беларускі антыбіётык, які раней ужо забаранялі — бо ад яго загінула некалькі жанчын

Усе навіны →
Усе навіны

Былая палітзняволеная са Швецыі: Следчы думаў, што бабулю расколе адразу, а бабуля як уперлася!1

У Курскай вобласці загінулі чатыры расійскія афіцэры — на іх напала «Баба-Яга»1

MALDZIS выкупіў старадаўні архіў парафіі з Гарадзеншчыны3

У Барысаве распрацавалі пажарны танк для самых складаных узгаранняў ФОТЫ

КДБ абвесціў затрыманых кнігавыдаўцоў Яўдаху, Багдановіча і Коласа ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання13

Трамп незадаволены абраннем Маджтабы Хаменеі1

«У мяне на стале пяць гадоў ляжала папера з перадачай права апекі над сынам». Вольга Севярынец — пра гады страху, антыдэпрэсанты і надзею12

У Германіі ўпаў метэарыт, асколкі прабілі дахі дамоў3

Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

26‑гадовая цяжарная ў Дзяржынску памерла праз беларускі антыбіётык, які раней ужо забаранялі — бо ад яго загінула некалькі жанчын12

26‑гадовая цяжарная ў Дзяржынску памерла праз беларускі антыбіётык, які раней ужо забаранялі — бо ад яго загінула некалькі жанчын

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць