Грамадства22

«Зразумела: выкладанне, відаць, занадта стрэсавае для мяне». Настаўніца з Беларусі вырашыла змяніць жыццё і стала сцюардэсай

Прыблізна год таму беларуская настаўніца Вікторыя захацела змяніць жыццё і пераехала ў Дубай. Тут дзяўчына вырашыла паспрабаваць сябе ў незвычайнай для большасці людзей сферы і даслала рэзюмэ ў авіякампанію Emirates — адну з найбуйнейшых у свеце. Неверагодна, але на наступны дзень ёй адказалі. Вось толькі радавацца было рана. Наперадзе чакаў вялікі конкурсны адбор і навучанне. З усімі выпрабаваннямі беларуска справілася і ўжо больш за месяц працуе бортправадніцай. Сваім досведам яна ахвотна дзеліцца ў Threads. Самае цікавае з яе пастоў пераказвае «Люстэрка».

Вікторыя ў форме Emirates. Здымак: Threads / plotnikovavikaa

«І тут я падумала: чаму б не паехаць у Дубай»

Весці Threads Вікторыя пачала нядаўна. Тут яна расказвае пра сябе і сваю працу бортправадніцы. Піша на старонцы выключна па-беларуску.

— Вельмі хочацца дадаць больш беларускай мовы ў паўсядзённае жыццё і зрабіць так, каб яна гучала часцей, — прызнаецца дзяўчына ў першым допісе і абяцае падпісчыкам расказваць пра сваё жыццё ў Дубаі, працу і камандзіроўкі.

У адрозненне ад гэтай сацсеткі ў яе акаўнце ў Instagram больш допісаў пра дадубайскі перыяд жыцця. Тут пазначана, што дзяўчына родам з Баранавічаў і ў 2025‑м скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моваў. У Threads яна прызнаецца, што вучылася на лінгвіста і выкладчыцу англійскай мовы. Паралельна асвойвала яшчэ і гішпанскую, але яе, жартуе, практычна не ведае, таму пра гэты свой скіл амаль нідзе не расказвае.

— Падчас практыкі паўгода працавала ў школе і даволі хутка зразумела: выкладанне, відаць, занадта стрэсавае для мяне. Тады вырашыла, што варта паспрабаваць нешта зусім іншае. І тут я падумала, чаму б не паехаць у Дубай, — піша аўтарка акаўнта і тлумачыць сваё рашэнне. — Гэта і міжнародны досвед, і выдатная магчымасць палепшыць сваю англійскую. На той момант мне гэта падавалася адным з самых простых варыянтаў.

Вучылася дзяўчына платна, адпрацоўкі ў яе не было, таму чакаць два гады, каб ідэя ператварылася ў рэальнасць, не прыйшлося. Плюсам аказалася і тое, што беларусам у ААЭ не патрэбная віза. Да таго ж, працягвае ў пасце аўтарка, у Дубаі шмат рускамоўных турыстаў, таму тут даволі часта неабходныя супрацоўнікі, якія ведаюць рускую. Верагодна, прыняўшы да ўвагі ўсе гэтыя фактары, Вікторыя знайшла ў нашай краіне кампанію, якая дапамагае з працаўладкаваннем у ААЭ. Яны прапанавалі ёй некалькі варыянтаў — і ў верасні 2025 года дзяўчына пераехала ў іншую краіну.

— У Дубаі велізарная колькасць людзей з усяго свету, таму асноўная мова зносін тут англійская. Нават мясцовыя жыхары вельмі часта на ёй размаўляюць, — дзеліцца беларуска назіраннямі ў Threads. — Арабскую, вядома, таксама можна пачуць, але ў паўсядзённым жыцці я сутыкалася з ёй значна радзей, чым чакала.

«Самае цікавае, што запрашэнне на інтэрв'ю мне прыйшло ўжо на наступны дзень»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: pixabay.com

У акаўнце Вікторыя расказвае, што адна з вакансій, якую ёй прапанавала беларуская кампанія, была ў гатэлі. Яе дзяўчына і выбрала. Кантракт з ёй падпісалі на два гады, але «фактычна» тут яна прапрацавала шэсць месяцаў.

— Прыкладна ў той момант, калі гэты тэрмін падышоў да канца, у рэгіёне пачалася напружаная сітуацыя, звязаная з атакамі дронаў, — піша аўтарка пра падзеі ваеннага канфлікту ў раёне Персідскага заліва, які закрануў і ААЭ. — Для бізнесу гэта азначала дадатковыя выдаткі і складанасці, таму кампанія ўжо не магла ўтрымліваць столькі супрацоўнікаў.

Яшчэ да таго, як звольніцца з гатэля, беларуска атрымала запрашэнне далучыцца да каманды Emirates. Дзень, калі даслала ім рэзюмэ, у блогу яна называе «асабліва цяжкі» ў працы. Вярнуўшыся да дому са змены, яна сказала сабе: «Проста зараз сяду і падам заяўку». Адкрыла сайт, запоўніла ўсё неабходнае і адправіла.

— Смешна, але стаць бортправадніцай ніколі не было маёй марай, — жартуе ў Threads дзяўчына. — Але мне здаецца, гэта адна з самых папулярных прафесій у Дубаі. Калі сюды прыязджаеш, ты пастаянна чуеш пра Emirates. У авіякампаніі вельмі пазнавальная форма, добры імідж, а супрацоўнікам даюць жыллё. І ў нейкі момант я проста падумала, чаму б не паспрабаваць.

Вікторыя піша, што для падачы заяўкі патрэбны як мінімум год досведу працы ў сферы абслугоўвання. Прычым не важна, ці ў авіяцыі. Плюс можна дадаць Cover letter, ці, прасцей, матывацыйны ліст. У ім пазначыць, чаму хочаш працаваць менавіта ў Emirates.

— Ён быў неабавязковы, але я вырашыла напісаць, — расказвае ў пасце дзяўчына і прызнаецца, што ў эсэ пачала нахвальваць кампанію. — Напісала, што, калі бачу бортправаднікоў Emirates, адчуваю гонар за іх. Што мне хацелася б стаць часткай гэтай каманды і прадстаўляць кампанію і Дубай.

Беларуска ўдакладняе: важна, каб наймальнікі ўбачылі, што кандыдат зацікаўлены вакансіяй, гатовы працаваць з людзьмі і развівацца ўнутры кампаніі. А не падумалі: чалавек проста марыць «бясплатна вандраваць па свеце».

— І самае цікавае, запрашэнне на інтэрв'ю мне прыйшло ўжо на наступны дзень. Пазней я даведалася, што ў той жа дзень на сумоўе паклікалі яшчэ 59 кандыдатаў <…>, — прызнаецца ў Threads яна. — Зараз у кампаніі працуе каля 24 тысяч бортправаднікоў (па даных на кастрычнік 2025-га, каля 25 тысяч. — Заў. Рэд.) прыкладна са 140 краін свету. Але ёсць адзін важны момант: Emirates базуецца менавіта ў Дубаі, таму, калі ты плануеш быць тут бортправадніцай, трэба быць гатовай пераехаць у Дубай.

«Яны крыху здзівіліся, але сапраўды ператэлефанавалі!»

Вялікі пост у блогу Вікторыя напісала пра Assessment Day, альбо дзень адбору кандыдатаў на пасаду бортправадніка. Па словах дзяўчыны, калі ёй патэлефанавалі з Emirates, прапанавалі дзве даты для інтэрв'ю. Адна з іх супала з яе выходным. Беларуска вырашыла, што «гэта вельмі добры знак», і папрасіла запісаць яе на гэты дзень.

— Да інтэрв'ю глядзела ў TikTok, як іншыя дзяўчаты праходзілі кастынг, чытала іх парады і магчымыя пытанні, — расказвае ў Threads аўтарка блога. — Многія казалі, што за кандыдатамі пачынаюць назіраць яшчэ да самога інтэрв'ю, нават пакуль вы проста сядзіце ў калідоры і чакаеце. Глядзяць, як вы размаўляеце адно з адным, знаёміцеся, узаемадзейнічаеце. Гэта важна, таму што на кожным рэйсе ў цябе новая каманда і кожны раз даводзіцца працаваць з людзьмі, якіх ты раней ніколі не бачыў <…>.

Разам з дзяўчынай на пасаду бортправадніка ў той дзень прэтэндавала яшчэ 59 чалавек. Усім ім выдалі нумары, якія трэба было прымацаваць да адзення. З гэтага моманту, жартуе, яна перастала быць Вікторыяй, а ператварылася ў «проста нумар 53».

«Выпрабаванне» праходзіла ў чатыры этапы. Усё адбывалася ў адзін дзень. Па часе гэта расцягнулася прыкладна з дзевяці раніцы да чатырох-пяці дня з невялікімі перапынкамі.

— На першым этапе мы выходзілі на невялікую сцэну па дзесяць чалавек. Трэба было назвацца, сказаць, колькі табе гадоў, адкуль ты, вельмі коратка расказаць пра свой досвед працы і адказаць на адно пытанне, — падрабязна пералічвае ў пасце дзяўчына. — У мой дзень папрасілі назваць адну рэч, якую вы б бралі з сабой у кожную камандзіроўку. Нас загадзя папярэдзілі не адказваць «тэлефон» або «памада» — занадта банальна, таму я сказала, што ўзяла б паштоўку, якую мне падпісалі сябры перад маім ад’ездам з Беларусі.

Аўтарка блога мяркуе, што яе адказ камісіі спадабаўся. Відаць, гэта трошкі ўзняло настрой і дало больш сілаў на наступныя «іспыты» — каманднае выпрабаванне, тэст па англійскай і індывідуальнае інтэрв'ю. Цікава, што пасля кожнага этапу кандыдаты выходзілі ў калідор, потым іх зноў клікалі ў аўдыторыю і паказвалі на экране нумары тых, хто прайшоў далей. Пасля першага туру адсеялася прыблізна палова ахвотных.

— Падчас каманднага выпрабавання нас дзялілі на групы прыкладна па сем чалавек і давалі задачу, якую трэба было вырашыць разам. Тут важна было менавіта працаваць у камандзе, — апісвае ў сваім блогу сітуацыю дзяўчына. — Заўважыла, што людзі, якія занадта моцна спрабавалі ўзяць на сябе ролю лідара і кантраляваць усё абмеркаванне, часта не праходзілі далей. Ім (размова пра камісію. — Заў. Рэд.), здаецца, значна важней убачыць чалавека, які ўмее слухаць іншых, прапаноўваць ідэі і працаваць разам з усімі.

Тэст па англійскай быў «чымсьці падобны» на ЦТ, толькі праходзіў на тэлефоне. А падчас індывідуальнага інтэрв'ю людзям задавалі пытанні, каб праверыць, наколькі праўдзіва ўсё, што напісана ў рэзюме. У выніку з 60 чалавек да фіналу дайшло ўсяго чацвёра. Беларуска была сярод іх.

Дарэчы, як расказвае на сваёй старонцы Вікторыя, выгляд падчас адбору таксама ўлічвалі. Скура кандыдаткі, напрыклад, павінна быць здаровай, без моцных высыпанняў. Валасы — аднаго колеру, тое ж амбрэ не дазваляецца. Калі кароткая стрыжка, яна не павінна дакранацца да каўняра, а грыўка не можа закрываць бровы. Нельга мець татуіроўкі на бачных месцах. У каментарах пад адным з пастоў нехта спытаўся, які бортправадніцы трэба мець рост. Беларуска адказала, што мінімальны — 160 сантыметраў, а ў яе — 174. Патрэбна гэта для таго, каб супрацоўнік мог закрыць багажныя паліцы.

— Пасля гэтага (усіх выпрабаванняў. — Заўв. Рэд.) трэба было чакаць так званы Golden call, «залаты званок». Ён можа прыйсці на наступны дзень, праз месяц ці нават праз некалькі месяцаў. Менавіта падчас гэтага званка паведамляюць, што ты прайшоў адбор, — піша ў Threads Вікторыя. — Мы не ведалі, ці возьмуць усіх чацвярых або толькі кагосьці, таму на ўсялякі выпадак стварылі чат у WhatsApp і вырашылі быць на сувязі. Адмова, дарэчы, прыходзіць на электронную пошту.

Наколькі інтэнсіўна правярала Вікторыя ў тыя дні свой email, яна не напісала. Але патрэбнага званка дачакалася. Здарылася гэта праз два тыдні. Дзяўчына ў той момант знаходзілася на працы ў гатэлі. Яна не адразу зразумела, хто набірае, думала, дастаўка, і папрасіла ператэлефанаваць. Тым больш вакол было шумна.

— Яны крыху здзівіліся, але сапраўды ператэлефанавалі! — працягвае ў пасце беларуска. — Што гэта Emirates, я пачала разумець яшчэ калі паглядзела на нумар, ён быў прыгожы і ўвогуле не выглядаў як звычайны. Ператэлефанаваць самастойна, дарэчы, было нельга.

«Магу вас запэўніць, што ў авіяцыі сапраўды ўсё вельмі добра прадумана і бяспечна!»

Вікторыя. Здымак: Threads / plotnikovavikaa

У блогу беларуска піша, што перад тым як пачаць лётаць, кожная бортправадніца ў Emirates, нават калі яна ўжо мае адпаведны досвед, павінна адвучыцца ў авіяцыйным каледжы авіякампаніі. Падрыхтоўка доўжыцца каля сямі тыдняў і складаецца з некалькіх частак. Першая — SEP, то бок бяспека і дзеянні ў аварыйных сітуацыях.

— Мы вучымся, што рабіць падчас моцнай турбулентнасці, дэкампрэсіі і іншых надзвычайных сітуацый. Пасля гэтага курса я магу вас запэўніць, што ў авіяцыі сапраўды ўсё вельмі добра прадумана і бяспечна! — адзначае ў Threads дзяўчына. — У каледжы ёсць спецыяльныя сімулятары. Калі знаходзішся ўнутры, усё гэта адчуваецца амаль як у сапраўдным самалёце. Нам тлумачаць, як дзейнічаць у такіх сітуацыях, як праводзіць эвакуацыю і дапамагаць пасажырам. І па ўсім гэтым мы здаём экзамены.

Вучылі будучых сцюардэс аварыйнай пасадцы на ваду і медыцыне. Тлумачылі, як рабіць непрамы масаж сэрца і нават, як прымаць роды. Але, падаецца, больш за ўсё беларуску ўразіў кароткі курс пра тое, як быць з агрэсіўнымі пасажырамі на борце.

— Паліцэйскіх у небе няма, таму такі эпізод мае месца ў нашай базавай падрыхтоўцы, — тлумачыць у Threads яна. — Прычым фізічная сіла тут не галоўнае. Нас вучылі, як узяць чалавека на хітрасць, супакоіць і пры гэтым не пацярпець самім <…>.

Дзяўчына піша, што ў канцы ліпеня быў яе першы працоўны рэйс. Лятала ў Пакістан. Мяркуючы па пастах, у захапленні яна была і ад каманды, і ад пасажыраў.

— Ой, як жа я хвалявалася! Але, як аказалася, зусім дарма. Усе ведалі, што гэта мой першы палёт, таму дапамагалі, адказвалі на ўсе пытанні і нават зрабілі фоты! — не хавае ў блогу эмоцый беларуска. — Адчувала сябе малодшай сястрой. Увесь час пыталіся, як я сябе адчуваю і ці няма ў мяне пытанняў <…>.

Новая праца прынесла не толькі новыя ўражанні, але і бонусы. Сярод іх, як пазначае аўтарка пастоў, бясплатнае жыллё ў Дубаі.

— Звычайна ў кватэры жывуць два-тры чалавекі, але ў кожнага ёсць свой асобны пакой і санвузел. Таксама кампанія аплачвае пералёт у Дубай пры пераездзе на працу і арганізоўвае трансфер з аэрапорта, — пералічвае ў Threads дзяўчына. — Ёсць зніжкі на авіябілеты, не толькі для вас, але і для вашых блізкіх, на гатэлі, кавярні і рэстараны, а ў некаторыя спартзалы і басейны можна хадзіць нават бясплатна.

Яшчэ сярод бонусаў, якія згадвае Вікторыя, медыцынская страхоўка і ўласная клініка для супрацоўнікаў. Дарэчы, піша беларуска, усе гэтыя перавагі людзі пачынаюць атрымліваць яшчэ падчас навучання.

— Само навучанне таксама аплочвае кампанія, але пазней яго кошт вылічваецца з зарплаты, — пазначае ў пасце беларуска. — А пасля яго пачынаецца самае цікавае — магчымасць шмат падарожнічаць і працаваць у міжнароднай камандзе з людзьмі з усяго свету. Плюс ёсць магчымасць кар’ернага росту ўнутры кампаніі.

«Вось так хутка неба становіцца звычайнай часткай жыцця»

Вікторыя з камандай падчас першага палёту. Здымак: Threads / plotnikovavikaa

Вікторыя піша, што ў сярэднім у бортправаднікоў каля 90 лётных гадзін у месяц. Самы кароткі рэйс беларускі доўжыўся прыблізна чатыры гадзіны і быў у Індыю. А самы доўгі — 14 гадзін, і прыляцелі яны ў Аўстралію.

— На кожным рэйсе новы экіпаж, таму тут кожны працоўны дзень знаёмішся з кімсьці. Усе маюць розны досвед, розныя характары, розныя краіны, але ўсе зацікаўленыя ў тым, каб рэйс прайшоў добра <…>, — расказвае на сваёй старонцы дзяўчына.

У блогу яна таксама адзначае, што амаль увесь рэйс сцюардэсы праводзяць на нагах. Таму ёсць рызыка ацёкаў і варыкозу. З таго, што дапамагае на доўгіх рэйсах — кампрэсійныя калготкі. А яшчэ пасля прылёту можна на 15−20 хвілін падняць ногі вышэй за ўзровень сэрца і, напрыклад, паляжаць каля сцяны. Мяркуючы па пасце, змена часавых паясоў даецца дзяўчыне куды складаней.

— Часам пасля рэйса магу праспаць 18 гадзін проста таму, што арганізм увогуле не зразумеў, дзе мы і колькі цяпер гадзін, — жартуе ў акаўнце яна.

З цеплынёй расказвае Вікторыя ў Threads і гісторыі, звязаныя з некаторымі пасажырамі. Неяк яны з калегамі заўважылі ў аэрапорце мужчыну, які нешта маляваў у альбоме. А потым гэты ж чалавек апынуўся ў іх на борце.

— Адна са сцюардэс, якая сама захапляецца маляваннем, загаварыла з ім, паказала свае работы. А ў канцы рэйса ён падарыў ёй неверагодна прыгожы [яе] партрэт, які паспеў намаляваць за гэтыя некалькі гадзін <…>, — апісвае мілую сітуацыю дзяўчына і пераходзіць да наступнай. — У іншы дзень, пасажыр доўга расказваў сумную, эмацыйную гісторыю пра сваяка, а потым зусім сур’ёзна спытаў, ці нельга перасадзіць іх у бізнес-клас. Не перасадзілі, вядома, але спроба была добрая.

Звяртае ўвагу беларуска і на зусім «нясмешную» сітуацыю з пасажырамі.

— Калі пачынаецца турбулентнасць або самалёт яшчэ не спыніўся, а нехта ўжо спрабуе ўстаць ці дастаць рэчы, становіцца зусім не да жартаў. У такія моманты разумееш, што за звыклым для пасажыраў «проста пералётам» для экіпажа заўсёды стаіць у першую чаргу бяспека, — падкрэслівае ў блогу яна. — Страшна ўявіць, што можа адбыцца пры няправільным выкарыстанні багажнай паліцы. Таму не крыўдуйце на нас за заўвагі. Гэта ў першую чаргу для вашай жа бяспекі.

Па душэўнасці, з якой беларуска вядзе свой блог, можна меркаваць, што незвычайная праца ёй падабаецца. У Threads яна прызнаецца, што як новы чалавек у авіяцыі, яна часам звяртаецца да больш вопытных калег з пытаннямі, — і тыя заўсёды дапамагаюць.

— Вось так хутка неба становіцца звычайнай часткай жыцця, — эмацыйна зазначае ў Threads Вікторыя і паэтычна дадае, што, здаецца, не так даўно лятаць маглі толькі птушкі. — А цяпер некалькі разоў на тыдзень я сама аказваюся на велізарнай вышыні над зямлёй. І штораз падчас пасадкі ўсё роўна ўзнікае думка: «Як увогуле чалавецтва дадумалася да таго, што велізарная машына можа проста ўзяць і паляцець?» І штораз гэта захапляе.

Каментары2

  • Вуек
    04.09.2026
    звычайна гэта дзеўкі робяць каб сябе паказаць і знайсці жаніха
  • Влад
    04.09.2026
    Для женщин очень вредная работа. Дети у них часто рождаются дефективные...

Цяпер чытаюць

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»7

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

Урад Мелоні пабіў рэкорд знаходжання ва ўладзе ў пасляваеннай Італіі2

У Гродне кіраўніца школьнай апякунскай рады забрала сабе больш за 3600 рублёў унёскаў1

Першая замежная авіякампанія спыніла палёты ў Расію пасля папярэджання Зяленскага пра небяспеку ў небе

Маці паскардзілася на траўмы 5‑гадовага сына ў псіхіятрычнай бальніцы Гомеля. Што адказалі дактары4

«Гэтая хімічная атака ледзь не загубіла». У Гомелі масава скардзіліся на смурод у цэнтры горада

25‑гадовага каардынатара IT-праектаў па вяртанні з Польшчы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»9

У Бабруйску мужчына з інваліднасцю па зроку выпадкова выпіў растваральнік1

На праспекце Незалежнасці ў сталіцы двое 17‑гадовых падлеткаў на матацыкле ўрэзаліся ў аўтамабіль2

«Не марнуйце час». Кампанія праехала 22 кіламетры ў рэстаран пад Гроднам, заплаціла за ўваход у яго, але засталася галоднай6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»7

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць