Грамадства99

«Ніхто не ведаў, што гэта нешта прапагандысцкае». Чалавек са спорту, які супраць Лукашэнкі, зняўся ў роліку «Надо!»

Чалавек з беларускага спорту, які не падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, выпадкова паўдзельнічаў у здымках роліка ў падтрымку яго вылучэння на сёмы тэрмін. Пра тое, як гэта было і што ён цяпер адчувае, спартовец расказаў «Трыбуне».

Скрыншот відэа Міністэрства спорту і турызму

Бюджэтнікі і работнікі дзяржпрадпрыемстваў ужо некалькі дзён публікуюць ролікі, у якіх крычаць «Надо!» сёмаму тэрміну Лукашэнкі. Не застаўся ў баку і беларускі спорт.

У адным з такіх відэа зняўся чалавек, які не падтрымлівае Лукашэнку. Ён папрасіў не называць ні віду спорту, ні пасады, але расказаў, як здымаўся адзін з прапагандысцкіх ролікаў.

— Вас папярэдзілі, для чаго здымаецца гэтае відэа?

— Не, сказалі толькі хорам вымавіць слова «надо». А пасля гэтага можна далей трэніравацца. Усё прайшло вельмі хутка.

— Людзі разумелі, што адбываецца?

— Не, і ніхто не спрабаваў удакладняць. Наколькі зразумеў, ніхто нават не думаў, што гэта нешта прапагандысцкае. Калі хтосьці і думаў у падобным ключы, то ціха сам сабе.

Ніхто не мог падумаць, што пасля выйдуць такія ролікі, таму што ўсе здымкі, наколькі потым даведаўся, праходзілі раніцай у панядзелак. Гэта-бок, па сутнасці, усе каманды здымаліся ледзь не адначасова. Так што мы нават не ведалі, што стартаваў гэты так званы чэлендж.

— Пасля здымкі былі нейкія абмеркаванні?

— Не.

— Калі і як вы даведаліся пра тое, у чым зняліся?

— Бліжэй да канца дня, калі ўсе раз'ехаліся па дамах. Адзін аднаму пачалі пісаць, перасылаць відэа. Якая была першая рэакцыя? Шчыра, у галаве адна думка: «ё###ы у ### [ачмурэць], ды ну нафіг! Вы сур'ёзна? Тваю маць!» Але пры гэтым нейкай злосці і асуджэння ніхто не выказваў, не было гэтага і ў мяне. Таму што няма сэнсу злавацца.

Думаю, усе адразу зразумелі, што ён [Лукашэнка] яўна не загадваў такое рабіць. Наколькі бачыў па паведамленнях, усім стала смешна ад таго, як нейкія чыноўнікі імкнуцца выслужыцца. Сэнс і мэты адразу сталі зразумелыя. Стала зразумела, чаму нам не казалі, навошта трэба было выстраіцца і вымавіць слова «Надо!»

— То-бок агульнай рэакцыяй быў смех?

— Смех праз нейкую пагарду. Не злосць, не раздражненне, а нейкая пагарда да сітуацыі. Маўляў, «вось што яны зноў твораць, што гэта за цырк». Людзей больш абурыла ўтоенасць усёй сітуацыі, як гэта абставілі, нічога нікому не сказаўшы.

— А калі б вам патлумачылі што да чаго, усё адно пагадзіліся б удзельнічаць?

— Шчыра, не магу сказаць. Магчыма, пайшлі б усе, наўрад ці хтосьці рызыкнуў бы адмовіцца. Бо ў людзей кантракты, праца, а ў нашай краіне можна за адмову ўдзельнічаць у падобных акцыях атрымаць наступствы. Увогуле, хутчэй за ўсё, ніхто б не адмовіўся, але гэта, [калі б папярэдзілі], было б прынамсі больш сумленна, адкрыта, неяк больш чалавечна, калі можна так сказаць. І рэакцыя потым была б зусім іншая на відэа. Ну а так, як усё зрабілі… Гэта яшчэ больш адварочвае ад сістэмы, ад усяго, што і як робіць улада.

— А рэакцыя з боку вашых знаёмых не са спорту была?

— Вось асабіста мне ніхто нічога не казаў. Думаю, знаёмыя і сябры бачылі, ведаюць, але ніхто не тэлефанаваў, не пісаў. І дома з роднымі таксама ніякіх абмеркаванняў. Хоць я нават не ведаю, бачылі яны гэта ці не. Прынамсі, я не расказваў.

— Што адчувае чалавек, які не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, а ў выніку стаіць і кліча дыктатара ісці на выбары?

— Думаю, у большасці з тых, хто зняўся (прычым не толькі ў нашым відзе спорту, але і ў іншых), з'явілася адчуванне, што нас проста выкарыстоўвалі. Брыдка, калі вось такім чынам выкарыстоўваюць людзей. Выкарыстоўваюць чыноўнікі для таго, каб выслужыцца. Усе спартыўныя чыноўнікі баяцца, што іх прыбяруць перад «выбарамі», вось і імкнуцца засведчыць лаяльнасць. Ну а спартсменам, як я ўжо сказаў, проста брыдка ад такога стаўлення не толькі да іх, а ў прынцыпе да беларусаў.

— Адчуваеце, што вас прынізілі, прымусіўшы ўдзельнічаць у гэтым?

— Хутчэй, адчуваю не прыніжэнне, а менавіта, як я сказаў, тое, што [мяне] выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах і інтарэсах.

— А наогул, не бачыце ў гэтай акцыі спробу запляміць як мага больш людзей? Умоўна, калі аднойчы вы захочаце выступіць супраць Лукашэнкі, гэтая гісторыя ўжо вісіць на вас.

— Па-першае, думаю, гэтая гісторыя хутка забудзецца. Ну, паздымалі, атрымаўся нейкі трэш. Гэта забудуць і не будуць успамінаць. Па-другое, адэкватныя людзі выдатна разумеюць, што 90 працэнтаў удзельнікаў падобных акцый робяць гэта не паводле свайго жадання і памкнення. Проста пакуль так складваюцца абставіны.

Можна, вядома, казаць, што «прагнуліся дзеля чагосьці», але, прабачце, у кожнага свае прычыны гэта рабіць… У нашым выпадку мы нават не ўяўлялі, для чаго наогул гэта здымалася. А так, калі ў будучыні я захачу адкрыта выступіць супраць рэжыму, то наўрад ці мне хтосьці ўзгадае гэтую гісторыю. Тым больш маё асяроддзе ведае маю пазіцыю.

— Колькі людзей у вашым асяроддзі шчыра падтрымліваюць Лукашэнку?

— Так атрымалася, што я з падобнымі людзьмі нават не падтрымліваю кантакты. Не бачу неабходнасці. З часам адсеяліся проста.

— Калі наступны раз прыйдуць і папросяць зрабіць нешта падобнае, але пры гэтым зноў не будуць казаць пра мэты, пагодзіцеся?

— Асабіста я прама спытаў бы, для чаго гэта, навошта, дзе будзе відэа. Пагадзіўся б, калі б мне патлумачылі? Думаю, не. Я сам буду вырашаць, у мяне ёсць сваё меркаванне. Не пайду на вуліцу і не буду крычаць пра сваю пазіцыю (самі разумееце, у якой краіне жывем і якія могуць быць наступствы), але ад падобных акцый я б адмовіўся. Бо гэта сапраўдны цырк.

Каментары9

  • Улад
    31.10.2024
    Дарослыя ж людзі ... "Нам сказалі хорам вымавіць ...". А што "НАДО!"? Што трэба ухваляць? Можа, забіць каго, ці спаліць жыўцом?
    Сорамна!
  • Ёсік
    31.10.2024
    Нейкі дзіцячы расповед.
  • Баец ПКК
    31.10.2024
    Просто детский лепет какой-то

Цяпер чытаюць

Учора Мінск зноў затапіла. Чаму сталіца не гатовая да дажджоў?4

Учора Мінск зноў затапіла. Чаму сталіца не гатовая да дажджоў?

Усе навіны →
Усе навіны

«Заказаў больш, чым машын на лініі». Кіраўнік «А1 таксі» — пра цэны і беларускую мову ў дадатку2

Як самыя небяспечныя наркакартэлі свету захопліваюць Еўропу10

Багацце Ілана Маска за адзін дзень скарацілася на $34 млрд пасля сваркі з Трампам4

Намесніца рэдактара «Мінск-Навін» расказала, як змянілася яе жыццё пасля шлюбу з мусульманінам з Сірыі15

У Кіеве пад расійскім ударам загінулі трое ратавальнікаў

«Гісторыя не выклікае даверу». Польшча перадала Літве справу аб міжнароднай абароне беларускі, якая часта ездзіла ў камандзіроўкі7

«Я ведаю, што на гэтай вайне я здохну. Але хачу стварыць нармальны штуршок руху»: выйшла другая частка фільма «Волат. Жыццё на нулі»9

У Казахстане патлумачылі загадкавыя агні ноччу над краінай

Ціханоўская пра высылку з Беларусі ў жніўні 2020: Мне далі на зборы 20 хвілін43

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Учора Мінск зноў затапіла. Чаму сталіца не гатовая да дажджоў?4

Учора Мінск зноў затапіла. Чаму сталіца не гатовая да дажджоў?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць