Бондарава паскардзілася Пярцову на карупцыю ў Мінкульце — яе скаргу спусцілі ў Мінкульт
Даносчыца назвала гэта «футболам».

Прарасійская актывістка Вольга Бондарава паскардзілася падпісчыкам на тое, што яе скаргі ў дзяржаўныя органы ігнаруюць, абмяжоўваючыся стандартнымі адпіскамі.
Гэтым разам яна падрыхтавала вялікі па памерах зварот да намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзіміра Пярцова, у якім раскрытыкавала дзейнасць Міністэрства культуры і асабіста міністра Анатоля Маркевіча.
Набор прэтэнзій Бондаравай у цэлым стандартны. У сваім звароце яна заяўляе, што «супраць нацыі вядзецца вайна на знішчэнне», а «прапаганда заходніх каштоўнасцяў» сярод дзяцей накіраваная на «разбурэнне інстытуту сям'і, знішчэнне паняццяў «бацька» і «маці», вядзецца прапаганда наркотыкаў, асацыяльнага ладу жыцця і культу спажывання».
Усім гэтым, на думку Бондаравай, займаюцца нялюбыя ёй блогеры — ДзімДзімыч, Улад Кабякоў і іншыя папулярныя ў падлеткаў публічныя асобы. З іншага боку, у канцэртах па ўсёй краіне, у тым ліку ў «Славянскім базары», удзельнічаюць артысты, якіх Бондарава называе «БЧБшнікамі» — не абышлося без чарговага закліку забараніць «Драздоў», — а ў арганізацыі мерапрыемстваў прымае ўдзел ЮНІСЕФ, які Бондарава лічыць «варожым».
Да звароту ў адміністрацыю Лукашэнкі Бондарава прымацавала дапаўненні са спасылкамі на пасты ў яе тэлеграм-канале, фатаграфіямі і скрынамі. На адной з фатаграфій выяўлены плакат ЮНІСЕФ «Абарона падчас вайны», які актывістка палічыла «правакацыйным супраць СВА».
Праблема, на думку Бондаравай, у тым, што ўсё гэта адбываецца пры непасрэдным удзеле Мінкульта. У дапамозе «ворагам» Бондарава абвінаваціла нават сумна вядомую стварэннем «чорных спісаў» у сферы культуры Ірыну Дрыгу.
Больш за тое, Бондарава адкрыта абвінавачвае ў бяздзейнасці міністра Анатоля Маркевіча і піша пра «пратэкцыянізм і карупцыю ў Мінкульце». Даносчыца патрабуе ад Пярцова «назаўжды прыбраць з медыйнай сферы» ўсіх пералічаных у скарзе блогераў, артыстаў і чыноўнікаў, а таксама правесці сур'ёзны аналіз дзеянняў усіх зацікаўленых супрацоўнікаў Мінкульта.

У адміністрацыі Лукашэнкі зварот вырашылі спусціць у апарат Саўміна, а той накіраваў скаргу на Мінкульт уласна ў сам Мінкульт. Ці бачыў дакумент Пярцоў, невядома. Сама Бондарава лічыць, што не. Яна мяркуе, што чыноўнікі яе проста «футболяць». І цяпер просіць дапамогі ў сваіх падпісчыкаў.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Калі ўлада гайдалася, на іх абаперліся, але цяпер кароль ўмацаваўся і ўсе, хто не на акладзе будуць прыцішаныя ці рэпрэсаваныя.
Дзяржава ня талеруе невэртыкальных дзеяньняў, нават на сваю падтрымку.
Вышейнапісанае валіднае паўсюль.