Свет66

Цалкам запрацаваў расійскі аналаг «Вікіпедыі» з цэнзурай. Што ў ім пра Беларусь і Украіну?

З бэта-тэсту канчаткова выйшаў расійскі праект «Рувікі», адцэнзураваны аналаг «Вікіпедыі», які павінен адпавядаць светапогляду Крамля і «быць ачышчаным ад фэйкаў і хлусні». Паглядзелі, што там пішацца пра актуальныя тэмы.

Калі ўпісаць у пошукавік словы «Вайна ва Украіне», то адцэнзураваны сэрвіс «Рувікі» адразу выдае адпаведны варыянт менавіта са словам «вайна» і без так званай «СВА». Скрыншот афіцыйнага сайту «Рувікі».

Праект так званай свабоднай энцыклапедыі «Рувікі» быў анансаваны яшчэ у маі мінулага года ў якасці чарговага расійскага аналага «Вікіпедыі», у якім «не будзе фэйкаў і адкрытай хлусні». 

Пляцоўка размешчана выключна на расійскіх серверах, цалкам падпарадкоўваецца расійскаму заканадаўству, а таксама можа рэдагавацца і верыфікавацца дзяржаўнымі органамі Расіі (сярод якіх пазначана Расійская акадэмія навук).

Усяго на «Рувікі» на дадзены момант размешчана 1 мільён 959 тысяч артыкулаў, што крыху больш за паказчыкі рускай «Вікіпедыі» — 1 мільён 958 тысяч артыкулаў (агулам ва ўсёй «Вікіпедыі» налічваеца больш за 60 мільёнаў артыкулаў).

А у беларускай «Вікіпедыі» — 238 тысяч.

Пры гэтым, паводле сэрвісу адсочвання інтэрнэт-трафіку SimilarWeb, агульная колькасць наведванняў беларускай «Вікіпедыі» за мінулы месяц перавысіла паказчыкі «Рувікі» — 202 тысячы чалавек супраць 157 тысяч. У той жа час рускую «Вікіпедыію» паспелі наведаць 130,5 мільёна.

Але што сабой уяўляе кантэнт «Рувікі», наколькі ён цэнзураваны і адрозніваецца ад той жа «Вікіпедыі»? Праверылі на некалькіх вострых тэмах.

Ніякіх «Плошчаў», Гітлераў і ўварванняў ва Украіну

Адразу трэба адзначыць, што «Рувікі» не падтрымлівае беларускую мову (усяго ў сэрвісе толькі 20 моў народаў Расіі), таму ён практычна не распазнае запыты на беларускай. 

Возьмем, для прыкладу, артыкул пра Лукашэнку

У адрозненне ад варыянта ў «Вікіпедыі», тут у пачатку да слоў «дзяржаўны дзеяч» дадалі слова «бачны».

Пачатак тэксту пра Лукашэнку ў «Вікіпедыі» (злева) і на «Рувікі» (справа)

Значна адрозніваецца і змест артыкула. Калі ў «Вікіпедыі» пра Лукашэнку ёсць асобныя раздзелы пра міжнародныя санкцыі, масавыя рэпрэсіі і палітычныя забойствы, то ў «Рувікі» ўся крытыка абмяжоўваецца толькі раздзелам пра санкцыі.

Цэнзура таксама прыбрала раздзелы пра «апошняга дыктатара Еўропы», мянушку «Бацька», хвалебныя выказванні Лукашэнкі пра Адольфа Гітлера і іншае.

Змест артыкула пра Лукашэнку ў «Вікіпедыі» (злева) і на «Рувікі» (справа) ад самога пачатку да раздзела пра асабістае жыццё і сям'ю.

Увесь артыкул асвятляе Лукашэнку ў спрошчаным і станоўчым фармаце, толькі мімаходзь згадваючы некаторыя моманты народнага супраціву. Паводле «Рувікі», за амаль 30 гадоў дыктатуры Лукашэнкі супраць яго выступалі толькі Вярхоўны Савет Беларусі ў 1996-м і апазіцыя ў 2020-м.

Таксама няма ніводнага згадвання саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны.

У той жа манеры быў апрацаваны і артыкул пра Пуціна, але там яшчэ менш крытыкі, чым у тэксце пра Лукашэнку.

Ніякіх палітычных пераследаў, забойстваў і атручванняў, ніякіх аналогій з Гітлерам і Сталіным, ніякіх мітынгаў і пратэстаў (напісалі толькі пра незадаволенасць пенсійнай рэформай), ніякай карупцыі і ўварвання ва Украіну.

Змест артыкула пра Пуціна ў «Вікіпедыі» (злева) і на «Рувікі» (справа) ад трэцяга-чацвертага тэрмінаў прэзідэнцтва да раздзелу пра светапогляд і рэлігію.

Адзінае, што засталося з крытыкі, гэта непунктуальнасць Пуціна і згадка пра абвінавачванні Міжнароднага крымінальнага суда, «якія Расія не прызнае». 

Расійская апазіцыя, паводле артыкула, жадае толькі «абразіць і ачарніць» Пуціна, а таксама «спрабуе аб'яднаць нацыяналістычную і нават ксенафобскую рыторыку з эканамічным лібералізмам».

Акрамя гэтага ў раздзеле крытыкі Пуціна цэнзары наадварот пачалі хваліць Пуціна за барацьбу з карупцыяй.

Што ж тычыцца самога расійскага ўварвання ва Украіну, то дастаткова зноў зірнуць на розніцу ў структурах зместу адпаведных артыкулаў у «Вікіпедыі» і на «Рувікі». 

У артыкуле пра «СВА» увогуле няма ніякай крытыкі.

Прыбрана нязручная інфармацыя, увесь тэкст спрошчаны і абагульнены да максімуму. Фокус ідзе выключна на стратах украінскай арміі, паражэнчых настроях у заходняй прэсе і расійскай штомесячнай вайсковай зводцы.

Артыкул ад пачатку да канца апраўдвае расійскае ўварванне ва Украіну, чакана пазбягаючы слова «ўварванне» і яго сінонімаў, асабліва слова «вайна». 

Пры гэтым ёсць адно «але». Калі ўпісаць у пошуку словы «Вайна ва Украіне», то адцэнзураваны «Рувікі» адразу выдае адпаведны варыянт менавіта са словам «вайна» і без усялякіх «СВА». 

Ёсць і такое, што, напрыклад, у артыкуле пра паспяховы ўкраінскі контрнаступ пад Харкавам у 2022 годзе пішацца, што Расія ўварвалася ва Украіну.

А ў артыкуле пра «неанацызм ва Украіне» цэнзары ўвогуле спасылаюцца на матэрыял выдання Deutsche Welle пад назвай: «Як Пуцін апраўдвае ўварванне ва Украіну». 

Збой цэнзуры ці наўмыснае дзеянне?

І гэта яшчэ далёка не ўсё. Калі узяць артыкул пра пратэсты 2020 года ў Беларусі, то можа здацца, што пракрамлёўскія цэнзары займаюць бок беларусаў у барацьбе з рэжымам Лукашэнкі.

Так, у тэксце артыкула гаворыцца аб «празмернай жорсткасці» сілавікоў у адносінах да пратэстуючых, да якіх «масава прымянялі катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання», што прыводзіла і да гібелі людзей.

Падрабязна апісваюцца здзекі з пратэстоўцаў, перапоўненасць і антысанітарыя ў ізалятарах, а таксама людскія крыкі з камер, чутныя на вуліцы.

Акрамя таго, «Рувікі» звяртае ўвагу і на той факт, што на нядзельных маршах збіралася па некалькі сотняў тысяч беларусаў.

«Рувікі», артыкул пра пратэсты ў Беларусі
«Рувікі», артыкул пра пратэсты ў Беларусі

У дадатак да гэтага ў артыкуле пералічаны нацыянальныя беларускія сімвалы, якія ўвасабляюць «апазіцыю рэжыму і актыўны выступ супраць улады Лукашэнкі».

Аўтары тэксту адкрыта спасылаюцца на праваабарончы цэнтр «Вясна» і беларускія незалежныя медыя, уключаючы «Нашу Ніву», «Белсат», «Новы Час» і г.д.

Але як такое магчыма, што на пракрамлёўскім «Рувікі», пры ўсёй заяўленай ягонай цэнзуры, можна знайсці шмат няёмкіх і непрымальных для Крамля артыкулаў і дэталяў (асабліва, калі за тое ж самае судзяць і штрафуюць «Вікіпедыю»)?

Адказ просты. «Расійскі аналаг Вікіпедыі» наўпрост капіюе большасць матэрыялаў з самой «Вікіпедыі» (разам з тым, што расійскія ўлады называюць «фэйкамі і адкрытай хлуснёй») і без зменаў перастаўляе іх у сябе.

Вось як гэта выглядае на прыкладзе артыкула пра беларускія пратэсты (тэкст і змест двух артыкулаў цалкам ідэнтычныя).

Пачатак артыкулаў пра пратэсты 2020 года ў «Вікіпедыі» (зверху) і на «Рувікі» (знізу)

Артыкул пра Святлану Ціханоўскую на «Рувікі» таксама цалкам адпавядае зыходнаму варыянту з рускай «Вікіпедыі» (разам са згадваннем пасады «кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі»). 

Пачатак артыкулаў пра Святлану Ціханоўскую ў «Вікіпедыі» (зверху) і на «Рувікі» (знізу)

Такое ж капіяванне адбылося і са Сталіным, якога і ў арыгінальным артыкуле «Вікіпедыі», і на «Рувікі» называюць вінаватым у змове з Гітлерам перад нападам на Польшчу, а таксама у масавых палітычных рэпрэсіях і забойствах мільёнаў чалавек, уключаючы расстрэлы ў Катыні, якія Крэмль звычайна адмаўляе.

Пачатак артыкулаў пра Іосіфа Сталіна ў «Вікіпедыі» (зверху) і на «Рувікі» (знізу)

Кіраваць праектам «Рувікі» паставілі Уладзіміра Мядзейку, былога дырэктара «Вікімедыя РУ» — арганізацыі, якая адказвае за развіццё свабодных ведаў і ў прыватнасці усяго рускамоўнага раздзела «Вікіпедыі».

У каментарах да крамлёўскіх медыя той адзначаў, што яго новая «свабодная энцыклапедыя «Рувікі» будзе фармавацца на аснове 2 мільёнаў артыкулаў, узятых з рускай «Вікіпедыі» і дапрацаваных у адпаведнасці з «патрабаваннямі».

Ці адпавядае ўсім «патрабаванням» і прынцыпам імпартазамяшчэння шматразовае націсканне клавіш Ctrl C — Ctrl V, Мядзейка не згадаў.

Пераход падчас вайны на бок расійскіх уладаў чалавека, які шмат гадоў правіў «Вікіпедыю» і мусіў спрыяць на сваёй пасадзе распаўсюду свабоды думкі і ведаў, выклікала абурэнне ў яго былых калег з «Вікімедыя РУ».

Тыя абвінавацілі яго ў «парушэнні правілаў інтэрнэт-пляцоўкі, спрыянні цэнзуры, фактычным крадзежу назвы і нанясенні сур’ёзнай шкоды рэпутацыі «Вікіпедыі», за што Мядзейка летась пазбавіўся пасады дырэктара «Вікімедыя РУ».

«Уладзімір Мядзейка застанецца ў гісторыі «Вікіпедыі» як Іуда, які здрадзіў свабодным ведам, выбраўшы бок цэнзуры і палітычнай ангажаванасці праз уласныя інтарэсы», — заяўлялі раней «Нашай Ніве» прадстаўнікі вікі-супольнасці.

Уладзімір Мядзейка, кіраўнік «Рувікі», які раней працаваў над «Вікімедыя РУ». Фота: Wikimedia Commons

Нагадаем, што «Вікіпедыя» стала ахвярай нападак з боку расійскіх уладаў яшчэ да поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. У 2019 годзе Уладзімір Пуцін публічна выказаўся за замену інтэрнэт-энцыклапедыі на расійскі аналаг, «у якім, ва ўсякім разе, будзе дакладная інфармацыя»

А ўжо падчас вайны ў красавіку 2022 года маскоўскі суд упершыню аштрафаваў Wikimedia Foundation — некамерцыйную арганізацыю, якая падтрымлівае інфраструктуру для працы шматмоўных вікі-праектаў — на 5 млн расійскіх рублёў.

Падставай для штрафу назвалі тое, што з рускай «Вікіпедыі» не былі выдаленыя артыкулы, якія тычыліся вайны ва Украіне, у тым ліку матэрыялы пра сітуацыю ў Марыупалі, Бучы і Кіеве. Пасля гэтага былі яшчэ некалькі штрафаў на некалькі мільёнаў рублёў, а таксама суды. 

Па запыце расійскіх уладаў у сакавіку 2022 года за распаўсюд «фэйкавай і антырасійскай» інфармацыі быў затрыманы беларускі рэдактар-вікіпедыст Марк Бернштэйн, якому прысудзілі тры гады абмежавання свабоды.

Потым у 2023 годзе кіраўнік расійскага Савета па правах чалавека Валерый Фадзееў заклікаў цалкам закрыць у Расіі «Вікіпедыю». Паводле ягоных словаў, у артыкулах энцыклапедыі «шмат скажэнняў, калі гаворка ідзе пра палітыку і пра гісторыю».

У Крамлі яго ідэю падтрымалі. Але тады прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў адзначаў, што спачатку трэба стварыць расійскую версію рэсурсу.

З тых часоў падобных аналагаў ствараецца незлічоная мноства, самымі буйнымі з якіх з'яўляюцца вышэйапісаны «Рувікі», «Руніверсаліс», пляцоўка «Знания» і «Вялікая расійская энцыклапедыя». І ўсе яны па ахопах, якасці інфармацыі, а таксама колькасці аудыторыі, артыкулаў і моўных версій не вытрымліваюць ніякай канкурэнцыі з «Вікіпедыяй».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • калі
    22.01.2024
    Рувікі, ха-ха. Гучыць я нейкія фіксікі :)
  • Мінак
    22.01.2024
    Вікіпедыст, адкуль яны будуць гэта ведаць? яны расійскай карыстаюцца. як прыклад, тут нядаўга быў артыкул з мапай рф і акупаваным крымам, узятай з расейскай вікіпедыі.
  • Нехта
    22.01.2024
    Вікіпедыст, калі б ведалі, межа б меней пісалі пра “слова пісюна”

Цяпер чытаюць

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»11

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Усе навіны →
Усе навіны

«Разабралі будаўнічыя агароджы за ноч»: мінчане 20 гадоў змагаюцца за міні-парк супраць АЗС2

Першае выданне «Хобіта» прадалі за рэкордныя грошы

75-гадовы дзядуля ў Мядзельскім раёне адправіўся на ровары ў 30-кіламетровы паход і прапаў5

Стартап беларусаў, які працуе на Галівуд, трапіў на экраны Таймс-сквер1

Міколу Статкевічу сёння споўнілася 69 гадоў1

Мілінкевіч: Калі паглядзець на вопыт іншых краін, найбольшы поспех быў там, дзе ўдалося спрагназаваць і рэалізаваць дыялог27

Крышціяну Раналду зрабіў прапанову Джарджыне Радрыгес3

Трамп накіраваў Нацыянальную гвардыю ў Вашынгтон і запатрабаваў ад бяздомных пакінуць горад3

Пачырванелае сонца і электрычныя калёсы — чым яшчэ пужала людзей прырода на Беларусі чатырыста гадоў таму?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»11

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць