Адчуй сябе ў Правансе. Дзе ў Беларусі знайсці лавандавыя палі?
У сярэдзіне лета ў паўночным Правансе квітнее лаванда. Лавандавыя палі — візітная картка Францыі. Сюды прыязджаюць турысты, каб натхніцца прыгажосцю і неверагодным пахам раслін, едуць тысячы людзей, якія гатовыя плаціць сотні еўра проста за магчымасць зрабіць сэлфі або зладзіць фотасесію на фоне прыгожых кветак. Але сёння можна перанесціся ў Праванс і без «шэнгена» ў пашпарце. Лавандавыя палі цвітуць які ўжо год у самых розных кутках Беларусі, піша сайт «Слушна».

Спрадвеку лаванду вырошчвалі для нарыхтоўкі лекаў, збораў. Сёння фіялетавая кветка таксама актыўна выкарыстоўваецца чалавекам, але яна стала дадаткова несці дэкаратыўную мэту: у лавандавых палях усё часцей арганізоўваюць сямейныя, дзіцячыя фотаздымкі і love story. У нашай краіне таксама ёсць магчымасць убачыць гэты цуд на ўласныя вочы.
LavandaMia — гэта невялікая сямейная майстэрня, ферма за 30 кіламетраў ад Пінска і інтэрнэт-крама фларыстыкі з засушаных кветак і тавараў з лаванды. Ганна Мацвеева і Віталь Кавалевіч ужо некалькі гадоў вырошчваюць пышную, прыгожую, яркую лаванду. Сямейная пара стварае букеты, а падчас цвіцення рэдкай для Беларусі расліны з задавальненнем прымае гасцей, гатовых фатаграфавацца ў фіялетавым полі.

Свой Праванс ёсць пад Гомелем (Рудня Споніцкая, Веткаўскі раён, Гомельская вобласць). Велізарныя лавандавыя палі дазваляюць адначасова знаходзіцца тут адразу некалькім сем'ям. Для фотасесіі ўсё прадумана: можна ўзяць у арэнду лёгкія сукенкі, кошыкі, саламяныя капялюшыкі. Гаспадары просяць папярэдне патэлефанаваць і папярэдзіць аб прыездзе. А пасля фотасесіі тут можна набыць букет свежай лаванды — каштуе ён зусім танна.

Маладое і невялікае лавандавае поле знаходзіцца ўсяго за 80 кіламетраў ад Мінска і за 20 кіламетраў ад Маладзечна (вёска Дуравічы Вілейскага раёна). Парадаваць сябе і сваіх блізкіх букетам духмянай лаванды тут прапануюць цэлы год, а ў ліпені з радасцю складуць букет са свежазрэзанай лаванды. Падчас цвіцення расліны госці змогуць зрабіць фота ў лавандавым полі.
Віла «Лаванда Лепей» размясцілася на беразе возера ў Лепельскім раёне. Прыехаўшы сюды, вы сапраўды будзеце забяспечаныя прыгожымі відамі: з аднаго боку — ціхая вада, з другога — квітнеючая лаванда. Правесці фотасесію тут можна ў ліпені. Потым лаванду будуць збіраць на букеты і выкарыстоўваць у кулінарыі.

Гродзенскі раён, аграгарадок Луцкаўляны. На гэтым лавандавым полі кожны зможа адчуць сябе мастаком, а цудоўны лавандавы водар будзе толькі садзейнічаць пошуку натхнення для творчасці як у кадры, так і за ім. Для гэтага ёсць спецыяльны рэквізіт — мальберт. Трэба ўзяць з сабой адпаведнае адзенне і настрой, тады здымкі сапраўды будуць радаваць шмат гадоў. Тут таксама можна набыць засушаныя кветкі, букецікі лаванды і гідралат.
Lubeckaya_lavanda — гэта лавандавае поле, якое ўвасобілі ў жыццё тры сястры. Кветкі растуць на тэрыторыі векавой сядзібы ў вёсцы Любкі Вілейскага раёна. Красаванне лаванды — добрая нагода наведаць месца, якое захавала дух традыцыйнай культуры. Таксама тут можна натхняцца народнай культурай Беларусі.
Цяпер чытаюць
«Цяпер мне чужая сама канцэпцыя ўжыць нешта, чаго ты не ведаеш». Вялікая гутарка з Іванам Шылам пра бізнэс, зараблянне з дапамогай ШІ, жанчын і ботакс
Каментары
дарэчы, тыдзень таму набыла ў Дукоры свечку з лавандай... сказалі, што нават, калі не запальваць, пахнуць будзе мінімум паўгады... пахне сапраўды вельмі-вельмі прыемна...