Уладзімір Пуцін выступіў з нечаканым вячэрнім зваротам. Дзмітрый Пяскоў анансаваў незадоўга да выступлення зварот прэзідэнта Расіі з «шэрагам важных заяў», але хто гэтага сапраўды чакаў, быў яўна расчараваны.

Выступленне Пуціна заняло ўсяго крыху больш за пяць хвілін і было цалкам прысвечанае нядаўняму мяцяжу ПВК «Вагнер» на чале з Яўгенам Прыгожыным.
Пуцін падзякаваў грамадзянам Расіі «за вытрымку, згуртаванасць і патрыятызм». Маўляў, «грамадзянская салідарнасць паказала, што любы шантаж, спробы зладзіць унутраную смуту асуджаныя на правал».
Паводле Пуціна, мяцеж «вагнераўцаў» быў бы па-любому задушаны, і яго арганізатары не маглі гэтага не разумець. Аднак усё адно, «здрадзіўшы сваёй краіне, свайму народу, здрадзілі і тым, каго ўцягнулі ў злачынства». Пасля гэтага ён сказаў на адрас гэтых арганізатараў яшчэ некалькі гнеўных асуджальных сказаў, а пасля падзякаваў «усім нашым вайскоўцам, супрацоўнікам праваахоўных органаў, спецыяльных службаў, якія сталі на шляху ў мяцежнікаў, захавалі вернасць абавязку, прысязе і свайму народу».
Асобна ён успомніў пра загінулых у ходзе мяцяжу лётчыкаў, якія «збераглі Расію ад трагічных разбуральных наступстваў». У той жа час «пераважная большасць байцоў і камандзіраў групы «Вагнер» для Пуціна «таксама патрыёты Расіі, адданыя свайму народу і дзяржаве», якіх падманулі. Таму і «рабіліся крокі, каб пазбегнуць вялікай крыві».
Урэшце Пуцін падзякаваў «тым салдатам і камандзірам групы «Вагнер», якія прынялі адзіна правільнае рашэнне і не пайшлі на братазабойчае кровапраліцце, спыніліся каля апошняй рысы», і
прапанаваў ім тры варыянты наступных дзеянняў: заключыць кантракт з Міністэрствам абароны ці іншымі сілавымі органамі, вярнуцца «да сваіх родных і блізкіх» ці «пайсці і ў Беларусь».
У канцы Пуцін успомніў пра Лукашэнку і падзякаваў яму «за ягоныя намаганні і ўнёсак у мірнае вырашэнне сітуацыі».
Характэрна, што прозвішча Яўгена Прыгожына падчас гэтага выступлення не было згадана ніводнага разу.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары