Эстонія зрабіла істотнае выключэнне для студэнтаў, дактароў і навукоўцаў з Беларусі
Урад Эстоніі ўхваліў выключэнне з санкцыйнага рэжыму, у адпаведнасці з якім студэнты, дактары і навукоўцы, якія прыбылі ў Эстонію да пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, могуць хадайнічаць аб новым дазволе на жыхарства.

Выключэнне не азначае аўтаматычнага атрымання дазволу на жыхарства. Кожнае хадайніцтва будзе разгледжанае асобна, у кожным выпадку ўлады будуць ацэньваць, ці ёсць у чалавека падставы для атрымання дазволу на жыхарства, піша Delfi.
У санкцыйным рэжыме будзе зробленае вузка накіраванае выключэнне для тых, хто знаходзіцца ў Эстоніі на законных падставах навучэнцаў, дактароў, стаматолагаў і акадэмічных работнікаў з ліку грамадзян Расіі і Беларусі, якім будзе прадастаўленая магчымасць атрымаць дазвол на жыхарства для больш працяглага знаходжання ў Эстоніі.
Выключэнне ў санкцыйным рэжыме тычыцца тых людзей, якія прыехалі ў Эстонію вучыцца або працаваць да пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, здалі ўсе неабходныя экзамены эстонскай мовы або прайшлі эстонамоўную вучэбную праграму і валодаюць эстонскай мовай як мінімум на ўзроўні B2. На акадэмічных работнікаў патрабаванне валодаць мовай не распаўсюджваецца.
У 2022/2023 навучальным годзе ў эстонскіх ВНУ вучыцца 298 грамадзян Расіі і Беларусі, на якіх распаўсюджваецца санкцыйны рэжым. Выключэнне распаўсюдзіцца ў першую чаргу на тых 78 студэнтаў, якія завяршаюць навучанне па эстонамоўнай праграме.
Выключэнне для студэнтаў, якія валодаюць эстонскай мовай і заканчаюць тут універсітэт, не наносіць шкоды асноўнай мэце санкцый — абмежаваць прыбыццё ў Эстонію новых грамадзян Расіі і Беларусі, паколькі выключэнне робіцца толькі для тых, хто ўжо знаходзіцца ў Эстоніі.
Паводле звестак Дэпартамента здароўя, у 2022-2023 годзе ў Эстоніі ў якасці дактароў былі зарэгістраваныя 9 чалавек, якія прыбылі на працу з Расіі, і 6 чалавек з Беларусі, а таксама адзін стаматолаг з Расіі і 3 стаматолагі з Беларусі.
Па ацэнцы Міністэрства сацыяльных спраў, неабходна захаваць усіх дактароў і стаматолагаў, якія, прыбыўшы на працу ў Эстонію з іншай дзяржавы, ужо прайшлі экзамен на прафесійную адпаведнасць, здалі экзамен па эстонскай мове і ўнесеныя ў рэгістр Дэпартамента здароўя з правам працаваць доктарам ці стаматолагам. У гэтым выпадку краіна паходжання значэння не мае.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары