Google прэзентаваў пошукавік на базе штучнага інтэлекту
На сваёй штогадовай канферэнцыі для распрацоўшчыкаў Google заявіла, што прапануе мільёнам карыстальнікаў функцыю пошуку, якая будзе ўключаць зводкі, створаныя ШІ — для запытаў, аналагічных тым, што выдаюцца чат-ботамі, такімі як ChatGPT.

Кампанія Google заявіла, што яе абноўленая пошукавая сістэма будзе ўлічваць папярэднія запыты карыстальніка і такім чынам дасць магчымасць шукаць інфармацыю без неабходнасці паўтараць ужо апісаны кантэкст або дэталі.
Сістэма будзе аўтаматычна ствараць персаналізаваныя адказы на паведамленні ў асабістым чаце карыстальніка.
Адказы на аснове ШІ таксама будуць уключаць спасылкі на вэб-крыніцы, з якіх атрыманыя адказы — гэта спроба даць рады праблеме са сфабрыкаванай інфармацыяй.
Карыстальнікі па-ранейшаму змогуць атрымаць доступ да фармату пошуку Google у выглядзе спісу спасылак пад згенераванымі машынай адказамі.
«Карыстальнікі хочуць бачыць інфармацыю, прывязаную да вядомага брэнда, напрыклад… Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ці праверанага агенцтва навін, — цытуе The Financial Times Кэці Эдвардс, віцэ-прэзідэнтку Google Search. — Мы не думаем, што карыстальнікі хочуць, каб ім даваў адказ штучны інтэлект».
У рамках сваіх новых вынікаў пошуку Google таксама паспрабуе сацыяльную функцыю пад назвай «Перспектывы», якая будзе паказваць карыстальнікам інфармацыю ад вядомых людзей на платформах сацыяльных сетак у выглядзе відэа, reels, малюнкаў і пісьмовых паведамленняў, а не спасылак на вэб-сайты.
Першапачаткова функцыя пошуку будзе даступная толькі ў ЗША праз сістэму спісаў чакання. Але кампанія паведаміла, што ў хуткім часе разгледзіць магчымасць больш шырокага разгортвання новай пошукавай сістэмы.
Google спрабуе дагнаць Microsoft у спажывецкіх прадуктах штучнага інтэлекту.
У лютым Microsoft апярэдзіла свайго канкурэнта, прэзентаваўшы пошукавую сістэму Bing, якая кіруецца штучным інтэлектам — яна выкарыстоўвае тэхналогію OpenAI GPT. Праз месяц OpenAI прэзентавала моўную мадэль GPT-4, доступ да якой карыстальнікі могуць атрымаць праз прэміум-версію ChatGPT і праз Bing.
Чытайце яшчэ:
У пошукавіку Google з'явіўся малы Ёда з «Зорных войнаў». Расказваем, як яго выклікаць і што ён умее
Кітай хоча, каб штучны інтэлект адлюстроўваў асноўныя каштоўнасці сацыялізму
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары