Фінляндыя і Эстонія аб’яднаюць сістэмы берагавой абароны. Гэта закрые Фінскі заліў для расійскага флота
Эстонія і Фінляндыя будуць аб'ядноўваць ракетныя комплексы берагавой аховы ў рамках планаў абароннай інтэграцыі краін. Пра гэта расказаў міністр абароны Эстоніі Хана Пеўкур у інтэрв'ю выданню Iltalehti.

«Мы павінны інтэграваць свае ракетныя комплексы берагавой абароны. Далёкасць дзеяння эстонскіх і фінскіх ракет большая, чым шырыня Фінскага заліва. Гэта азначае, што мы аб'яднаем нашу супрацьракетную абарону і будзем дзяліцца адзін з адным усёй інфармацыяй», — сказаў ён.
Кіраўнік эстонскага абароннага ведамства падкрэсліў, што гэта рашэнне дазволіць закрыць Фінскі заліў для расійскіх вайсковых караблёў.
«Балтыйскае мора стане ўнутраным морам НАТА, калі Фінляндыя і Швецыя ўступяць у Альянс. Сітуацыя зменіцца», — перакананы ён.
У выданні адзначаюць, што летась Эстонія наважылася набыць ізраільскія ракеты Blue Spear для барацьбы з марскімі цэлямі. Далёкасць палёту гэтых ракет — 290 км. Гэта азначае, што эстонцы могуць весці свой ракетны агонь у любое месца на фінскім узбярэжжы ў заліве.
У той жа час набытыя ВМС Фінляндыі супрацькарабельныя ракеты МТА 85m (мадыфікаваная для Фінляндыі RBS-15 Mk 2) маюць далёкасць больш за 100 км і забяспечаныя радыёлакацыйнай сістэмай саманавядзення. Адзначаюць, што фіны могуць засяродзіць агонь на паўночным узбярэжжы Эстоніі.
Iltalehti нагадвае, што Фінляндыя і Эстонія ўжо планавалі сумесную берагавую абарону яшчэ ў 1930-х гадах, аднак абедзвюм краінам тады не хапала саюзнікаў.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары