Грамадства

Памёр ксёндз Міхаіл Сапель — першы пробашч адроджанай парафіі святога Роха на Залатой Горцы

Раніцай 10 снежня на 55-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Міхаіл Сапель, першы пробашч адроджанай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Апошнім часам ён быў вікарыем (дапаможным святаром) у гэтай парафіі, піша catholic.by.

У розны час святар быў душпастырам у парафіях Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве, Нараджэння Маці Божай у Заслаўі, дырэктарам ДКТ Caritas Мінска і Беларусі, узначальваў камісію па перакладзе літургічных тэкстаў.

Інфармацыя пра пахаванне святара будзе агучаная пазней.

Ксёндз Міхал Сапель нарадзіўся 17 лістапада 1967 года ў Браславе. Cям’я Сапеляў была «змяшанай»: бацька — праваслаўны, маці — каталічка. 

Скончыўшы сярэднюю школу ў 1984 годзе, Міхал адчуваў пакліканне да святарства, аднак вырашыў спачатку паступіць у медыцынскае вучылішча ў латвійскім Даўгаўпілсе. Прапіска ў суседняй рэспубліцы дала яму магчымасць праз год паступіць у духоўную семінарыю ў Рызе, якую ён паспяхова скончыў у 1990 годзе.

У 1990-м малады святар быў скіраваны ў Мінск і прызначаны вікарыем касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а пазней ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казіміра Свёнтка атрымаў заданне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Мінску жадаў маліцца па-беларуску (парафія святога Роха).

Руплівасцю ксяндза Міхала і яго супрацоўнікаў па літургічнай камісіі распачалася і паспяхова развівалася метадычная праца па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам якой стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі».

На плечы маладога святара Міхала Сапеля лягла яшчэ адна адказная місія: у мясцовым касцёле яму было даручана наладзіць дабрачынную дзейнасць. І з гэтым заданнем ён паспяхова справіўся: у 1991 годзе ў Мінску з’явілася свая арганізацыя Caritas.

Ужо праз некалькі гадоў беларускі Caritas ад банальнага прымання гуманітарнай дапамогі і яе размеркавання перайшоў да рэалізацыі сапраўды сур’ёзных праектаў, найбуйнейшы з якіх — дзіцячы цэнтр у Ляскоўцы.

Акрамя парафіі на Залатой Горцы, ксёндз Міхал Сапель да 1996 года быў пробашчам парафіі ў Ракаве і пэўны час з душпастырскай неабходнасці служыў вернікам у Заслаўі.

Дзякуючы грамадска-палітычным пераменам на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі мінскіх святынь — касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

Вакол першага ў пасляваенны час душпастыра хутка сабралася сталічная каталіцкая моладзь, якая жадала маліцца на роднай мове і мела тут такую магчымасць, яшчэ рэдкую ў тыя часы.

«Той час нярэдка называюць «вясною Касцёла» на Беларусі: так спора ўзыходзілі тады парасткі паклікання ў сэрцах моладзі. Парафія на Залатой Горцы стала месцам, дзе гэтых веснавых усходаў было асабліва шмат. З гэтай сталічнай каталіцкай супольнасцю звязанае нараджэнне, развіццё і рэалізацыя пакліканняў да служэння Богу ў святарстве кс. Анатоля Парахневіча, сённяшняга пробашча ў Альковічах, кс. каноніка Аляксандра Чайкоўскага, пробашча ў Наваполацку, кс. Канстанціна Каракі, пробашча ў Глуску, кс. каноніка Юрыя Быкава, пробашча ў Радашковічах, кс. каноніка Пятра Шарко, пробашча ў Нясвіжы, кс. Алега Жураўскага, пробашча ў Наваельні, кс. Міколы Гракава, вікарыя Залатагорскай парафіі, а таксама біскупа Віцебскага Алега Буткевіча», — зазначае catholic.by.

Каментары

Цяпер чытаюць

Даныя пакупнікоў упрыгожанняў Belaruskicry маглі трапіць у рукі сілавікоў. ГУБАЗіК пагражае крыміналкай за новыя заказы4

Даныя пакупнікоў упрыгожанняў Belaruskicry маглі трапіць у рукі сілавікоў. ГУБАЗіК пагражае крыміналкай за новыя заказы

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус забяспечыў казахстанскаму клубу еўракубкавую восень

Трамп: Расія мае толькі 10 дзён, каб спыніць вайну супраць Украіны. Яны пачынаюцца сёння26

Квіткі на цягнікі будуць каштаваць даражэй

Кубракоў загадаў пакараць нейкіх блатных за старыя парушэнні ПДР6

«Флагшток» абверг інфармацыю пра смерць трэцяга работніка «Беларуснафты» ад удару токам

Сілавікі заклікаюць людзей слаць ім інфармацыю ў чат-бот7

Дзяўчына зняла на відэа густы белы дым над Мінскам. Што гэта было?1

Дачка Стыва Джобса выйшла замуж за конніка. На вяселлі спяваў Элтан Джон

У Магілёве плануюць аднавіць Свята-Траецкую царкву3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Даныя пакупнікоў упрыгожанняў Belaruskicry маглі трапіць у рукі сілавікоў. ГУБАЗіК пагражае крыміналкай за новыя заказы4

Даныя пакупнікоў упрыгожанняў Belaruskicry маглі трапіць у рукі сілавікоў. ГУБАЗіК пагражае крыміналкай за новыя заказы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць