Рэпартаж Свабоды з Нароўлі на Гомельшчыне, дзе пісьменьнік Андрусь Горват разам зь сябрамі набыў, а цяпер аднаўляе стары палац вядомага роду.
Пераўвасабленьне падкрэсьлівае стылёвая жоўтая каска, расьпісаная ўкраінскімі калегамі на памяць аб досьведзе працы работнікам сцэны ў акадэмічным тэатры Львова.

За гэты час ён самастойна перацягаў тоны друзу — на цяперашнім этапе якраз ідзе разбор завалаў. Валянтэры і мясцовыя памочнікі — нячастыя госьці, спадзеў пакуль на ўласныя сілы. Хацеў бы працаваць у рэжыме 24/7, але арганізм прымушае рабіць паўзы — жылы ўсё ж не сталёвыя. Але калі паказвае, як у навагоднія дні на прыліве эмоцый праз замерзлую зямлю і сьнег малым шуфлікам раскапаў уваход у падзем’е, міжволі заўважаеш зусім ня волатаўскую камплекцыю.
«Этнічнага харвата ў ВКЛ запрасіў князь Радзівіл»
Усё магло мець больш прыглядны выгляд, калі б чыноўнікі не адпраўлялі ў сьметніцы лісты з подпісам Горвата, якія паляцелі ў розныя інстанцыі яшчэ ў 2010-м. Тады хаця б яшчэ быў дах і можна было хадзіць па пакоях, не асьцерагаючыся за жыцьцё.



Па аб’явах у газэтах і рэкамэндацыйных лістах набіралі адмыслоўцаў з эўрапейскіх краін — гувэрнэраў, інжынэраў па камунікацыях, кіраўнікоў на фабрычную вытворчасьць, садоўнікаў. А вось чэлядзь збольшага была мясцовая (тагачасная Нароўля была тыповым габрэйскім мястэчкам).



Сам Андрусь у тэму фамільнай повязі з старым эўрапейскім родам заглыбляецца неахвотна. Хоць уласны радавод вывучыў «да 14-га калена», кажа, што гэта ня мае ніякага значэньня — маўляў, ніколі ня ставіў за мэту набыць «элітную нерухомасьць», апэлюючы да генэалягічнага дрэва. Да таго ж, адрозна ад гаспадароў сядзібы, яму ў прозьвішчы не хапае адной літары «т».



Апошнія гады Андрусь шмат правёў у архівах, па крупінках зьбіраючы інфармацыю аб паходжаньні роду на гэтых землях. З супастаўленых фактаў вынікае, што ўсё пачалося зь фігуры Яна Нікшыца Горвата, які і даў пачатак роду на Беларусі. Гэта быў этнічны харват (Горват = Хорват), запрошаны ў XVІІ стагодзьдзі магнатам Багуславам Радзівілам у якасьці вайсковага тактыка, дарадцы.



За некалькі наступных стагодзьдзяў Горваты пачалі лічыць сябе палякамі, але з папраўкай на рэгіён — як на той час, Літву. Андрусь ілюструе гэта ўласным прыкладам: маўляў, у Менску пра сваю адметнасьць кажа, што паляшук, хоць пры гэтым не перастае быць беларусам. Гэтак і даўнейшых Горватаў у крыніцах часта характарызавалі як «славуты літвін», «Горват зь Літвы».



«Засталіся нашчадкі Эдварда Горвата па жаночай лініі. Ягоны сын памёр маладым, а дачка выйшла замуж за Станіслава Ваньковіча. Іх спадкаемніца спадарыня Аляксандра жыве ў Нью-Ёрку, ужо пажылога веку. Выходзіў зь ёй на сувязь, але стасункі не наладзіліся, не праявіла ахвоты да дыялёгу. У Польшчы таксама блізкія сваякі нараўлянскіх Горватаў, на ўзроўні родных братоў. Яны паходзяць з Галоўчыцкай сядзібы: там палац сьціплейшы, але значна лепш захаваўся (цяпер там вясковая паліклініка). А што да магчымай сустрэчы, дык для ўсіх нашчадкаў, якія б прозьвішчы ні мелі, дзьверы заўсёды адчыненыя — прынамсі, пакуль гэта будзе залежаць ад мяне».
«Права ўласнасьці аўтаматычна шчасьлівым ня робіць»



Кажа, што зачараваўся ўбачаным зь першага позірку. А ці мог тады ўявіць, што праз 15 гадоў будзе стаяць пасярод сваіх валоданьняў у будаўнічай касцы?



За амбітную задачу вярнуць палац да аўтэнтычнага выгляду — з рымскімі калёнамі, эркерамі ды тэрасамі — узялася арганізацыя, якая мае трох заснавальнікаў. Апрача Андруся Горвата, гэта яшчэ стваральнік культурнай прасторы ў мазырскім кляштары «Даліна анёлаў» Аляксандар Баранаў і заснавальнік гомельскага незалежнага мэдыя «Моцныя навіны» Пётра Кузьняцоў.



Але галоўныя адкрыцьці, спадзяецца ён, яшчэ наперадзе. Падчас абстрэлаў у апошнюю вайну частка перакрыцьцяў абвалілася аж да сутарэньняў. І якраз гэта магло ўратаваць аздобу пахаваных памяшканьняў.



Хоць пры гэтым і адзначае адметнасьць цяперашняга гістарычнага пэрыяду, калі грамадзтву «не да палацаў». Але калі ўпрогся, трэба цягнуць. Бо ёсьць істотны момант — абмежаваныя часавыя рамкі рэалізацыі праекту. Што і прапісана ў дамове з прадаўцом, Нараўлянскім райвыканкамам.



Паставіць дах Андрусь Горват разьлічвае ўласнымі сіламі і пры дапамозе людзкіх ахвяраваньняў. А ўжо далей надзея на фонды ці спонсараў: сродкаў запатрабуецца шмат, а зьбіраць грошы праз «Талаку» праблематычна. Днямі на юрыдычную асобу заснавальнікі адкрылі банкаўскі рахунак для падтрымкі аднаўленчых работ у палацы.



«Разам з навуковым кіраўніком мы ўзгадняем любыя рухі: складаем плян працы, пішам просьбу на дазвол, чакаем адмашкі зьверху і г.д. Кожныя тры месяцы я рыхтую справаздачу аб выкананых работах. Зрэшты, так і павінна быць, бо гэта помнік архітэктуры. Калі я разьлічваю, што іншыя аналягічныя аб’екты ў краіне гэтаксама абароненыя ад жаданьня выкарыстаць іх у пэўных бізнэс-інтарэсах, адкінуўшы гістарычны складнік, то мушу дазволіць кантраляваць і сябе. Хтосьці павінен сачыць, каб інвэстар, пакупнік сваімі дзеяньнямі не нанёс шкоды. У дадзеным выпадку гэтую функцыю выконвае Мінкульт», — кажа Андрусь Горват.
«Ня месца для задавальненьня дробнабуржуазных амбіцый»



«Умовы прапісаныя ў дамове куплі-продажу: гатэль ці рэстаран. Для сябе заплянавалі «музэйны комплекс з функцыяй гатэля». Хоць гэта быў жылы дом, некалькі пакояў Горваты адвялі пад экспазыцыі: прырода Палесься з чучаламі жывёлаў і гнёздамі птушак, пад шклом — археалягічныя знаходкі. Яны любілі гасьцей, адзін з надпісаў на сьцяне гучаў так: «Госьць у доме — Бог у доме». Таму лягічна зрабіць гатэль — не стандартны, а сямейнага тыпу, калі наведнік уключаны ў агульнае жыцьцё. Умоўна можна параўнаць зь Нясьвіжам: і музэйная частка, і месца для канцэртаў, і нумары пераначаваць. Я не зьбіраюся тут жыць, не будую сабе асабняк».



Нараўлянская сядзіба — гэта ня толькі палац, а і мноства спадарожнай інфраструктуры. Шмат якія пабудовы зьніклі ў віхуры войнаў і бальшавіцкай нацыяналізацыі, іншыя патрабуюць тэрміновай рэстаўрацыі, але бракуе сродкаў.




На заводзкай тэрыторыі — парэшткі гаспадарчых пабудоваў: колішнія памяшканьні адміністрацыі, жыльлё прыслугі, карэтныя, стайні, хлявы і г.д. Як удакладняе Андрусь Горват, на руіны дамова куплі-продажу не распаўсюджваецца. Хоць у ідэале можна было аднавіць кавалачак аўтэнтычнай Нароўлі.



Андрусь кажа, што старыя традыцыі трымаюцца на годным узроўні і па сёньня. Прынамсі, для яго нараўлянскі мармэляд — найсмачнейшы ў сьвеце.
«Мая новая кніга існуе толькі ў адзіным экзэмпляры»


Чытайце таксама: 32-гадовы мінчук пераехаў жыць у дзедаву хату ў глухім Палессі. Дзённік + фоты
А мінулай зімой, каб цалкам зьнітавацца з палацам, пераехаў з Прудка ў Нароўлю — наймае тут жыльлё, каб зэканоміць час на дарогу. А творчасьць? Яна цяпер у адным экзэмпляры, — па-філязофску кажа пісьменьнік.

«Вось яна, мая творчасьць, — паказвае ён на будынак. — Гэта кніга, якую зараз пішу. Проста яна існуе ў адзіным экзэмпляры і трэба прыяжджаць у Нароўлю, каб яе пачытаць… Канечне, давялося ўсё радыкальна зьмяніць. Паколькі я дырэктар арганізацыі, трэба весьці шмат перапіскі, рыхтаваць кучу папер, падаваць справаздачы ў падатковую, фонд сацыяльнай абароны, пералік арганізацый велічэзны. Акрамя таго, дамаўляцца, сустракацца, вырашаць пытаньні. Гэта займае шмат часу. Ну, і фізычная праца. Я не магу адзін пацягнуць бэлькі, але вёдрамі, тачкамі перавёз тоны друзу. А як зьяўляюцца памочнікі, тады ўжо працуем ад раніцы да вечара».


«Пасунуцца гаспадароў прымусілі яшчэ ў Першую сусьветную вайну, бо кайзэраўцы разьмясьцілі тут штаб. Зрэшты, паводзілі яны сябе ахайна і дазволілі Эдварду вывезьці ўсё, што пажадае. Пасьля рэвалюцыі і нацыяналізацыі тут быў санаторый — газэтная абвестка за 1925 год запрашала мазыранаў сюды адпачыць. Затым заехала беларуская школа. Але пачалася Другая сусьветная, будынак моцна пацярпеў ад абстрэлаў (падвал немцы нібыта выкарыстоўвалі як катавальню). У вайну арганізавалі школу-інтэрнат для сіротаў, зрабілі вялікую прыбудову — па дакумэнтах будынак і цяпер праходзіць як навучальны корпус. Канец усяму паклала чарнобыльская катастрофа: многія нараўлянцы зьехалі, школу зачынілі».

Андрусь Горват наведаўся ў Нароўлю праз 20 гадоў пасьля сыходу апошніх арандатараў. Так, палац ужо разбураўся, але каб спыніць працэс, хапіла б некалькі тысяч даляраў. Цяпер гаворка пра сумы на парадак большыя. Але сваю місію Андрусь гатовы выканаць да канца, а затым з чыстым сумленьнем «зьнікнуць».


Падтрымаць працэс аднаўленьня Нараўлянскай сядзібы можна грашовым пераводам. Рэквізіты тут.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары