Музыка3030

Макс Корж сабраў стадыён «Дынама», на канцэрт прыйшлі 35 тысяч чалавек ФОТАРЭПАРТАЖ

У суботу 35 тысяч чалавек сабраліся на галоўным сталічным стадыёне на канцэрт беларускага выканаўцы. Як гэта было — глядзіце ў фотарэпартажы.

Каб паглядзець, як «малы пасталеў», прыехала шмат фанатаў з Украіны, Расіі, Балгарыі, Эстоніі.

Сяргей, Аня, Ілля і Міша прыгналі кампаніяй з Санкт-Пецярбурга. Для некаторых з іх гэты канцэрт ужо пяты.

— Каржа шмат не бывае, — усміхаецца Ілля.

— У Мінску самыя класныя яго канцэрты, — падхоплівае Сяргей. — Бо ён на радзіме ў сябе выступае. І мне Мінск вельмі падабаецца.

Каб пераначаваць у сталіцы, хлопцы знялі кватэру. Расказваюць, што першы гаспадар, у якога яны збіраліся спыніцца, іх кінуў, таму тэрмінова давялося шукаць запасны варыянт.

— Сталі тэлефанаваць — усё занята. На канцэрт Каржа ж людзей напрыязджала. У выніку знялі аднушку на шасцярых, — дзеляцца хлопцы.

— І чаму ніхто не сказаў, што ў вас гарачую ваду адключаюць?! — смяецца Ілля.

15-гадовая Вераніка на канцэрт прыйшла з татам Віталем.

— Мы з Брэста прыехалі, — тлумачыць мужчына, чаму не адпусціў дачку адну.

Сам Віталь фанатам Каржа сябе не лічыць, але часам слухае.

— Ёсць добрыя песні. «Горы па калена» падабаецца.

— А мне больш яго ранняя творчасць падабаецца. «Жыць у кайф», напрыклад, — кажа Вераніка.

— Слэміцца не пойдзеце? — цікавімся ў таты.

— Не-е-е. І дачку не пушчу.

Большасць моладзі адзелася ў стылі 90-х: красоўкі, высокія шкарпэткі, алімпійкі і барсеткі цераз плячо.

— Мы алімпійкі ў бабуль узялі, — расказваюць мінскія адзінаццацікласніцы Лера і Аня.

Паслухаць рэпера яны прыйшлі ўпершыню. Квіткі набылі яшчэ ў снежні з грошай, падораных на дзень народзінаў.

Макс Корж — бадай, самы паспяховы беларускі артыст. У 2013-м ён стаў першым з нашых выканаўцаў, хто сабраў Мінск-Арэну на свой сольнік. На «Дынама» ён таксама першы (ну, калі не лічыць канцэрт Саладухі з практычна пустымі трыбунамі). Усе квіткі на рэпера раскупілі яшчэ ў ліпені.

Пры гэтым спявак — персона не публічная. Ён рэдка дае інтэрв'ю (нават Юрыю Дудзю адмовіў).

Гэты сольнік у Мінску — рэкордны для рэпера па колькасці гледачоў.

— Шмат разоў праходзіў тут, ніколі падобнага не бачыў. Вы не ўяўляеце, як цяжка засынаць з думкай, што ўвесь горад тусіць, а табе трэба выспацца. Але я выспаўся, і вы проста так ад мяне не сыдзеце, — абяцае Макс Корж напачатку канцэрта.

У перапынках паміж песнямі ён вядзе пацанскія размовы пра каханне, сяброў, выпускны і шашлыкі. Успамінае, як у аднушцы на «Ружачцы» цудоўным летнім днём пісаў сваю першую песню, і прызнаецца ў любові да Мінска.

— Я часта тут тусуюся, не ведаю, як вы мяне не заўважаеце, — кажа са сцэны Макс Корж. І дадае, што ўдзячны тым, хто з павагай ставіцца да яго пазіцыі наконт фота і не здымае яго ў горадзе.

— Мінск, мы ведаем, ты хацеў сёння паспаць, але не атрымаецца, гэта дакладна! — заводзіць натоўп рэпер. — Нічога, раз у пару гадоў можна.

На канцэрце былі і бацькі спевака.

Корж дзеліцца з фанатамі, што ў сваёй творчасці стараецца захаваць пазітыўны бок беларускага характару.

— Я ведаю, вы спакойныя і ўраўнаважаныя, калі сюды прыязджаю, думаю: як жа тут ціха. А ведаеце чаму? Мы не распыляем энергію, захоўваем да пэўнага моманту.

Падчас сольніка Макс Корж спеў не толькі свае папулярныя песні, але і тое-сёё з нявыдадзенага.

— А цяпер выканаем беларускую народную, — жартуе ён перад трэкам «Выганяем алкаголь».

Відаць, Макс Корж засумаваў па беларускай публіцы не менш, чым яна па ім. Канцэрт ішоў больш за тры гадзіны. Рэпер не хацеў расставацца з фанатамі — спяваў пад гітару і дзяліўся жыццёвымі прынцыпамі.

— Я не хачу жыць на Захадзе, бо там няма душы. Я не хачу жыць на Усходзе, бо там няма парадку. Я хачу жыць тут. Тут ідэальныя ўмовы для старту.

Наступны канцэрт у Мінску Макс Корж анансаваў не раней, чым праз два гады.

Каментары30

Цяпер чытаюць

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША5

Трамп забараніў уезд у ЗША грамадзянам 12 краін

Памёр Аляксандр Класкоўскі-малодшы7

У мінскіх крамах заўважылі мяса ў правакацыйных упакоўках і без маркіровак. Адкуль?1

Праціўнікі Ціханоўскай збіраюцца на круглы стол, каб вырашыць, як жыць далей44

На працоўным стале ў Пуціна стаіць камп'ютар з аперацыйнай сістэмай, якая ўжо шмат год не абнаўляецца14

Ціханоўская: Яны не хочуць перамоў, яны хочуць, каб мы добраахвотна пайшлі ў турмы8

Трамп неанансавана перагаварыў з Пуціным: Пуцін сказаў, і вельмі рашуча, што яму давядзецца адказаць на атаку па аэрадромах22

Новак Джокавіч зрабіў чарговую пародыю на Сабаленка. Тая падыграла3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў10

«Гэта была жывая камера сачэння». Што рабіла віцяблянка Кацярына, каб вызваліцца праз 5 гадоў замест прысуджаных 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць