Літаратура1515

Італьянскі гастра-тур Андрэя Дзмітранка: чый пармезан сапраўдны? 

Пра сыр «Пармезан» чулі ўсе. Маглі не купляць, не каштаваць, але каб не ведаць зусім — гэта наўрад ці. Прынамсі, гэта той прадукт, які суседняя краіна забараняла ў адказ на эканамічныя санкцыі. Вось ён хрыбет, вось на чым трымаюцца імперыялісты. Не чулі? Пра гэта ж казаў тэлевізар:

— Забараніць пармезан і хамон! Гамон праклятушчаму Захаду!

Ёсць яшчэ сыр айчыннай вытворчасці, што з камерцыйнай логікі вырашылі называць пармезанам, але атрымалася як у анекдоце:

— Вы чулі, як спявае Каруза?

— Так, мне Рабіновіч напеў.

Не пармезан.

Самы просты тэст на «пармезанскасць»: сапраўдны — ён крохкі, як хлеб, наш ледзь не намазваецца. Падабаецца? Справа не ў густах, але выкарыстанне чужога брэнду ёсць комплекс уласнай непаўнавартаснасці. Няўжо быць «Прышчучынскім», «Брэсцкім» гучыць неяк прыкра? Каго хоча падмануць наш «Пармезан»? Зарабіць на гэтым больш грошаў?

Увогуле, правільна казаць «Парміджана-Рэджана», бо ў назве закладзена тапаніміка месца — гэта сыр правінцый Пармы і Рэджы-Эміліі. Варыянт «Пармезан» пайшоў ад французаў, але ён скарочаны і неяк крыўдна за Рэджы-Эмілію.

Мне падабаецца, калі прадукт з’яўляецца квінтэсенцыяй зямлі і традыцый яе жыхароў. Так Парміджана-Рэджана нельга вырабляць з малака, надоенага па-за зонай гарадоў Пармы, Реджы-Эміліі, Балоньі, Модэны, зямель правага берагу ракі По ды левага ракі Рэна. Інакш будуць іншыя травы, а вынік — іншы смак малака і ўрэшце сыр. Па зацверджаных нормах каровы могуць сілкавацца выключна сенам з мясцовых лугоў — і ніякага сіласу. Таму ўжыванне чужога імя — гэта пытанне павагі як да сябе, так і да чужых традыцый, якім між іншым дзевяць стагоддзяў. Наш сыр мае беларускія ноткі, яны не горшыя і не лепшыя — яны іншыя, і мы будзем ім ганарыцца, калі зроблена добра.

Па запрашэнні нашых сябровак мы едзем з экскурсіяй у «святая святых».

Каб вырабляць «Парміджана-Рэджана» трэба быць часткай кансорцыуму, асноўная задача якога — кантроль якасці. Не дзяржава, не санэпідэмстанцыя, а самі вытворцы зацікаўленыя ў захаванні легенды. Усяго налічваецца каля 350 сыраварняў, але няхай колькасць вас не пужае. Звычайна гэта невялічкія прадпрыемствы, дзе працуе не больш за 10 людзей.

Экскурсію праводзіць сіньёр Матэа, уласнік сыраварні ў Бадзана.

Я не ведаю, як краявіды ўплываюць на смак, але нешта падказвае, што тут не могуць рабіць нясмачны прадукт: прадпрыемства тоне ў сланечніках, якія сустракаюць нас, панурыўшы галовы, чакаючы сонца. Сіньёр Матэа ветлівы, кажа, што ён тут працуе з маленства і не стаміўся, адно толькі шкадуе, што яго дзеці пайшлі іншай дарогай. Запрашае нас прайсці ўнутр цэха, і там ужо нашы дзеці не вытрымліваюць пах цялячай сычужны, просяцца выйсці на вуліцу. Далей крочым без дзяцей.

Як

Малако збіраецца і прывозіцца на сыраварні два разы на дзень. Яно не падвяргаецца ніякай тэрмаапрацоўцы, а выкарыстоўваецца менавіта ў сырым выглядзе, з усім мноствам малочных мікраарганізмаў. Страшна? Не бойцеся! Усё жывое там засталося. Працэс распачынаецца ўвечары, калі малако з вячэрняй дойкі змяшчаецца ў сталёвыя ванны і пакідаецца на ноч. Раніцой сыравар збірае вяршкі, а абястлушчанае малако пераліваецца ў вялікія медныя чаны, дзе злучаецца са свежым, нядаўна надоеным. Для вытворчасці 1 кілаграма сыру патрабуецца 14 літраў малака. Затым дадаецца сыроватка, што засталася з учорашняй вытворчасці сыра, і сумесь награецца да 36 градусаў. Вы яшчэ не стаміліся? Тады кладзём натуральную цялячую сычужыну і чакаем згусання малака, гэта займае 10—15 хвілін. Майстэрства сыравара ў тым, што ён сваімі рукамі правярае сырную масу, каб не ператрымаць і адсачыць правільны момант для пачатку яе разбівання.

Матэа даволі цікава распавядае і кожны свой сказ абавязкова ўзмацняе ўзмахамі рук. Гэта так па-італьянску, нібы дырыжоры, яны заклікаюць нябачны аркестр зайграць. Але ўся ўвага на рукі, у Матэа яны распараныя і нібы надзьмутыя. Вось ён працоўны партрэт, вось ён герой сацрэалізму, чалавек — увасабленне прафесіі.

Сырная маса разбіваецца прыстасаваннем «калючка» (у сівыя часы карысталіся галінкай глогу). Адначасова адбываецца абязводжванне зерняў: сыравар павялічвае тэмпературу (з 35°С да 55°С) і варыць да кансістэнцыі, калі вільгаці застаецца самы мінімум, неабходны для аб'яднання зерняў паміж сабой. Пасля варка спыняецца і прыблізна праз 60 хвілін атрыманы прадукт падзяляецца на 2 часткі і з яго выціскаюць сыроватку.

Надышоў момант персаналізацыі. Сырная маса змяшчаецца ў формы, дзе на тонкай казеінавай пласціне матрыца-штамп «гравіруе» інфармацыю аб паходжанні (кропкавы надпіс «Парміджана-Рэджана», месяц, год вырабу, код сыраварні-вытворцы, надпіс «DОР» (гарантаванае і кантраляванае месца паходжання). Пакуль гэта толькі водціск, з часам пры дапамозе грыбка кожны сімвал праявіцца і стане чытэльным.

Далей у прахалодным памяшканні будучы сыр пагружаецца прыкладна на 20 дзён у ванны з насычаным растворам натуральнай солі. Гэта не толькі прасолка, так соль выцягвае з сыру лішнюю вільгаць, што складае прыкладна 6% ад масы.

Парміджана-Рэджана амаль гатовы, засталося даць яму выспець. Сыры пераносяцца ў вялікае памяшканне, з кантраляванымі тэмпературай і вільготнасцю.

Матэа кажа, што калі мы застанёмся з ім 12 месяцаў, тады зможам даведацца, якім атрымаўся сённяшні сыр — такі мінімальна магчымы тэрмін выспявання. Мы столькі чакаць не можам і нам прапануецца праверыць якасць ужо гатовых сыроў, як гэта робяць эксперты кансорцыуму.

Кожная галоўка сыру прастукваецца малаточкам па ўсёй яе паверхні. Па гуку і вібрацыях выяўляецца наяўнасць дэфектаў. Гэта могуць быць схаваныя дзіркі, надломы, расколіны ды іншае, што прыводзіць да адхіленняў паводле водару.

На падставе экспертызы сыр падзяляецца на дзве катэгорыі:

  1. Парміджана-Рэджана DOP — сыр без дэфектаў (выспяванне 12—30 месяцаў), маркіруецца авальным таўром.
  2. Парміджана-Рэджана DOP Mezzano (сярэдні) — сыр з нязначнымі дэфектамі (выспяванне 12—18 месяцаў), апроч авальнага таўра, мае шэраг паралельных баразёнак, нанесеных невыдаляльным спосабам.

Галоўка, якая не прайшла атэстацыю, лічыцца не прыдатнай і не можа называцца Парміджана-Рэджана. З такога сыру будзе цалкам выдаленая кропкавая маркіроўка і ўся інфармацыя пра паходжанне. Ён трапляе ў разрад «розныя», нібы з генерала ў радавыя. Ёсць варыянты, калі сыр яшчэ можна «вылечыць», «перапаяўшы», але атрымліваецца не заўсёды.

Пастукванне і слуханне сыру — самае цікавае ў экскурсіі. Хаця б з прычыны таго, што тут ты ўдзельнічаеш сам ды і водар ужо не сычужны, а менавіта што Парміджана-Рэджана. Адным ім можна было б наесціся, але нас чакае сапраўдная дэгустацыя.

У залежнасці ад тэрміну выспявання сыры маюць розныя рэкамендацыі:

  • 12 месяцаў — падыходзіць для самастойнага спажывання пад сухое белае віно. Смак салодкі і кіслы адначасова, водар не вельмі інтэнсіўны, суправаджаецца адценнямі раслін і фруктовых кветак.
  • 24 месяцы — можа спажывацца як самастойна, так і для гатоўкі (паста, рызота). Структура больш рассыпістая і крупчастая. Мае адценні садавіны, цытрусаў і арэхаў. Выдатна спалучаецца з чырвонымі вінамі і з традыцыйным бальзамічным воцатам.
  • 30 месяцаў — падыходзіць для гатоўкі. Структура больш сухая і рассыпістая. Смак насычаны, часам востры. Мае адценні мусату, перцу і сухафруктаў.

Але гэта ўсё рэкамендацыі, і, калі 30-месячны сыр будзе ісці акампанементам да келіха віна, за гэта ніхто не асудзіць і слова не скажа.

— Сіньёра, Вы так спрытна наразаеце дротам сыр, калі ласка, зрабіце і нам кожнага па кілаграмчыку.

Цалкам вандроўку пра тое, што за горад пабудаваў Леанарда да Вінчы, чаму сярэднявечны Доца стаў музеем сучаснага мастацтва і як з аўтарам гралі колер і тэатр у Венецыі чытайце ў неаб’ектыўных зацемках.

Каментары15

Цяпер чытаюць

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа9

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі

Старэйшы сын Трампа дапусціў, што бацька можа пакінуць мірны працэс ва Украіне16

Cмехаёга: мастацтва выклікаць смех штучна2

Лукашэнка на перамовах у Амане ўставіў такое слова, што перакладчыца на арабскую разгубілася8

У Лідзе пабраліся шлюбам 15‑гадовыя хлопец і дзяўчына. Самай маладой маме Гродзеншчыны таксама 156

Фрыдман: Трампа цалкам задаволіць аўтарытарны рэжым у Мінску, які працягне арыентавацца на Расію17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць