2 лістапада ў Мінску адбылося традыцыйнае шэсце ў Курапаты і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў. Акцыю арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі ўсёй грамадзянскай супольнасці. Беларускі Хельсінскі Камітэт ацэньвае колькасць удзельнікаў шэсця ў 400 чалавек.
«Хаджу на шэсце, бо мне важна бачыць, што мы не адны, што памяць застаецца, што мы беларусы. Раней я сам хадзіў, а цяпер ужо з сынам хаджу», — кажа ўсмешлівы малады мужчына, які прыйшоў з сынам гадоў шасці ў акулярах.
Валя і Уладзь Яроменкі таксама прыйшлі на шэсце са сваёй маленькай дачкой Арынай. «Мы хочам, каб яна прывучалася да шэсцяў, да сцягоў, да нацыянальных колераў. Каб яна мела памяць пра нашых продкаў», — кажа Валя.
«Пераемнасць пакаленняў, памяць, гісторыя, мова — гэта рэчы, на якіх трымаецца нацыя. І калі нашы суседзі, наш братні народ перажывае такі цяжкі час — гэта адзнака салідарнасьці, тое, што тут згадваюць Украіну. Вялікая частка ўдзельнікаў — моладзь. Гэта паказвае, што Беларусь жыве», — сказаў нам Павел Севярынец, лідар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, які таксама ўдзельнічаў ў шэсці.
Каментары