Ці задумваліся вы, чаму адно адзенне дадае нам упэўненасці, а іншае — прымушае адчуваць сябе не на сваім месцы? Чаму ў адных прасторах мы імгненна расслабляемся, а ў іншых — адчуваем трывогу? Эксперты сцвярджаюць, што адказ крыецца ў каласальнай моцы колеру, якую сучаснае грамадства дагэтуль схільнае недаацэньваць.

Таямніцы таго, як каляровая палітра кіруе нашымі паводзінамі, здароўем і нават кар’ерай, у інтэрв’ю выданню Welt раскрыў адзін з вядучых сусветных даследчыкаў псіхалогіі колеру Аксэль Бютэр.
Як зазначае Бютэр, каля 60% рэсурсаў нашага мозгу бесперапынна занятыя апрацоўкай візуальных сігналаў. Пры гэтым прыкладна 99% гэтых працэсаў адбываюцца несвядома, але яны імгненна ўплываюць на ўспрыманне і паводзіны. Сувязь колеру з нашымі ўчынкамі мае глыбокія эвалюцыйныя карані — гэта пытанне выжывання. Колер дапамагае вырашаць, ці варта есці падазроны плод і ці бяспечна пераходзіць дарогу на чырвонае святло.
Колер як мова ўлады і статусу
У сацыяльнай прасторы колер заўсёды служыў мовай улады і статусу. Калісьці пурпур быў выключным прывілеем імператараў, а за парушэнне гэтага правіла магла пагражаць смерць. У сучасным свеце каляровыя коды сталі больш тонкімі, але не менш уплывовымі.
Важныя не толькі самі колеры, але і іх адценні. Змешванне фарбаў змяняе іх успрыманне. Напрыклад,
насычаны вішнёва-чырвоны асацыюецца з энергіяй і матывацыяй, у той час як ружова-белыя адценні — з далікатнасцю і стрыманасцю. Веданне гэтых тонкасцей можа дапамагчы людзям свядома кіраваць уражаннем, якое яны пакідаюць.
Напрыклад, падчас сумоўяў або размоў пра павышэнне заробку колер адзення можа падсвядома ўплываць на вынік. Нават калі ён не вызначае ўсё, ён падтрымлівае патрэбны вобраз. Сінія адценні могуць дадаць упэўненасці, а бэжавыя і шэра-карычневыя — падкрэсліць прафесіяналізм і надзейнасць.
Бютэр згадвае прыклад былой федэральнай канцлеркі Германіі Ангелы Меркель: у пачатку кар’еры яе часта крытыкавалі за стыль, але пазней яна пачала свядома выкарыстоўваць колеры. Чырвоны дазваляў ёй заставацца заўважнай і дэманстраваць лідарскія амбіцыі сярод калег-мужчын у аднолькавых цёмных касцюмах.

Што колеры кажуць пра асобу
Бютэр сцвярджае, што выбар колеру адзення — гэта не заўсёды выпадковасць, а часта праява нашага прыроджанага тэмпераменту. Даследчык прысвяціў дваццаць гадоў маштабнаму праекту, падчас якога аналізаваў змесціва гардэробаў па ўсім свеце. Эксперымент быў пабудаваны на цікавай механіцы: староннім людзям прапаноўвалі ацаніць характар уладальніка рэчаў, абапіраючыся толькі на каляровую палітру яго адзення.
Больш як у 70% выпадкаў іх высновы супадалі з тым, як чалавек сам успрымае сваю асобу. Гэта пацвярджае, што па каляровых перавагах можна з высокай дакладнасцю меркаваць пра рысы характару: вельмі стракатая гама звычайна сігналізуе пра максімальную экстраверсію, тады як светлыя ці прыглушаныя таны выдаюць інтраверта.
Сёння цікавасць да пошуку «сваіх» колераў перажывае новы бум сярод міленіялаў і прадстаўнікоў пакалення Z. Яны зноў звяртаюцца да сістэмы каляровых тыпаў па порах года — ад «вясны» да «зімы», — якая была папулярная ў часопісах 90-х, а цяпер стала вірусным трэндам у TikTok. Гэты метад дапамагае зразумець, якія адценні найлепшым чынам падкрэсліваюць натуральную прыгажосць: колер скуры, вачэй і валасоў.

Аднак на наш вобраз уплывае не толькі ўнутраны стан, але і навакольнае асяроддзе — так званае «правіла 50 на 50». Мы часта паддаёмся ўплыву сваіх куміраў, сацыяльных груп ці агрэсіўнага маркетынгу.
У выніку, як адзначае эксперт, людзі часта купляюць рэчы, якія ім не пасуюць: каля 60% адзення застаецца амаль некранутым ужо праз год, бо модны колер, які цудоўна выглядаў на ідале ці ў рэкламе, зусім не адпавядае ўласнай ідэнтычнасці чалавека.

Колер і дабрабыт
Калі ў модзе мы яшчэ можам дазволіць сабе рызыкоўныя эксперыменты, то ў сферы харчавання і гігіены дзейнічаюць строгія біялагічныя законы. Эксперт прыводзіць просты прыклад:
малако ў ружовай пачцы ніколі не будзе мець камерцыйнага поспеху. Наша падсвядомасць трывала звязвае свежасць і натуральнасць прадукту з белым ці зялёным колерам, і ўсялякае адступленне ад гэтай нормы ўспрымаецца як сігнал пра небяспеку ці падробку.
Падобная логіка працуе і ў касметыцы. Брэнды накшталт Nivea нездарма выкарыстоўваюць сіне-белую гаму. Гэтае спалучэнне імгненна транслюе ідэі чысціні, стэрыльнасці, даверу і сур’ёзнасці.
Падобна таму, як мы недаацэньваем уплыў адзення, мы часта ігнаруем і ролю каляровага афармлення нашых жылых прастор. Аднак наша рэакцыя на інтэр’ер мае глыбокае эвалюцыйнае паходжанне. На працягу мільёнаў гадоў чалавек прывыкаў адчуваць сябе найбольш утульна і спакойна сярод прыродных адценняў зямлі — такіх як охра ці гліна.

Гэтак жа спрыяльна на нашу псіхіку ўплывае і зялёны колер, але тут зноў вырашальную ролю адыгрываюць нюансы. Напрыклад, насычаны зялёны — гэта колер, які сустракаецца ў прыродзе паўсюль і таму дапамагае нам максімальна расслабіцца. У той жа час неонава-зялёны ўспрымаецца мозгам хутчэй як сігнал трывогі.
Кансультуючы буйныя прадпрыемствы і дзяржаўныя ўстановы — бальніцы, дамы састарэлых і тэрапеўтычныя цэнтры, — прафесар Бютэр настойліва рэкамендуе выкарыстоўваць у такіх месцах менавіта мяккія прыродныя адценні. У падобным асяроддзі людзі лепш расслабляюцца і дэманструюць больш паспяховыя вынікі ў працэсе лячэння і рэабілітацыі.
Уплыў колеру і матэрыялаў выходзіць нават за межы асобных будынкаў, фармуючы наша ўспрыманне цэлых гарадоў.
Даследчыкі заўважылі цікавую заканамернасць: у гарадах накшталт Парыжа, дзе пераважаюць прыродныя матэрыялы (напрыклад, светлы вапняк), жыхары ўсіх узростаў адчуваюць сябе ў большай бяспецы, чым, напрыклад, у Нью-Ёрку з яго хмарачосамі са шкла і металу.

Разумны выбар каляровай гамы дазваляе нам таксама эфектыўна кіраваць сваёй працаздольнасцю. Аксель Бютэр звяртае ўвагу на тыповую памылку ў офісах:
калі пакоі для адпачынку выглядаюць гэтак жа, як працоўныя кабінеты, супрацоўнікі не могуць ментальна пераключыцца і працягваюць думаць пра справы нават падчас перапынку. Гэта асабліва актуальна для тых, хто працуе дома. Каб «падмануць» мозг і навучыць яго адпачываць у тых жа чатырох сценах, дастаткова проста змяніць колер сцен у розных зонах.
«Гэта як у кіно: мы робім змену кадра і нібыта перакадоўваем успрыманне. У дымчата-блакітным пакоі я працую, а ў пясочным — кладуся на канапу і супакойваюся. Мозг імгненна разумее гэтую перамену», — тлумачыць Бютэр.
Цяпер чытаюць
Беларускія абрады, арнаменты і беларуская мова паўсюль. Як нашчадак перасяленцаў зрабіў сяло каля Байкала зноў беларускім, і чаму гэта можа хутка скончыцца
Каментары
[Зрэдагавана]