Культура66

Пазняк прэзентаваў кнігу «Віленшчына любімая і прыўкрасная». Там ёсць нават вершы па-французску

У Варшаве адбылася прэзентацыя новай кнігі кіраўніка руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка «Віленшчына любімая і прыўкрасная». Аўтар паразважаў пра значэнне рэгіёну для беларусаў, расказаў, чым пахне Радзіма, піша «Белсат»

У сувенірнай краме «Вырай» у цэнтры Варшавы сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, прысутнічалі не толькі беларусы, але і палякі. Аўдыторыя складалася з людзей абсалютна рознага ўзросту. Перад самым пачаткам у невялікім памяшканні ўжо не заставалася месцаў, а некаторым прыйшлося стаяць каля ўваходу.

У кнізе «Віленшчына любімая і прыўкрасная» сабраныя пад адной вокладкай звыш 70 вершаў на беларускай, польскай і нават французскай мовах. Творы розных паэтычных формаў прасякнуты любоўю да родных мясцінаў аўтара. Менавіта на Віленшчыне нарадзіўся і правёў юнацкія гады Зянон Пазняк. Аўтар адзначыў, што з тугою згадвае родныя Суботнікі і з жалем ставіцца да таго, што магчыма больш ніколі не зможа пабачыць родную хату, дзе нарадзіўся і вырас.

Разважаючы пра тэматыку і назву кнігі аўтар адразу даў зразумець, што Віленшчына — гэта не даніна юнацкім сантыментам. Пазняк упэўнены, што гэты край — сапраўднае сэрца Беларусі. Яго проста немагчыма адарваць ад гісторыі цэлага народу.

«Віленшчына — прыгожы, самабытны край, дзе пахне Вялікім Княствам. Віленшчына — своеасаблівы край. Здаўна людзі вакол Вільні жылі ў адчуванні, што гэта цэнтр сусвету. Вільня — гэта наша ўсё», — кажа Пазняк.

Ён згадвае, што за савецкім часам з родных Суботнікаў да Вільні існаваў аўтобусны маршрут. Аўтобус прыязджаў на станцыю, «начаваў там» і вяртаўся назад. Напаўжартам Пазняк успамінае, што ў дзяцінстве падавалася, быццам Суботнікі і Вільня — гэта дзве сталіцы.

Разважаючы пра адметнасці краю, аўтар згадаў тутэйшасць. Ён лічыць, што ў краі важная прыналежнасць менавіта да той зямлі. Менавіта так віленчукі адрознівалі «сваіх» і «чужых». На якой бы мове чалавек не размаўляў, да яго даверліва ставіліся, калі ён быў «адсюль». Нават калі нехта быў «жагуном» — так называлі на Віленшчыне літоўцаў.

Беларусь пахне бэзам

Значную частку лірыкі ў новай кнізе займае асалода ад водараў Радзімы. Пазняк адзначае, што пахі свайго краю немагчыма ні з чым пераблытаць, і калі б яго з завязанымі вачыма прывезлі дадому, то адразу б пазнаў родныя мясціны. Ён згадваў, як у студэнцкія гады мог 6 гадзін ехаць у Суботнікі з Менску. Прыадчыніўшы вакно ў аўтобусе ён адчуваў, што ўжо пад’язджае да Юрацішак. «Заплюшчу вочы і я скажу, дзе я ёсць. Гэта не патэтычны вобраз. Радзіма пахне», — сцвярджае Пазняк.

Перанёсшыся ўжо ў часы вымушанай эміграцыі, аўтар кажа, што амаль кожны год ездзіў па Віленшчыне. Ён наймаў машыну і ездзіў па ваколіцах. Пазняк згадвае, што падыхаць тымі водарамі было жыццёва неабходна.

«Для мяне Беларусь пахне бэзам, бо гэта мой улюбёны водар», — кажа Зянон Пазняк.

Каб пазнаць Бацькаўшчыну, трэба хадзіць пехатою

Зянон Пазняк падзяліўся таямніцай, што моцна палюбіць і спазнаць свой край яму дапамагла хада пешшу. Часта ён па 16 кіламетраў хадзіў па ваколіцах. 

«Каб пазнаць Беларусь нават ровара не трэба. Трэба хадзіць пешшу, і мне гэта вельмі падабаецца», — кажа Пазняк. 

Ён лічыць, што такім чынам беларуская зямля амаль увайшла ў ягоную кроў.

Шпацыр заўжды дапамагае сустрэцца і пагаманіць з людзьмі. Размова спрыяе не толькі асабістаму знаёмству, але і назіранням за мовай і ладам мыслення. Пазняк згадаў знаёмства з браслаўскім пастухом з вачыма «колеру мясцовых азёраў», які падказваў дарогу словамі: «Ну пану скажу — вы проста валіце».

Калі б наведвальнік вечарыны не ведаў, што Пазняк з’яўляецца палітычным дзеячам, то лёгка мог падумаць, што той выключна займаецца мастацтвам. Гэтак пранікнёна той чытаў уласныя творы і дзяліўся гісторыямі з жыцця. Удзельнікі прэзентацыі нават адклалі апладысменты да самага канца сустрэчы. А калі за вакном пайшоў моцны дождж, здавалася, што ён быў найлепшым акампанементам ці нават бітам гучання для паэзіі.

Пра цяжкасці эміграцыі

Падчас прэзентацыі Зянон Пазняк паразважаў пра цяжкасці эміграцыі. Вершы для яго сталіся не толькі ўспамінамі, але і своеасаблівай сустрэчай з Віленшчынай.

«Эміграцыя — гэта найперш псіхалагічна цяжка. Гэта самы страшны і цяжкі боль, бо душа баліць. Баліць, хаця і потым праходзіць», — кажа Зянон Пазняк.

Ён адзначыў, што самыя няпростыя для яго былі першыя 2‑3 гады ад’езду з Беларусі.

Пра дух Вільні і цікавыя 50-ыя

 Артыстычна чытаючы вершы пра Вільню розных гадоў, Пазняк адзначыў, што горад вельмі перамяніўся з таго часу як адбылося іх знаёмства. На думку палітыка, самы цікавы час даўняй сталіцы ВКЛ прыпаў на 50‑ыя гады ХХ ст. Ён лічыць, што для Вільні гэта быў час аптымізму і светласці. Час абуджэння пасля крывавай вайны.

Аўтар сцвярджае, што горад найперш вызначае не столькі архітэктура, колькі людзі, якія ў ім жывуць. Менавіта таму ён кажа пра адметныя 50-ыя. На віленскіх вуліцах тады было поўна людзей, якія размаўлялі на беларускіх гаворках ці польска-беларускай трасянцы.

Палітык з сумам канстатаваў, што Вільня вельмі змянілася з тых часоў. «Людзей мала, а горад параўнальна пусты. Больш не чуваць таго духу», — сумнеўна адзначае аўтар кнігі.

Пазняк кажа, што горад нібыта стаў халодным. Быццам архітэктура засталася і нават адбылася выдатная рэканструкцыя, але душа старога горада знікла.

Каментары6

  • ваван
    16.06.2026
    Виленшчына.... Зараз месца Вильни заняу Минск... Горад без ГИСТОРЫИ, горад пустыня... Горад яки канчаткова знишчыу ВКЛ як гистарычную зьяву.... Горад чорная дзира - усе жывое и нежывое сцягнута да кучы, а вакол НИЧОГА....
  • Жвір
    16.06.2026
    Што да "душы Старога горада", усё так і ёсьць. Яе штучна схавалі/прыбралі, каб не замінала мацаваць міты, крывіць гісторыю.
  • быбыбыбыбыб
    16.06.2026
    > што магчыма больш ніколі не зможа пабачыць родную хату

    а что мешает герою революционеру, отцу основателю и лидеру нации? Вот Почобут собирается возвращаться в беларусь, а что же наш непоколебий герой?

Цяпер чытаюць

Мужчына, якога пяты дзень шукаюць пад Полацкам, — вядомы мінскі доктар

Мужчына, якога пяты дзень шукаюць пад Полацкам, — вядомы мінскі доктар

Усе навіны →
Усе навіны

Mark Formelle прадэманстраваў будучыя калекцыі і зноў трапіў у скандал2

Нацыянальная бібліятэка прадставіла новы мерч з Купалам і Коласам4

Перапынкі «для гідратацыі» на чэмпіянаце свету раздражняюць не толькі вас5

Беларусы ў Threads дапамагалі «Сяргею» з пераломам нагі. Але аказалася, што гэта ашуканец2

У Еўропе прынялі пазачарговы пакет санкцый супраць Расіі1

Нямецкі генерал расказаў, куды НАТА будзе найперш біць па Расіі ў выпадку канфлікту10

Расійскі стратэгічны бамбардзіроўшчык коштам 200 мільёнаў даляраў разбіўся ў Іркуцкай вобласці10

Праект хуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск падымаецца ў прыярытэтах4

Кіеў атакавалі расійскія «Бандэролі». Што гэта за дрон-ракета і ці стануць атакі масавымі?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мужчына, якога пяты дзень шукаюць пад Полацкам, — вядомы мінскі доктар

Мужчына, якога пяты дзень шукаюць пад Полацкам, — вядомы мінскі доктар

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць