Беларусы ў Threads дапамагалі «Сяргею» з пераломам нагі. Але аказалася, што гэта ашуканец
Жыхар вёскі Уна Лёзненскага раёна пасля пералому нагі нібыта застаўся без сродкаў да існавання і папрасіў дапамогі ў Threads. Але гэта гісторыя была выдуманай, паведаміла старшыня Лёзненскага сельсавета Святлана Пукава. Журналістка «Еўрарадыё» патэлефанавала чыноўніцы, назваўшыся беларускай, якая хацела дапамагчы.

Пачалося ўсё з таго, што карыстальнік Threads пад нікам @sergo.sergo1 апублікаваў пост, у якім сцвярджаў, што жыве ў вёсцы Уна, працуе ў мясцовай краме і пасля пералому нагі апынуўся ў цяжкім фінансавым становішчы. Ён расказваў, што з цяжкасцю можа пракарміць дзяцей, а таксама прасіў дапамагчы з пошукам падпрацоўкі.
Гісторыя выклікала вялікі водгук сярод карыстальнікаў сацсеткі. Неўзабаве «Сяргей» напісаў, што да яго дадому прыязджалі незнаёмыя людзі з прадуктамі, салодкім, цацкамі і школьнымі прыладамі для дзяцей.
Праз нейкі час ён падзяліўся нумарам сваёй карткі. Некаторыя карыстальнікі Threads пераводзілі яму грошы, а іншыя былі ў захапленні ад таго, як беларусы гатовыя падтрымліваць адно аднаго.
Аднак пазней у часткі аўдыторыі ўзніклі сумневы ў праўдзівасці гэтай гісторыі, у тым ліку адносна таго, што нехта сапраўды наведваў «Сяргея». Паводле слоў адной з карыстальніц сацсеткі, яе каментарый з удакладняльнымі пытаннямі быў схаваны, а неўзабаве пасля гэтага старонка мужчыны ўвогуле знікла з сацыяльнай сеткі.
Святлана Пукава, старшыня Лёзненскага сельсавета, да якога адносіцца вёска Уна, у размове з журналісткай «Еўрарадыё» адназначна сцвярджае, што гэта гісторыя — махлярская містыфікацыя.
— У нас ва Уне такіх людзей няма, — кажа суразмоўца. — Па адрасе, які пазначыў гэты «Сяргей», жывуць зусім іншыя людзі — паджылыя дачнікі, але яны жывуць у нас пастаянна. Я ім патэлефанавала. Яны самі ў шоку.
Я кажу: «Можа, гэта нейкі ваш сваяк?» Адказалі: «Не, нават блізка не».
Ды і сама я вёску добра ведаю. Няма там такіх людзей, і дзяцей там, ва Уне, таксама няма.
— Што будзеце рабіць? На гэтую гісторыю ў сацсетках ужо адрэагавала шмат людзей, нехта перавёў грошы.
— Мы паведамілі ў райвыканкам. У аддзеле ідэалогіі будуць рыхтаваць нейкі каментар.
У Лёзненскім райвыканкаме пацвердзілі, што «Сяргей» — ашуканец, і паабяцалі разабрацца з гэтай гісторыяй.
«Кітаянка» абяцала навучыць жыхара Добруша добра зарабляць. Але зарабіла толькі сама
Мінскі юнак прадаваў віртуальны нож і рэальна страціў больш за 450 даляраў
Сваякі махляроў запісалі зварот да Лукашэнкі. Кажуць, што тыя — звычайныя бізнэсмены, проста скуплялі тэхніку за капейкі
Беларусцы закарцела папрацаваць за мяжой, але шлях яна абрала няўдалы
Каментары