Грамадства1010

Беларуска зрабіла гарод у варшаўскай кватэры

На балконе варшаўскай кватэры Ірына стварае свой маленькі зялёны куток. Прызнаецца: досвед агародніцтва набыла адносна нядаўна.

Фота Most

Пяць гадоў таму яны з мужам купілі лецішча ў беларускай вёсцы, але першага ўраджаю бульбы не дачакаліся: сям’і прыйшлося тэрмінова з’ехаць. Беларуска распавяла Most пра свае «рэфлексы агародніка» і пра тое, што можа саспець у такіх абмежаваных умовах.

«Прыстройвалі расліны, як тых дваровых шчанюкоў»

Ірына згадвае, як на сваім лецішчы ў Беларусі яны з мужам да вымушанага пераезду зрабілі дзве насыпныя градкі — скалацілі агароджу з дошак і напоўнілі зямлёю.

— Жартавалі, што атрымалася пясочніца, толькі для тых, каму за 40. Зяленіва і памідораў у той пясочніцы паспелі нарасціць. Але першага ўраджаю бульбы так і не дачакаліся — яго ўжо збіралі нашыя знаёмыя, — расказвае беларуска.

У гарадской кватэры заставаліся поўныя падаконнікі дэкаратыўных раслін. Сужэнцам вельмі шкада было б, каб яны загінулі, таму рассоўвалі іх па знаёмых — «прыстройвалі, як тых дваровых шчанюкоў».

«Рэфлекс агародніка прывезлі з сабою»

Пасля вымушанага ад’езду сям’я пасялілася ў Грузіі, а затым перабралася ў Польшчу.

— Агароды пакінулі ў Беларусі, а набыты рэфлекс агародніка, як высветлілася, прывезлі з сабою. Я б, напэўна, і тут кактусы вырошчвала, як некалі раней, але муж не падзяляе маю любоў да калючак. А вось да зяленіва — падзяляе.

Да ідэі стварыць агарод на балконе сужэнцы прыйшлі выпадкова: неяк зайшлі купіць жмут кінзы для лобіа — выйшла 8 злотых. Пасля Грузіі, дзе зяленіва круглы год каштуе капейкі, падалося дарагавата. Тады і прыйшла думка паспрабаваць вырасціць яе самастойна. Ірына падлічвае, што пакецік насення каштуе ад двух да чатырох злотых — і праз пяць-шэсць тыдняў свежае зяленіва пад рукой.

— Толькі падсявай раз на пару тыдняў, каб змена расла.

Вядзерцы — з-пад ежы, зямля — з бліжэйшага пустыра

Ірына прынцыпова не купляе ніякіх дадатковых прылад — ні лямп, ні гідрапонікі.

— З нашай абмежаванай прасторай і паўкачавым ладам жыцця заракліся купляць лішняе. Вокны на сонечным баку — святла дастаткова, патрабуецца толькі паліў. З ёмістасцяў — два пластыкавыя кантэйнеры былі ў кватэры, тры гліняныя вазоны знайшла на вуліцы — суседзі выставілі як непатрэбныя. Потым у ход пайшлі і пластыкавыя вядзерцы з-пад ежы.

Зямлю Ірына часткова купляе ў краме, часткова — бярэ на бліжэйшай пустцы. Спачатку яна лічыла: што вырасце — то вырасце. Але нечакана вырасла шмат чаго.

— Акрамя кінзы, кроп, базілік, пятрушка, хоць чамусьці яна расце неахвотней за ўсё астатняе, — пералічвае Ірына. — Добра расла рукала, але яна тут і ў крамах смачная і танная — прасцей купіць. Замест яе ў гэтым годзе пасеялі любісту — цікавая, духмяная, непатрабавальная расліна, толькі-толькі парасткі палезлі. А вось гэты куст базіліка з мінулай восені расце, — Ірына кранаецца расліны, і базілікавы пах расплываецца навокал. — Амаль абскублі яго ўжо: усю зіму і вясну дадавалі ў пасту. Чакаем цяпер новага ўраджаю.

«Увесь час рукі свярбелі б перакапаць які кут пад памідоры»

Жанчына ўспамінае, як была ў гасцях у знаёмых, якія здымаюць дом пад Варшавай. Яе здзівіла, што ніхто з суседзяў нічога не садзіць.

— Проста зялёныя газоны, садовыя крэслы ды грыль. Максімум — кампактны разарый. Прыгожа, стылёва, але ў мяне б увесь час рукі свярбелі перакапаць які кут пад памідоры. Мабыць, нешта такое ў генах засеяна.

Ірына падкрэслівае, што асноўны матыў агародніцтва не ў тым, каб вырасціць тое, чаго ў Польшчы нельга купіць. Яе цікавіць сам працэс: назіраць, як расліна прабіваецца, усходзіць, расце, мацнее.

— Ёсць у гэтым нешта медытатыўнае, жыццесцвярджальнае і суцяшальнае. Ну і смак усё ж вельмі адрозніваецца. Той жа бутэрброд з селядцом і цыбуляй — і зверху галінка свайго пахучага кропу… У гэты момант разумееш, што ўсе высілкі таго вартыя.

«Цыбуля з крамы пахне падвалам»

Днямі Ірына пасадзіла цыбулю.

— Убачыла ў трамваі дзядка, які ехаў з дачы з ахапкам даўжэзнай зялёнай цыбулі — пазайздросціла. Бо тая, што з крамы, чамусьці пахне падвалам. Чыста для душы хацелася б яшчэ пасеяць маціёлы — яны неверагодна пахнуць раніцай і ўвечары. Насенне ўжо купіла. Эх, шкада, што балкон не гумовы.

Пра паўнавартасны агарод у Польшчы суразмоўца пакуль можа толькі марыць, а пра беларускі — не задумваецца.

— Не ведаю, ці пабачым мы калі-небудзь тую сваю беларускую дачу. Перастала наогул думаць пра гэта, проста выкінула з галавы. Трэба жыць сёння, радавацца чамусьці тут і цяпер, — Ірына ўсміхаецца, ківаючы на свой агародчык.

Каментары10

  • яще б парася...
    15.06.2026
    ...да кароуку
  • бабруйчанін
    15.06.2026
    Жвір
    Ты гэта Бэкхаму разпавядзі які вырошчвае гародніну на сваім газоне ))
    Ці дзля " жвіроў" Бэкхам гэта забабоны зоркі а вось у кватэры гэта сялянства)))
  • аматарка кветак
    15.06.2026
    Жвір , чаму вас так турбуюць захапленні іншых людхзей? але смейцеся, лепш смяяцца, чым плакаць,)))

Цяпер чытаюць

На «Беларуськаліі» загінуў 34‑гадовы Аляксей. Трагедыю замаўчалі1

На «Беларуськаліі» загінуў 34‑гадовы Аляксей. Трагедыю замаўчалі

Усе навіны →
Усе навіны

«Мыцца немагчыма, піць страшна». У Пінску людзі месяцамі скардзяцца на ваду3

Амерыканская актрыса з фільма жахаў «Званок» памерла ва ўзросце 35 гадоў1

Сем самых прыгожых аэрапортаў свету2

Праўнук Леаніда Брэжнева трапіў у палон ва Украіне10

Памёр трэнер французскага «Брэста» Эрык Руа. Ён 3,5 года таемна змагаўся з ракам

Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод гарыць прынамсі ў пяці месцах пасля ўдараў украінскіх беспілотнікаў11

Аўтобус з беларускімі дзецьмі, што трапіў пад удар у Бранскай вобласці, вярнуўся на радзіму13

ЗША і Іран падпісалі папярэдняе пагадненне аб міры3

Навукоўцы хочуць замарозіць Арктыку, якая растае5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На «Беларуськаліі» загінуў 34‑гадовы Аляксей. Трагедыю замаўчалі1

На «Беларуськаліі» загінуў 34‑гадовы Аляксей. Трагедыю замаўчалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць