У мінулыя гады выехаць з Беларусі ў летні перыяд было няпроста. А што цяпер робіцца на памежных пунктах?

Польшча
Мінулым летам на мяжы з Польшчай працавалі ўсяго два пункты пропуску: «Брэст» для пасажырскага руху і «Казловічы» для грузавога.
Летась на «Брэсце» ўжо пачынаючы з 5 чэрвеня было сапраўднае пекла. У чарзе на выезд стабільна было ад 1300 да 2000 легкавых аўто.

На велізарнай чарзе добра зараблялі людзі, якія маюць права на пазачарговы праезд, — за свае паслугі яны бралі ад 100 да 200 даляраў ці еўра ў залежнасці ад чаргі.
Не менш напружанай была сітуацыя з аўтобусамі, якіх было каля 40—50 штук у чарзе на выезд.
Як цяпер?
Гэтым летам сітуацыя ў «Брэсце» выглядае куды менш напружанай. Цягам 16 чэрвеня было ад 200 да 400 легкавікоў, што ў некалькі разоў менш, чым летась. Тым больш ужо каля 10‑й раніцы 17 чэрвеня чарга з легкавых разышлася.
З аўтобусамі сітуацыя падобная. Калі год таму іх было каля 40—50, то цяпер — 25—40, а 17 чэрвеня ўсяго каля 10.
Што па часе?
У ноч на 16 чэрвеня аўтобус перасякаў беларуска-польскую мяжу ў ПП «Брэст» амаль дзевяць гадзін. У ноч на 17‑е праход мяжы на аўтобусе займаў каля сямі гадзін.
Аўтобус, які а 20‑й выехаў з Мінска, перасёк мяжу а 12‑й гадзіне наступнага дня.

У той жа час аўтобус, які выехаў з Мінска а 17-й, але ехаў праз «Бераставіцу», перасек мяжу праз восем гадзін пасля прыбыцця.
Пазней падарожнікі, якія ехалі праз «Бераставіцу» з Гродна ў Варшаву, адсправаздачыліся, што ўначы праходзілі мяжу аўтобусам цягам пяці гадзін.
У ноч на 17 чэрвеня і пазней пішуць, што праход мяжы займае каля сямі гадзін.
Што да чаргі з аўтобусаў, то ў адрозненне ад «Брэста» на «Бераставіцы» яе амаль ніколі не бывае, таму многія мінчукі намагаюцца набываць білеты на маршруты менавіта праз «Бераставіцу».
У «Брузгах» рух адкрыты толькі для легкавых аўто, таму аўтобусы праз іх, як і грузавікі, пакуль не праязджаюць.
Чэргі з легкавых аўто ў «Брузгах» і «Бераставіцы» гэтым летам часам назіраюцца.

Напрыклад, у першай палове дня 17 чэрвеня ў «Брузгах» каля двух-трох дзясяткаў легкавікоў чакалі ў чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу.
Літва
Людзі, якія 17 чэрвеня перасякалі мяжу аўтобусамі праз «Каменны Лог», справаздачацца, што ўсё было даволі хутка. Начны рэйс дабраўся з Мінска ў Вільню за пяць з паловай гадзін, а ранішні — за пяць, нават з улікам дадатковай праверкі аўтобуса на літоўскім баку.
Але і гэта не самы хуткі кейс. Аўтобус, які выехаў з Мінска 16 чэрвеня а 19:30, прывёз пасажыраў у Вільню праз 4 гадзіны 35 хвілін. Атрымліваецца, што апошнімі днямі з Мінска ў Вільню дабіраюцца за 4,5—6,5 гадзіны.
Няма чэргаў з аўтобусаў і на «Беняконях». Аўтобус, які выехаў з Гродна ўначы а 2:50, у Вільні быў ужо а 8:20 раніцы. Сам праход мяжы з абодвух бакоў заняў 2 гадзіны 10 хвілін.

Начны аўтобус з Мінска, які таксама ехаў праз «Беняконі», прайшоў мяжу за дзве гадзіны. Шлях з Мінска ў Вільню такім чынам заняў без малога шэсць гадзін.
Уначы 16 чэрвеня адзін з аўтобусаў перасёк абедзве мяжы ўсяго за 1 гадзіну 45 хвілін.
Што да легкавікоў, то ў «Каменным Логу» чарга ў 80—120 машын не такая ўжо і рэдкасць, а вось у «Беняконях» часцей за ўсё чаргі няма або яна складаецца з некалькі дзясяткаў аўто.
Латвія
На мяжы з Латвіяй у адзіным дзейным пункце «Грыгароўшчына» чэргаў няма, прычым з любым відам транспарту. Апроч таго, што сама Латвія традыцыйна карысталася найменшым попытам у беларусаў, гэтая краіна ўвяла шматлікія абмежаванні, якіх няма ні ў Польшчы, ні ў Літве, таму рух там мінімальны.
Каментары