Прапагандыст Мукавозчык заклікаў «не ныць» тых, хто не можа купіць кватэру ў Мінску. А што з жыллём у яго самога?
Андрэй Мукавозчык — адзін з самых адыёзных праўладных прапагандыстаў, які заклікаў да публічных пакаранняў смерцю беларусаў за злівы відэа з расійскай тэхнікай, выяўляў «затоеных» нязгодных на квізах і высмейваў маладых людзей, якія скардзіліся на цяжкасці з купляй кватэры. Выданне «Люстэрка» даведалася і расказвае, якая нерухомасць ёсць у самога Мукавозчыка.

Эпоха КВЗ і першае жыллё
У 1990‑я і 2000‑я гады беларусы ведалі Андрэя Мукавозчыка па беларускім клубе КВЗ — ён узначальваў аб'яднанне і вёў гульні. Праўда, праект называлі стратным.
Як высветліла «Люстэрка», першая кватэра ва ўласнасці Мукавозчыка з'явілася ў 2000 годзе. Афіцыйна гэта быў падарунак — аднапакаёўка плошчай 39,6 квадратнага метра на вуліцы Кульман у Мінску, непадалёк ад Камароўскага рынку. Вядучы застаецца яе ўласнікам дагэтуль.

У 2008‑м Мукавозчык аказаўся ў цэнтры канфлікту са структурамі Аляксандра Маслякова, у выніку беларускі праект адкалоўся ад міжнароднага руху КВЗ з цэнтрам у Маскве. Пасля судоў і публічнага высвятлення адносін беларускія каманды калектыўна выступілі супраць Мукавозчыка і працягнулі гуляць у сістэме Маслякова. А гумарыстычныя ініцыятывы Мукавозчыка з часам сышлі на нішто.
Тэлебачанне і не самы патрэбны дом
Сам вядучы працягваў кар'еру на тэлебачанні. Некаторы час ён вёў на канале «Беларусь 3» перадачу «Культпрасвет», прысвечаную нацыянальнаму кіно. Таксама яго запісвалі як начальніка аддзела і «дырэктара дырэкцыі» Белтэлерадыёкампаніі.
У 2015 годзе Мукавозчык займеў невялікі ўчастак і драўляны дом у вёсцы Вірлавічы Стаўбцоўскага раёна, вынікае з інфармацыі крыніцы «Люстэрка». Аднак прадаў іх праз некалькі гадоў.
«Дом — ён службы патрабуе. Неабавязкова ў сэнсе «дзяржаўнай» — у сваім доме заўсёды ёсць што рабіць. Заўсёды. Летам і зімой, у маладосці і ў старасці, хочаш ты ці не, але — будзь добры працаваць. Дом запускаць нельга: гэта і бачна адразу. І якасць жыцця цярпіць неадкладна», — тлумачыў ён пазней у адной з публікацый.
Праца ў «СБ» і новая кватэра
У 2016 годзе Мукавозчык уладкаваўся ў дзяржгазету «СБ. Беларусь сегодня». На яе старонках ён спачатку разважаў пра кіно, але паступова перайшоў да палітычных тэм. У яго выкананні на апанентаў рэжыму шчодра паліліся хлусня і абразы. Быў нават суд, які давёў, што калумніст напісаў няпраўду, аднак тады яго вырашылі не караць.

Пасля трох гадоў працы ў «СБ» — у 2019 годзе — прапагандыст завёў другую кватэру ў Мінску. І зноў побач з Камароўкай — гэтым разам на вуліцы Куйбышава. Яна была ўжо больш прасторнай: тры пакоі і 64,9 квадратнага метра.
Іпатэка на 20 гадоў
Пасля 2020 года прапагандысцкая кар'ера Мукавозчыка пайшла ўгару: ён ўзбагаціў лексіку дзяржгазеты зваротамі накшталт «убогія», «пяцюні-петушкі», «зграя інтэлектуальных бамжоў» і «звар'яцелыя пацукі», атрымаў дзве прэміі «Залатое пяро», пачаў весці «аўтарскую рубрыку» на СТБ і супрацоўнічаць з ВНУ.
У 2023‑м фельетаніст палепшыў жыллёвыя ўмовы: прадаў сваю трохпакаёўку і неўзабаве купіў чатырохпакаёўку. Далёка ехаць не прыйшлося, новая кватэра таксама знаходзіцца побач з Камароўкай — у адным з дамоў-«кукуруз» на вуліцы Веры Харужай. Яе плошча — 98,4 квадратнага метра.

Мінскія «кукурузы» вядомыя не толькі арыгінальным знешнім выглядам. Шматпавярхоўкі сталі першымі ў Беларусі маналітна-каркаснымі дамамі. У 1990‑я гады кватэры ў іх лічылі элітнымі, адзін з жыхароў успамінаў, як мяшкамі насіў мільярды старых рублёў у офіс забудоўшчыка. Кватэры дагэтуль нельга назваць таннымі: мяркуючы па апублікаваных аб'явах, за чатыры пакоі там у 2024 годзе прасілі 544 тысячы рублёў (169 тысяч даляраў), а ў 2026‑м — 687 тысяч рублёў (226 тысяч даляраў).
Як даведалася «Люстэрка», Андрэй Мукавозчык аформіў сваю новую кватэру ў іпатэку, «Беларусбанк» пазычыў яму 210 тысяч рублёў на 20 гадоў. Разлічыцца з банкам супрацоўніку дзяржгазеты трэба будзе да 2043 года (да таго моманту яму споўніцца 80).
Якія ўмовы крэдыту прапанавалі праўладнаму калумністу і вядучаму — невядома. Актуальныя прапановы банка дазваляюць узяць такую суму на жыллё, штомесячныя плацяжы складуць ад 2000 да 3445 рублёў.
«Нідзе ў свеце ўласнае жытло не дастаецца людзям лёгка і задарма»
Цікава, што ў адной з нядаўніх калонак Мукавозчык высмейваў маладых людзей, якія праз тыкток абмяркоўвалі цяжкасці з купляй кватэры.
«Хачу нагадаць, што нідзе ў свеце ўласнае жытло не дастаецца людзям лёгка і задарма. Усюды даводзіцца ўлазіць у непад'ёмныя крэдыты, потым банкрутаваць і траціць (разам з жыллём) яшчэ і грошы. Ну або закрываць крэдыты да старасці, а то і перадаваць дзецям з унукамі», — пісаў ён.

У гэтай публікацыі ён даў маладым людзям цэлы пачак парад: напрыклад, «не ныць», «жыць радасна», не імкнуцца ў Мінск, рупліва працаваць. А яшчэ — спытаць у бацькоў, дзе кватэры і дачы, якія ў савецкі час можна было атрымаць «ад завода».
«І вось што варта запомніць усім маладым. Менавіта зараз у гісторыі Беларусі настаў унікальны час, калі продкі могуць перадаць нашчадкам (і перадаюць жа!) назапашанае імі за ўсё жыццё. Грошы, кватэры, дачы — а яшчэ заводы, дарогі, сеткі… Асабістую маёмасць з нерухомасцю, якіх нямала, — і цудоўную, моцна стаячую на нагах, суверэнную краіну», — піша супрацоўнік дзяржаўнай газеты.
Мукавозчык нафантазіраваў свой дыялог па тэлефоне з Калеснікавай. Ніякай размовы, натуральна, не было
Прапагандыст Мукавозчык апісаў, як праходзіць пасяджэнне камісіі па вяртанні. Калі ў вас былі ілюзіі, то пакіньце іх
«Павінна стаяць калі і не ў першых, дык у шэрагах». Мукавозчык заклікаў творчую інтэлігенцыю публічна падтрымліваць рэпрэсіі
«Толькі не маўчыце!» — крык Мукавозчыка ў пустыні. Бо мастака і літаратара мусіць нешта чапляць
Каментары