Тэатр

У міжнародным конкурсе драматургаў перамог беларус Максім Дасько

У тэатры Young Vic у Лёндане адбылося ўрачыстае закрыцьцё арганізаванага Беларускім Свабодным тэатрам міжнароднага конкурсу сучаснай драматургіі.

Падчас цырымоніі, якая адбылася ўвечары 3 сакавіка, брытанскія акторы чыталі творы пераможцаў, пасьля чаго прайшла цырымонія ўзнагароджаньня.

Заканчэньне конкурсу, які сёлета быў сёмым па ліку, упершыню адбылося ў Лёндане — падобныя цырымоніі шасьці папярэдніх праходзілі ў падпольных умовах у Менску. Тэатр Young Vic, які, паводле словаў кіраўнікоў Свабоднага тэатру Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды, стаўся іх «другім домам» сёлета ўпершыню быў галоўным арганізацыйным партнэрам конкурсу.

У конкурсе ўзялі ўдзел 523 п’есы, дасланыя з 113 гарадоў 12 краінаў, якія спаборнічалі ў трох намінацыях.

У намінацыі «П’есы» перамагла расейская ўдзельніца конкурсу Марына Крапівіна з творам «Сыгналы прымірэньня» — драматычныя карцінкі з сучаснага расейскага жыцьця, сямейны канфлікт вакол нерухомасьці.

У намінацыі «Інтэрпрэтацыя клясычнага твору» перамог украінскі аўтар Алег Міхайлаў з п’есай «Medved». Сюжэт свайго твору драматург знайшоў у адной фразе, вычытанай у дзёньніках кампазытара Чайкоўскага, на падставе гэтай фразы ён выбудаваў рэканструкцыю падзеяў і стварыў фарс-вадэвіль, які ўяўляе сабою рэмікс «Жаніцьбы» Гогаля і «Мядзьведзя» Чэхава.

Пераможцам у намінацыі «П’еса малой формы або экспэрымэнтальны тэкст для тэатру» стаў беларус Максім Дасько з тэкстамі «Радыё Культура», «І спачуваньне ёй адкрыла ўмомант» і «Тытан» — карцінкамі з сучаснага менскага жыцьця.

Творы пераможцаў у тэатры Young Vic чыталі брытанскія акторы, якія ўжо даўно супрацоўнічаюць з Свабодным тэатрам — Сэм Ўэст, Аджоа Анду, Філіп Спэл, Мікі Кеямо, Дэміен Кел і Эмілі Хоўтан. Адначасна чытаньні твораў пераможцаў адбываліся ў Менску, які падчас цырымоніі выйшаў на скайп-сувязь зь Лёнданам. Чытаньні ў Маскве не адбыліся, бо там, паводле іранічнага камэнтара кіраўнікоў БСТ, «усе пайшлі на фронт».

Чытаньні твораў у Менску і Лёндане падрыхтаваў рэжысэр Свабоднага тэатру Ўладзімір Шчэрбань.

Фіналам імпрэзы стала ўручэньне Гран-пры конкурсу пераможцу сярод усіх катэгорыяў.

Журы конкурсу, якое складаецца з аўтарытэтных рэжысэраў, драматургаў і тэатральных крытыкаў, аддало перавагу Максіму Дасько.

Ва ўручэньні прызоў конкурсу ўзялі ўдзел драматург Лора Ўэйд і мастацкі дырэктар тэатру Young Vic Дэйвід Лэн.

Музычную атмасфэру падзеі ў тэатры Young Vic ствараў малады беларускі кампазытар Ігнат Сокал. Ігнат вучыцца кампазыцыі ў Музычнай акадэміі імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве. Ён удзельнічае і ў новым тэатральным праекце Свабоднага тэатру — спэктаклі Red Forest, прэм’ера якога мае адбыцца ў чэрвені ў Лёндане.

Сёлета ўпершыню творы пераможцаў конкурсу ў арыгінале і ў ангельскім перакладзе выйшлі асобнай кнігай у лёнданскім выдавецтве Oberon Books, тыраж якой быў выдрукаваны ў дзень цырымоніі.

Пасьля ўрачыстай падзеі сваімі ўражаньнямі ад конкурса падзяліліся яго арганізатары.

Мікалай Халезін: «Сёлетні конкурс аказаўся ня толькі самым прадстаўнічым, але й самым напружаным у творчым пляне. На ім, бадай што, была прадстаўленая самая высокая шчыльнасьць драматургіі вельмі высокай якасьці. І я вельмі рады, што яго вынікам, сярод іншага, стала тое, што Беларусь набыла надзвычайнага драматурга — Максіма Дасько. Гэта, мабыць, самае яскравае зьяўленьне таленавітага тэатральнага аўтара за апошні дзясятак гадоў. Адразу пасьля сканчэньня прэзэнтацыі п’есаў-пераможцаў да мяне падышла агент Ларса фон Трыера, і яе першымі словамі была ацэнка працы Максіма: «Гэта неверагодна таленавіты аўтар». З гэтым я магу павіншаваць Беларусь, а ўсю постсавецкую прастору — як мінімум з двума дзясяткамі п’есаў самай высокай якасьці, якія чакаюць свайго ўвасабленьня на сцэне».

Натальля Каляда: «Пасьля двухгадовай паўзы мы вярнуліся да правядзення драматургічнага конкурсу. І калі ў мінулыя шэсць гадоў правядзення ён уваходзіў у тройку лідэраў, то сёлетні год высунуў конкурс «Свабодны тэатр» на пазыіцыю лідэра ва Ўсходняй Эўропе практычна па ўсіх пазыцыях: паводле прадстаўніцтва краін у складзе журы, колькасці дасланых п’ес і краін-удзельніц. Партнэрства зь лёнданскім тэатрам Young Vic і выдавецтвам Oberon Books адкрыла новыя магчымасьці, якімі мы скарысталіся: гэта і адначасовае правядзенне цырымоніі закрыцьця, і прэзэнтацыі п’ес у Лёндане і Менску. Проста з друкарні ў залу правядзеньня цырымоніі былі дастаўлены асобнікі зборніка п’ес-пераможцаў. Гэта яшчэ адзін стымул для аўтараў — атрымаць па выніку конкурсу літаратурны пераклад сваёй п’есы на ангельскую мову».

***
Ляўрэат Гран-пры конкурсу Максім Дасько паводле адукацыі - радыёінжэнэр, жыве і працуе ў Менску. З 2003 году займаецца арт-фатаграфіяй, канцэптуальным мастацтвам. Удзел у конкурсе «Свабоднага тэатру» - першая спроба Максіма ў драматургіі. Пераможца адказаў на некалькі нашых пытаньняў.

РС: Як вы, тэхнар, наагул прыйшлі ў мастацтва?

Дасько: У нейкі момант у мяне зьявілася цікавасьць да мастацтва, у тым ліку сучаснага, канцэптуальнага. Спачатку я быў проста спажыўцом, а пасьля зьявілася жаданьне нешта зрабіць, неяк сябе выявіць. Так пачаўся пошук найбольш прыдатнага сродку творчага самавыяўленьня. Першым такім сродкам стала фатаграфія - яна была мне найбліжэйшая, я адчуў у ёй магчымасьць зафіксаваць візуальнае ўражаньне, спыніць час, імгненьне. Пасьля да «проста» фатаграфіі ў маіх праектах пачалі дадавацца розныя мультымэдыйныя сродкі. Так я наблізіўся да канцэптуальнага мастацтва, і зьявіліся некалькі праектаў.

РС: А якой была дарога ад фатаграфіі да драматургіі?

Дасько:З часам я адчуў, што фатаграфія ня можа выказаць усё, што мне б хацелася. Назіраючы за чалавекам, я не магу раскрыць ягоны ўнутраны сьвет толькі сродкамі фатаграфіі. І я зразумеў, што больш прыдатным сродкам для гэтага можа быць тэкст, драма. Мае тэксты ўключаюць мультымэдыйныя элемэнты - гук, музыку, фатаграфію. Яны неразрыўна зьвязаныя з творам, так што гэта ня «чыста» тэкст.

РС: Што даў вам ўдзел і перамога ў конкурсе?

Дасько: Калі сказаць шчыра, я сумняваўся ў драматычнай вартасьці гэтых тэкстаў - ці могуць яны лічыцца п'есамі. Конкурс паказаў, што могуць. І гэта дадало мне ўпэўненасьці ў тым, што я раблю, і гэта вельмі важна. Да таго ж, конкурс пашырыў маю аўдыторыю, што яшчэ важней.

РС: Драматургія - мастацтва вэрбальнае, моцна завязанае на мове. Вы беларус, але пішаце па-расейску. Як вы самі да гэтага ставіцеся?

Дасько: Я выкарыстоўваю расейскую мову, бо тая рэальнасьць, якую я канстатую, існуе па-расейску, я апісваю гэтую рэальнасьць яе ўласнай мовай. Але я разумею, што для беларускага творцы пісаць на іншай мове ненармальна. Як толькі я адчую, што пра Беларусь я магу гаварыць па-беларуску - для мяне гэта ня створыць ніякай цяжкасьці.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы

Усе навіны →
Усе навіны

«Азаронак не хоча, каб яму далі большую зарплату і самому піць латэ на тэрасе. Ён хоча, каб ніхто не піў латэ»8

«Ахранець проста. Купляйце беларускае». Пакупніца абурылася напаўгнілымі кабачкамі ў краме5

Зорку «Мсціўцаў» прыдушыў шасцітонны снегаачышчальнік. Акцёр падзяліўся, як аднаўляўся пасля комы2

Начны авіяўдар Расіі па Украіне быў найбуйнейшым з пачатку вайны

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах5

Фэйсфітнэс і ніткі для падцяжкі твару не працуюць — пластычны хірург тлумачыць чаму

У аэрапорце Вільні пабудуюць новы тэрмінал ФОТЫ5

Украінскі вайсковец, якому на жываце выразалі словы «Слава Расіі», расказаў пра перажытыя пакуты11

Што будзе з Ціханоўскім, калі эйфарыя спадзе?59

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць