Стаў героем Магілёўскага ўнівера, збіраў фальклор, працаваў на беларусізацыю садкоў — расказваем пра Яўгена Бойку, асуджанага за салідарнасць з палітвязнямі
Малады бацька, бізнэсовец, збіральнік фальклору — 37-гадовы магілёвец Яўген Бойка называў сябе «гарэзай». Яго энергіі сапраўды хапала на шмат рэчаў — ад правядзення беларускамоўнай кампаніі ў садках да адкрыцця вясковай крамы. Усё гэта было абрублена затрыманнем у верасні 2024-га і прысудам — Яўгена асудзілі на пяць гадоў узмоцненага рэжыму па справе дапамозе палітвязням. За салідарнасць з тымі, хто ўжо быў пакараны рэжымам Лукашэнкі.

«Дзе б што ні здаралася ў Магілёве — там абавязкова быў Яўген»
Яўген нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і кіроўцы і інспектаркі пашпартна-візавай службы. Вялікі ўплыў на яго фармаванне, як ён сам прызнаваўся, аказалі кнігі Уладзіміра Караткевіча і вясковае, палескае жыццё ў бабулі з дзядулем — непадалёк ад Маларыты, што на Берасцейшчыне. Там ён падчас летніх вакацый з галавой акунаўся не толькі ў працу кшталту кашэння травы ці арання зямлі, але і заслухоўваўся дзядулевымі гісторыямі пра мінулае, у якіх перапляталіся гістарычныя падзеі і міфалагічныя вобразы.
Яўген вучыўся на выкладчыка гісторыі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце. Пры першай жа магчымасці ён адправіўся ва ўніверскую этнаграфічную экспедыцыю ў Бялыніцкі раён. І пасля ўжо прападаў у такіх вандроўках з сябрамі па ўласнай ініцыятыве. Супрацоўнічаў са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам і Архівам вуснай гісторыі.

Падчас экспедыцый Яўген запісаў больш за 100 чалавек з Бялыніцкага, Калінкавіцкага, Клічаўскага, Сенненскага, Дзятлаўскага, Маларыцкага, Слаўгарадскага, Брагінскага, Горацкага, Клімавіцкага ды іншых раёнаў. Найперш у зону інтарэсаў траплялі рэпрэсаваныя пры стварэнні калгасаў сяляне, ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС і праведнікі народаў міру.
Рэгіянальныя журналісты згадваюць, што Магілёў у першым дзесяцігоддзі нулявых быў яркім на новыя імёны моладзевых актывістаў.
Так, з Магілёва паходзіць Мікола Ільін, колішні актывіст арганізацый «Малады фронт» і «Зубр». Ён вывучыўся на медыка і паехаў на Данбас, каб дапамагаць украінцам — але загінуў падчас абстрэлу прарасійскімі сепаратыстамі, калі з калегамі спрабаваў эвакуяваць цела байца, што падарваўся на міне.
Яўген таксама быў адной з новых зорак на небасхіле свежых імён актывістаў.
«Ён прыцягваў увагу сваёй шматстаночнасцю. У нейкі момант было так: дзе б што ні здаралася ў Магілёве — там абавязкова быў Яўген», — расказваюць мясцовыя.
«Я часта перасякаўся з ім у Музеі гісторыі Магілёва, на імпрэзах, адкрыцці выстаў. Ён заўсёды размаўляў пры гэтым па-беларуску», — згадвае былы дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
Хлопец пэўны час распаўсюджваў самвыдаты з малым накладам — напрыклад, альтэрнатыўную афіцыйным крыніцам газету «Наш Магілёў». Пры раздачы спецвыпуску, прысвечанага прадпрымальнікам, яго ў 2008 годзе затрымала міліцыя — тады ўсё абышлося пратаколам і канфіскацыяй 60 асобнікаў выдання, пасля чаго маладога чалавека адпусцілі.
Яўген быў актывістам Таварыства беларускай мовы, а таксама спрычыніўся да магілёўскай суполкі «Рушанне», што займалася грамадскім адукаваннем, праводзіла лекцыі па шырокім спектры тэм — ад сацыяльна-грамадскіх да палітычных і культурніцкіх. Яўген час ад часу выконваў функцыі лектара. Браў ён і ўдзел у курсах «Мова нанова».

«Яўген стаў сапраўдным героем універа, калі ў МДУ імя Куляшова прыйшлі кадэбісты»
З МДУ Яўгена адлічылі на трэцім курсе. Афіцыйна — за назапашаныя пропускі, але хлопец тады настойваў, што такім чынам з ім паквіталіся за грамадскую дзейнасць і смеласць у адносінах з кадэбэшнікамі, за якую ён атрымаў рэктарскую вымову.
«Яўген стаў сапраўдным героем універа, калі ў МДУ імя Куляшова прыйшлі кадэбісты, і ён спрабаваў абараніць адну з дзяўчат, з якой яны планавалі «прафілактычна» пагутарыць», — расказвае знаёмы.
Напярэдадні ў Магілёве затрымалі групу моладзі, якая планавала адзначыць угодкі Аршанскай бітвы. Пасля гэтага многіх студэнтаў пачалі выклікаць на гутаркі ў дэканаты. Яўген па сваёй ініцыятыве вырашыў іх падтрымаць — з адной з выкліканых дзяўчын, што навучалася на факультэце замежных моў, пайшоў у дэканат і дзейнічаў там як яе адвакат.
«Чэкісты да такога яўна былі не падрыхтаваныя, — расказвае суразмоўца «НН». — Дзяўчыну тую яны адпусцілі, наступстваў для яе ніякіх не было. А вось Яўгену прыляцела: дэкан замежных моў напісаў службовую запіску рэктару, што той нібыта непрыгожа сябе паводзіў, парушаў правілы ўнутранага распарадку. Ну, і так Яўген атрымаў вымову. А пасля яго і адлічылі. Але ўчынак Яўгена атрымаў сапраўды вялікі розгалас у студэнцкім асяроддзі. Дзякуючы менавіта яму ён доўга быў пазнавальным».
Запіс інтэрв'ю з бабулямі і праект пашырэння роднай мовы ў садках
Давучваўся Яўген па гістарычнай спецыяльнасці ўжо за мяжой — у Познаньскім універсітэце імя Адама Міцкевіча.
Яшчэ ў 2005-м Яўген дапамагаў збіраць подпісы ў падтрымку Аляксандра Мілінкевіча, а ў 2006-м паехаў на першую для сябе Плошчу, вырваўшыся ад маці, якая замыкала яго дома, каб не пусціць на пратэсты. Праўда, пасля хлопец быў расчараваны арганізацыяй.
«Плошча не арганізоўваецца ў дзень выбараў. У гэтым сэнсе ні ў 2006, ні ў 2010 Плошчы не было. У 2010-м дзевяць лідараў не змаглі ні пра што дамовіцца і нешта арганізаваць», — заяўляў ён у інтэрв’ю.
Ён быў упэўнены, што ўсё ўдасца інакш у 2015-м, што збярэцца больш за 100 тысяч чалавек, і сілавікі не будуць атакаваць. На жаль, з прагнозам ён памыліўся: выбары 2015-га сталі аднымі з самых прадказальных у гісторыі Беларусі. Народ масава паўстаў ужо ў 2020-м, але сутыкнуўся з моцным сілавым задушэннем і рэпрэсіямі, што працягваюцца па сёння.

Знаёмыя кажуць, што няспраўджаныя палітычныя надзеі і развярнулі Яўгена мацней у грамадскі сектар. Плюс ён ажаніўся, нараджаліся дзеці.
Нейкі час сённяшні палітвязень жыў у Гомелі, працаваў менеджарам у IT, займаўся пастаўкамі малочнай прадукцыі. Нават спрабаваў утрымліваць краму пад Магілёвам — у вёсцы Падгор’е.
У пачатку 2017-га ж прыдумаў ператварыць сваё вечнае хобі — збор інтэрв’ю ў пажылых людзей — у бізнэс. Яго праект GarnySvit прапаноўваў усім ахвотным паслугу па запісе біяграфічных і светапоглядных інтэрв'ю бабуль ці дзядуль на відэа. Найбольш карысталася яна попытам у дзяцей ці ўнукаў, што жылі за мяжой, і самі не мелі магчымасці прыехаць і распытаць сваіх старых пра ўсё на свеце, каб захаваць гэтую памяць нашчадкам.
Ужо ў 2019-м Яўген прасоўваў свой новы праект пад назвай «Вялікая місія маленькай Ядзвігі» — кампанію падтрымкі беларускай мовы ў дзіцячых садках, якая б паступова дазволіла павялічыць колькасць інтэграваных груп, дзе б не менш за 50% адукацыйнага працэсу і камунікацыі адбывалася па-беларуску. (Праект быў названы ў гонар чатырохгадовай Ядзвігі Мудрачэнка, якая ў свой час была адзінай беларускамоўнай дзяўчынкай сярод двух дзясяткаў выхаванцаў групы ў 403-м сталічным садку. Сумеснымі высілкамі бацькоў і выхавальнікаў сітуацыя кардынальна змянілася: праз пару месяцаў у групе па-беларуску размаўлялі амаль усе.)
Пасля 2020 года справы з беларусізацыяй адукацыі пагоршалі. Сваю аддушыну хлопец знаходзіў у традыцыйных спевах, паездках у вёску, удзеле ў народных святах, на якіх яны былі пастаяннымі гасцямі разам з жонкай і дзецьмі (у мужчыны два малыя сыны).

Затрымалі Яўгена 19 верасня 2024 года. Неўзабаве стала вядома пра атаку на беларусаў па справе супрацы з фондамі дапамогі. Па выніку за дапамогу палітвязням на лаве падсудных апынуліся тры чалавекі. 12 чэрвеня 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе ім агучылі прысуды, Яўген атрымаў самае жорсткае пакаранне: 5 гадоў пазбаўлення волі.
«Нягледзячы на тое, што ён апошнім часам адышоў ад палітыкі, ранейшая яго біяграфія і затрыманні за актывізм нікуды не дзеліся, ён быў у спісах, думаю (па інфармацыі «Белпола», у мужчыны — дзевяць адміністратывак — НН). Як вывесілі сцяг над сельсаветам, то пад першым падазрэннем Яўген быў, хоць і не пацвердзілася гэта».
«Памятаю, як ён аднойчы сказаў, што будзе асвятляць беларусаў, нават калі ім гэтага не будзе патрэбна. Яму было абсалютна абыякава, ці хочуць людзі, каб іх адукоўвалі, ці не. Яго бурлівае жыццё вымагала пастаянна ставіць кагосьці на шлях беларушчыны», — апісвае Яўгена яго знаёмы.
Сябры вераць, што беларушчына натхняе яго і за кратамі. І ён натхняе ёй новых знаёмых.
«У наш час у Хрыста была б жоўтая бірка». Былы палітвязень Аляксандр Тарасенка распавёў пра свой досвед за кратамі
«Выйшла ў лес, крычала і плакала». Палітзняволеная расіянка з вокладкі «КП» расказала пра сваё зняволенне і дэпартацыю
«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу
Цяпер чытаюць
Стаў героем Магілёўскага ўнівера, збіраў фальклор, працаваў на беларусізацыю садкоў — расказваем пра Яўгена Бойку, асуджанага за салідарнасць з палітвязнямі

Каментары