Імаверна, вывад войскаў ЗША закране Германію, Італію і Іспанію.

Амерыканскі вайсковы кантынгент у Еўропе, уключаючы баявыя самалёты, караблі, зброю і вайскоўцаў, можа быць зрэзаны на траціну, паведамілі крыніцы NBS News.
Імаверна, вывад войскаў ЗША закране Германію, Італію і Іспанію, якія прэзідэнт Дональд Трамп сёлета крытыкаваў з-за недастатковай, на яго думку, дапамогі ў вайне супраць Ірана, распавялі тры амерыканскія афіцыйныя асобы, яшчэ адзін прадстаўнік заходніх краін і былы чыноўнік ЗША.
У гэтых трох краінах дыслакуецца асноўная частка амерыканскіх войскаў у Еўропе, агульная колькасць якіх складае 80 000 чалавек.
Насуперак папярэджанням саюзнікаў Вашынгтона па НАТА пра рост пагрозы расійскай агрэсіі ЗША могуць вывесці з Еўропы каля 25 000 сваіх вайскоўцаў.
Адзін амерыканскі чыноўнік і іншая крыніца, знаёмая з ходам абмеркаванняў, заявілі, што кантынгент можа быць скарочаны нават напалову, гэта значыць да 40 000 чалавек.
Калі план будзе ажыццёўлены, то гэта стане самым значным скарачэннем вайсковай прысутнасці ЗША на кантыненце з часоў заканчэння Халоднай вайны ў 1990‑х гадах.
Зрэшты, па словах высокапастаўленага прадстаўніка Пентагона і яшчэ двух афіцыйных асоб, ніякіх рашэнняў на гэты момант не прынята.
Каментары