«Трэба прыняць найстражэйшыя меры!» У Салігорску пенсіянерка паскардзілася на тыктокераў, якія здымаюць танцы ў парку
У Салігорску ўжо некалькі гадоў людзі сталага ўзросту кожную нядзелю збіраюцца ў мясцовым Парку чатырох стыхій, каб патанчыць, сустрэцца з сябрамі і прыемна правесці вечар. Гэтыя танцавальныя сустрэчы сталі добрай гарадской традыцыяй і нават набіраюць папулярнасць у TikTok. Але апошні факт, як аказалася, далёка не ўсім даспадобы.

Днямі міністр культуры Марат Маркаў праводзіў у Салігорску сустрэчу з гараджанамі, падчас якой адна пажылая жанчына паскардзілася яму на тое, што блогеры актыўна здымаюць танцы, выстаўляюць іх у тыкток і гэта, маўляў, многіх ад мерапрыемства адпужвае, бо яны не хочуць, каб іх бачылі ў інтэрнэце.
«Наш тыкток проста ззяе салігорскай здымкай. Ні выйсці на вуліцу, ні ў аўтобусе не праехаць — нічога», — наракае яна.
Жанчына сцвярджае, што ў мясцовых органах улады ёй сказалі, што зрабіць нічога не могуць, але ў мінскім парку Чалюскінцаў яна, маўляў, была і там прачытала, што на танцавальнай пляцоўцы здымкі забароненыя. Таму яна просіць Марата Маркава, каб «і ў нашым Салігорску здымкі спынілі».
«Калі звяртаюцца да людзей — мільён раз адно і тое самае. Адказ — не хадзі. Некаторыя гавораць — не хочаце здымацца, то сядзіце дома. Чалавека 78 гадоў пакрыўдзілі, назвалі неадэкватнай, калі яна звярнулася, каб яе не здымалі. Хіба гэта вечар адпачынку? Чаму людзі старэйшага ўзросту, якія арганізоўвалі гэты вечар, цяпер не могуць з-за здымак хадзіць на гэты вечар?
Неяк трэба найстражэйшыя меры прыняць адносна нашых блогераў!» — заклікае жанчына.

Маркаў быў заспеты пытаннем знянацку і не быў гатовы нешта на гэта прадметна адказваць. Яму на дапамогу прыйшоў мясцовы чыноўнік, які адзначыў, што «кожны чалавек хоча мець сваю хвіліну славы», і тое, што людзі хочуць паказаць жыхароў Салігорска — гэта нармальна. У кожным разе, маўляў, гэта пытанне ўнутранае і над ім павінна думаць кіраўніцтва раёна.

Выкладзенае ў тыкток відэа, на якім жанчына задае сваё пытанне, выклікала актыўнае абмеркаванне — больш за тысячу каментароў. Меркаванні падзяліліся — адныя падтрымліваюць жанчыну, але большасць усё ж лічыць, што ад відэа больш карысці, чым шкоды:
«Каму яны замінаюць, не хочаш — не глядзі. Я з задавальненнем гляджу. Усё цывілізавана, прыстойна, неадэкватных не відаць. Умейце радавацца разам з людзьмі».
«На сто працэнтаў правільна, многія людзі не хочуць, каб іх глядзеў увесь свет, а хочуць прыйсці і патанцаваць спакойна для сябе… У нас у горадзе таксама пастаянна сваркі праз гэтыя здымкі… Многія ўжо на такія танцы не ходзяць толькі праз гэта…»
«Вельмі прыемна глядзець, усе такія ўбраныя, энергічныя. Настрой падымаецца. Падабаецца глядзець, як танцуе Наташа. Хто проста шпацыруе па парку, нават не трапляюць у кадр».
«Хай едзе на дачу і там здымаць не будуць. Наш Салігорск глядзіць увесь свет. І пішуцца добрыя водгукі. Мае сябры з Германіі таксама былі неаднойчы на танцах, былі вельмі задаволеныя».
«Што значыць: «Не хочацца здымацца — сядзіце дома???» Гэта маё права — сядзець дома ці наведваць танцавальныя пляцоўкі, тыя ж пляцоўкі адпачынку. Але нікому не дадзена права здымаць мяне толькі таму, што камусьці гэтага хочацца. І далёка не я адна такой думкі з майго асяроддзя. А жанчыне рэспект і павага за гэта пытанне. Хочацца спадзявацца, што міністр культуры гэтае пытанне возьме на заметку і вырашыць яго станоўча (адносна зададзенага пытання)».
«Забараніць, можа, і не трэба, але забяспечыць людзям, якія не жадаюць трапляць у аб'ектыў камер чужых тэлефонаў, пэўную «бяспеку». Гэта ненармальна, калі чалавек кажа «не здымайце мяне», а чуе ў адказ абразы і прапановы «не хадзіць» ці «сядзець дома».
«Вашы танцы ў Салігорску — гэта эталон прыгажосці. Людзі прыгожыя. Уборы годныя. На вашы танцы глядзіш — жыць хочацца».
«У Гомелі танцпляцоўку падзялілі на дзве часткі: на адной здымаюць, а на другой — не. Таму праблем няма. Усё можна вырашыць».
У Беларусі множацца пляцоўкі для танцаў на свежым паветры — паглядзіце, як адпальваюць разам моладзь і пенсіянеры ў Серабранцы
Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць
«Дарагія, весяліцеся, гуляйце і куралесьце. Няхай на старасць у вас будзе запас добрых перажыванняў». Апошні год Святланы Курс — у яе допісах
Каментары